Ці баяцца дрывянога войска?


Сярэдняму расейцу цяжка не ведаць пра мадэрнізацыю расейскага войска – рэпартажы пра ўзбраенне яго звышсучаснай тэхнікай, якая не мае аналагаў у свеце, не сыходзяць з экранаў тэлевізараў. Але ў якасці паліва, як і дзвесце, і чатырыста гадоў таму, войска выкарыстоўвае… дровы.

Энерганосьбіт каменнага стагоддзя

У краіне, якую часам называюць нафтагазавай дзяржавай, далёка не ўсе маюць доступ да карыстання вуглевадародамі або нават простым вуглём. Дзедаўскім метадам, дровамі, абаграваюцца шпіталі, турмы, дамы культуры, суды. Нават кампанія, якая мае непасрэднае дачыненне да прыроднага газу – «Газавая гаспадарка» Новалялінскай гарадской акругі Свярдлоўскай вобласці – вымушаная набываць дровы.

У Крыме, з якога Расея намагаецца зрабіць альтэрнатыву вядучым курортам свету, санаторый «Сімеіз», рэспубліканскі процісухотны санаторый імя Баброва, дзіцячы санаторый «Іскра» таксама не абыходзяцца без дроваў.

Але найбуйнейшым спажыўцом архаічнага паліва з’яўляецца расейскае войска. 26 лютага 2018 года абʼяднанае стратэгічнае камандаванне ўсходняй ваеннай акругі заключыла кантракт з кампаніяй «Аканіт» на пастаўку 4945 кубаметраў дроваў на суму больш за 10 мільёнаў рублёў ($ 178 тыс.).

Патрабаванне да дроваў прапісанае па-вайсковаму строга: яны павінны адпавядаць аднаму з чатырох тыпаразмераў – чвэрць метра, трэць метра, паўметра або метр. Адхіленне даўжыні палена ад дзяржаўнага стандарту 1988 года дапускаецца не больш, чым на 2 сантыметры. У дровах не дапускаецца вонкавая трухлявая гніль, а вось «ядравай і забалоннай гнілі дапускаецца не больш за 65% плошчы тарца».

І гэты закуп дроваў – далёка не адзіны. Цягам 2017 году камандаванні ваенных акругаў правялі каля 30 тэндараў на пастаўку дроваў на агульную суму ў 280 мільёнаў рублёў ($ 4,5 млн).

Агульны аб’ём набытага ваеннымі дагістарычнага паліва – больш за 80 тысяч кубаметраў. Гэта больш за дваццаць чыгуначных складаў кіламетровай даўжыні. Калі верыць адкрытым дадзеным, што колькасць расейскага войска складае каля 800 тысяч асобаў, то на кожнага вайскоўца, ці то генерал, ці то шараговец, прыходзіцца 0,1 м3, гэта значыць каля 50 кілаграмаў дроваў.

Цяжкае ваеннае становішча

Чаму сучаснае войска ў нафтагазавай дзяржаве вымушанае выкарыстоўваць дровы? Цалкам верагодна, што праз ашчаджанне – замена старых печак-буржуек і палявых кухняў на сучасныя аналагі патрабуе выдаткаў, а грашовыя справы ў вайскоўцаў зусім не такія добрыя, як прынята думаць. Прынамсі, некаторыя вайсковыя часткі афіцыйна прызнаюць сваё «цяжкае фінансавае становішча».

Гэты аргумент яны выкарыстоўваюць у арбітражы, калі контрагенты спрабуюць выбіць з войска пазыкі. Так, у рашэнні суда ад 22 снежня 2017 года ў позве «Мосэнергосбыту» да вайсковай часткі 66631 зафіксавана: «Довады адказчыка пра немагчымасць выканання абавязку з прычыны цяжкага фінансавага становішча, наяўнасці запазычанасці перад іншымі крэдыторамі, накладання арышту на грашовыя сродкі або іншую маёмасць адказчыка, адсутнасці бюджэтнага фінансавання, невыканання абавязкаў контрагентамі, добраахвотнага пагашэння пазыкі цалкам або ў частцы на дзень разгляду спрэчкі, выканання адказчыкам сацыяльна значных функцыяў, наяўнасці ў даўжніка абавязку па выплаце адсоткаў за карыстанне грашовымі сродкамі самі па сабе не могуць служыць падставаю для паніжэння няўстойкі».

У мінулым годзе ў бядотным становішчы з фінансамі прызнаваліся перад судом вайсковыя часткі з нумарамі 7405, 7605, а яшчэ гарнізонная камунальна-эксплуатацыйная частка дывізіі імя Дзяржынскага, армавірскія спецназаўцы, маракі Далёкага Усходу, сувязісты з Падмаскоў’я і Ленінградскай вобласці.

Калі верыць рыторыцы, што распаўсюджваюць расейскія медыі, войска Расеі выглядае пагрозліва. Але не варта перабольшваць пагрозу, што сыходзіць ад жаўнераў, якія грэюцца ад падпаленых паленаў.

Юрый Лабуноў, belsat.eu

Стужка навінаў