Ці сапраўды ў Літве знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага?


Кіраўнік даследавання па ідэнтыфікацыі парэшткаў паўстанцаў, прафесар Кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэту Рымантас Янкаўскас у інтэрв’ю belsat.eu адзначыў, што пакуль рана казаць пра тое, што ў Літве былі знойдзены парэшткі Кастуся Каліноўскага.

Апошнім часам у інтэрнэце распаўсюджваецца інфармацыя, што падчас раскопак у Вільні археолагі знайшлі парэшткі Кастуся Каліноўскага – аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 года супраць Царскай Расеі і нацыянальнага героя Беларусі.

«Я не ведаю, адкуль ідуць такія чуткі, нічога не ідэнтыфікавана, – падкрэслівае Рымантас Янкаўскас, – Есць меркаваны кандыдат, круг пошукаў звузіцца, але парэшткі не ідэнтыфікаваныя, пакуль не праведзены генетычныя даследаванні. Я не ведаю, адкуль ужо 2-й дзень такія чуткі ходзяць па ўсёй Беларусі, звоняць, пішуць».

Прафесар дадаў, што з беларускага боку даследчыкі ніякай інфармацыі і ніякіх афіцыйных запытаў па тэме парэшткаў Каліноўскага не атрымоўвалі.

Рымантас Янкаўскас. Фота – 15min.lt

Асноўная праблема цяпер у тым, што ДНК парэшткаў, якія могуць належыць Каліноўскаму, няма з кім параўноўваць.

«Калі будуць сваякі, па такой лініі, якая падыходзіць для ідэнтыфікацыі альбо правядзецца эксгумацыю магілы сваякоў у Свіслачы, тады можна вельмі хутка ідэнтыфікаваць, цягам 1-2-х тыдняў. Апошні наш досвед паказаў, пару тыдняў таму ў Вільні, у пятніцу раскапалі, а ў сераду мы ўжо мелі адказы генетычнай экспертызы», – адзначыў ён.

Рымантас Янкаўскас таксама паведаміў, што літоўская дзяржаўная камісія прыняла рашэнне, што парэшткі ўсіх паўстанцаў будуць пахаваны ў капліцы на могілках «Росы».

Ганна Русінава, belsat.eu

Стужка навінаў