Ці Святлана Ціханоўская сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім ва Украіне?


Святлана Ціханоўская падчас другога візіту ў Польшчы размаўляла з кіраўніком ураду аб праграмах, якія вырашаць праблемы беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Наступны замежны візіт лідарка дэмакратычнай Беларусі, як яе назвалі ў Варшаве, плануе ў Кіеў. Ці пазіцыя па Крыме дазволіць ёй сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім?

Працаваць у Польшчы на падставе гуманітарнай візы дазволяць беларусам, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, палітычным пераследам ці звальненнямі. Пашырыцца спіс праграмаў для студэнтаў, а рэальнаю дапамогаю ўжо займаюцца профільныя фонды…

Святлана Ціханоўская, нацыянальная лідарка Беларусі:

«Польскі бок робіць вельмі шмат для дапамогі беларускаму народу. Больш за нейкую іншую краіну. Цяпер нам патрэбная дапамога псіхалагічная, медычная, студэнцкія праграмы. […]

Вы – нашыя сябры, нашае падтрыманне цяпер, як і шмат якія іншыя краіны свету. Проста вы бліжэй да нас і лепш разумееце, што адбываецца. Увесь Еўразвяз устаў на нашае падтрыманне ў беларускім пытанні».

Некаторыя буйныя еўрапейскія краіны раней, а рэшта пасля апошняга саміту Еўразвязу пацвердзілі медыям рашучасць паклапаціцца пра Беларусь пасля адыходу лукашэнкаўскай вертыкалі: ратаваць эканоміку, вярнуць на радзіму сотні ІТ-прадпрыемстваў, што ўцяклі за мяжу падчас пагромаў сілавікоў, і гэтак далей. Рыхтуе Беларусь да гэтай працы ды наладжвае кантакты з партнёрамі будучыні Святлана Ціханоўская.

ВІДЭА
План для Беларусі без Лукашэнкі
2020.09.18 17:05

Уладзімір Кобец, Цэнтр беларускай салідарнасці, Варшава:

«Ад імя ўсіх беларусаў мы просім вас выканаць мандат, які вам даў беларускі народ, і мы вам ува ўсім дапаможам».

Святлану Ціханоўскую на перамовах у Францыі, Нямеччыне, Славаччыне, Літве і Польшчы суправаджаюць ейныя дарадцы. Кожны ў сваёй галіне, яны кажуць аб праблемах, якія трэба развязваць.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных справах:

«Кароткатэрміновая перспектыва – гэта правы чалавека, гэта падтрымка «Белсату», Праграма Каліноўскага, студэнты і гэтак далей. А доўгатэрміновая – гэта макрападтрыманне, калі гаворка пойдзе пра новаўтвораныя праекты Еўракамісіі, траншы Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банку».

Еўропа з захапленнем глядзіць на настойлівасць пратэстоўцаў і падтрымлівае іх маральна, каб не сумняваліся ў добрым выніку распачатай справы.

Пра гэта вялося на сустрэчы ў Польшчы з прэм’ер-міністрам Матэўшам Маравецкім, з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Кшыштафам Шчэрскім. Святлана Ціханоўская выступала таксама на адкрыцці навучальнага года ў Каледжы Еўропы, дзе акрэсліла сваё галоўнае адрозненне ад былога кіраўніка Беларусі, які ў замежнай палітыцы заўжды пераследаваў толькі ўласныя інтарэсы:

«Беларусы хочуць будаваць новую дэмакратычную краіну, якую ў свеце будуць разглядаць як надзейнага міжнароднага партнёра. Краіну, лідар якой будзе адлюстроўваць волю народу».

ВІДЭА
Закрытая размова Мэркель з Ціханоўскай. Што раскрыў яе дарадца?
2020.10.09 08:34

Лукашэнка аддае загад сачыць за іншадумцамі і караць іх, гуртуе вакол сябе кішэнных чыноўнікаў ды ездзіць па прадпрыемствах, імітуючы сваю легітымнасць, Ціханоўская мае іншыя заданні.

Вольга Харламава, палітолаг, Менск:

«Перш за ўсё, гэта прадстаўленне інтарэсаў людзей, якія пацярпелі ад уладаў Беларусі на сёння. Гэта хіба самы галоўны праект».

Зʼязджаючы з Польшчы, Ціханоўская пакінула спіс рэкамендацыяў для спрашчэння атрымання дапамогі рэпрэсаванымі. Наступны ў ейным еўрапейскім турнэ візіт у суседнюю Украіну, якая таксама не прызнала Лукашэнкі легітымным. У Кіеве яе чакае сустрэча з лідарамі парламенцкіх фракцыяў, магчыма, на ўзроўні спікера парламенту і з міністрам замежных справаў, але… не з прэзідэнтам.

«Наколькі Зяленскі здольны і гатовы сустракацца з Ціханоўскаю цяпер – пытанне досыць складанае, бо ва Украіне не надта спрыяльная эпідэмічная сітуацыя, і там цяпер мясцовыя выбары», – разважае Вольга Харламава.

Палітолаг з Кіева Алег Саакян называе яшчэ адно супраць для асабістага знаёмства Ціханоўскай і Зяленскага:

«У стасунках з беларускаю апазіцыяй паміж намі – Крым. Спадарыня Ціханоўская наўпрост і адназначна не адказвае на пытанне аб прыналежнасці Крыму Украіне. Таму сустрэча з ёю можа стварыць глебу для крытыкі з аднаго боку, а з іншага – паставіць у вельмі нязручную сітуацыю ўкраінскую ўладу ва ўзаемаадносінах з беларускаю элітаю. Бо калі для Еўропы гэта пытанне дэмакратычных каштоўнасцяў, то для Украіны гэта пытанне яшчэ і большае, чым 1000 кіламетраў мяжы».

ВІДЭА
Крэмль у тупіку. Каму Пуцін прадае Лукашэнку?
2020.10.16 13:16

Украіна за дэмакратычныя змены ды супраць узурпацыі ўлады Лукашэнкам, але і востра супраць дыялогу з Пуціным, у адрозненне ад Святланы Ціханоўскай.

«Яна неаднаразова падкрэслівала сваё жаданне ды сваю гатовасць размаўляць і з усходнім бокам», – адзначае палітолаг Вольга Харламава.

Пра тое, што Беларусь не ідзе на Усход ці на Захад, а імкнецца да самастойнасці ды нейтралітэту, Ціханоўская казала і падчас апошняга візіту ў Польшчу.

Варшаве ж на гэты момант хапае факту, што праціўнікі Лукашэнкі хочуць сябраваць з цывілізаванымі краінамі, прававой дэмакратычнай дзяржавы і адмаўляюцца ад «паглыбленай інтэграцыі» з Расеяй. Гэткая «фінляндская» мадэль у Беларусі была б значна больш прадказальная і бяспечная для Захаду.

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: facebook.com / zelenskiy95, Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Стужка навінаў