Ці стане дзяўчына з сіндромам Даўна тварам беларускага мадэльнага агенцтва?


У сакавіку мадэльнае агенцтва «K&Q Models» абвесціла конкурс «Лицо K&Q-Models». Конкурс падзелены на некалькі этапаў, каб прагаласаваць за ўпадабаную мадэль, трэба паставіць «лайк» пад фота ў сацыяльных сетках мадэльнага агенцтва. Сярод галоўных прэтэндэнтак на перамогу – дзяўчынка з сіндромам Даўна – Таня Філонец. Мы пагаварылі з ейнаю мамай, Кацярынай Філонец, аб мадэльным бізнесе і планах на будучыню.

Мадэльны бізнес – гэта была Таніна мара, і я паспрабавала яе ажыццявіць. Фотамадэль можа мяняць шмат вобразаў, як акторка. Перадаваць розныя эмоцыі, а фота захоўвае іх. Таня шмат працуе, каб стаць мадэллю. Яна скончыла школу нестандартных мадэляў «K&Q Models», пастаянна глядзіць паказы на «Youtube’е», разам мы ходзім на BFW: Тыдзень моды ў Беларусі. Я стала ейнаю настаўніцай па дэфіле, дапамагаю ёй як візажыстка і стылістка. Таня натхняецца паспяховымі прыкладамі нестандартных мадэляў. Лічыць, што вельмі прыгожая Шантэл Ўіні, якая вядомая тым, што зрабіла карʼеру мадэлі, пакутуючы ад парушэння пігментацыі скуры. Мая дачка таксама марыць трапіць на вокладку «Vogue» і адкрыць сваю мадэльную школу.

Ці цяжка ёй даказваць, што яна можа стаць мадэллю? Бо такі маленькі ўзрост, яшчэ толькі 14 гадоў!

Ёй нескладана, хутчэй, складана мне. Бо гэта вельмі неадназначны бізнес, і бачыць там дзяўчыну з сіндромам не ўсе гатовыя. Узрост, вядома, таксама не проста, было шмат негатыву, людзі асуджаюць яркі макіяж і экстравагантныя вобразы. Але ж гэта ўсяго толькі вобраз, у жыцці Таня звычайны падлетак.

Ці адчувае Таня дыскрымінацыю ў беларускім грамадстве?

Дыскрымінацыю адчуваю больш я. У медыцыне, калі браць педыятрыю, яшчэ нічога. Але такія дзеці аўтаматычна ставяцца на ўлік да псіхіятра і вось там лекары не бачаць дзяцей як асобаў, для іх мы шэрая маса сіндрому. Менавіта псіхіятры вырашаюць, дзе будзе вучыцца дзіця і ці можа працаваць.

Што да нашай сітуацыі, Таня вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе і там праблемаў няма. Усе вельмі добра да яе ставяцца, у школе ёсць сябры. Я гатовая да цяжкасцяў і ганаруся сваім асаблівым дзіцём.

ЛП belsat.eu

Стужка навінаў