Ці расейцы лічаць беларускае войска надзейным? Інтэрв'ю з Паўлам Фельгенгаўэрам


У рукаве Аляксандра Лукашэнкі ёсць яшчэ запасныя карты для гульні з Уладзімірам Пуціным. Кіраўнік Беларусі доўга здолее супраціўляцца паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Што думаюць у Маскве пра заходнія манеўры афіцыйнага Менску? І чаму Расея не падтрымлівае Беларусі – свайго найбліжэйшага саюзніка – самым сучасным узбраеннем? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Паўлам Фельгенгаўэрам, вайсковым аглядальнікам расейскага выдання «Новая газета» і аналітыкам амерыканскага цэнтру Джэймзтаўнскі фонд.

Пытанне пра нафтавы крызіс у дачыненнях Менску і Масквы. Як доўга Лукашэнка можа супраціўляцца?

Можа. Я не думаю, што Беларусь адразу ўпадзе. Вядома, ёсць нейкая розніца ў цане, і нават калі будуць закупляць праз краіны Балтыі ці Польшчу, розніца ўсё роўна будзе. Таму не думаю, што беларускі рэжым адразу абрынецца. Нават думаю, што не.

Якія карты яшчэ мае Лукашэнка, што ён можа прадэманстраваць? Прыехаў Пампэа ў Менск, нейкія манеўры на заходнім напрамку, нават зладзілі правяранні ў войску. Што яшчэ застаецца з аргументаў, якія можна прадэманстраваць у Маскве?

Увогуле аргументаў шмат, бо беларускія і расейскія сувязі вельмі глыбокія. Калі з’явіцца сітуацыя, як у Расеі з Грузіяй, потым з Украінай, а да гэтага з краінамі Балтыі, разрыў сувязяў, то абодва бакі могуць адзін аднаму нашкодзіць. Вядома, Расея можа нашкодзіць Беларусі больш. Досвед паказвае: калі пачынаюць закручваць вінты, то ў выніку яны ламаюцца. Дрэнна будзе ўсім, але ў выніку і Грузія засталася жывая, хоць там было шмат чаго: і ВПК, і авіяцыйны завод. У Беларусі цяпер шмат вырабляецца для Расеі. Гэта важна не толькі для Беларусі, але і для Расеі. Такія прыклады, калі былыя савецкія рэспублікі рвалі адносіны з Расеяй, ёсць. Усім робіцца нядобра, але ў выніку ўсе выжываюць. Таму яны могуць адзін аднаму пальцы адціскаць, пакуль пальцаў не застанецца.

Як вы, а таксама вашыя калегі-эксперты ў Маскве ўспрымаюць заходні манеўр Лукашэнкі ды іншыя заходнія дзеянні, якія назіраюцца апошнімі месяцамі?

Пакуль кажуць, што гэта шантаж. Павырабляюцца, але да чагосьці дамовяцца. У сапраўдны разрыў, як з Грузіяй і Украінай, у Маскве ніхто не верыць. Мяркуюць, што Лукашэнка ўрэшце павінен зразумець: ад Расеі нікуды яму не падзецца. У Менску таксама выказваюць такое меркаванне, што Беларусь вельмі залежыць ад Расеі, і, падобна, такога намеру, каб па-сапраўднаму разарваць усе кантакты паводле эстонскага сцэнара, не мае ні адзін, ні другі бок. Але мэты даволі розныя. У Маскве хочуць дамовіцца на падставе таго, што можна скласці ашчадны план: у канчатковым выніку гэта будзе план інтэграцыі, паглынання Беларусі. Можна гэты працэс расцягнуць на доўгія гады, рабіць гэта вельмі павольна, але рухацца дакладна. Што, відаць, зусім не задавальняе Лукашэнку і значную частку беларускага народу. І гэта праблема, бо кожны раз дамаўляюцца пра нейкія тактычныя кампрамісы, але прынцыповыя пытанні не развязваюцца. Прынцыповае пытанне для Расеі – ператварэнне Саюзнай дзяржавы спачатку з канфедэрацыі ў нейкую дзеяздольную федэрацыю. Значнай жа частцы беларусаў, уключна з Лукашэнкам, гэта не вельмі цікава. А любы кампраміс носіць часовы характар.

ВІДЭА
Лукашэнка і NATO шукаюць адказ на ракеты Пуціна
2020.02.17 13:38

Пытанне пра супрацу ў вайсковай сферы. Былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка напісаў артыкул, у якім заявіў, што беларускія ўзброеныя сілы практычна не адрозніваюцца ад расейскіх. Розніца толькі ў кроі мундзіраў і шаўронаў. Вы згодныя з гэтым? І як бы вы ўвогуле ацанілі супрацу з Менскам у вайсковай сферы?

Супраца ёсць, адрозненні, дарэчы, таксама ёсць, і яны становяцца больш значнымі. Так, калісьці, усе выйшлі з савецкага шыняля, і ўсе былі падобныя. Але з таго часу Расея, асабліва за апошнія гады, пачала мяняцца тэхналагічна. Тэхналагічна расейскія ўзброеныя сілы сённяшняга ўзору адрозніваюцца ад тых, што былі дзесяць гадоў таму. У нас ёсць беспілотнікі ізраільскага ўзору. Мы навучыліся імі карыстацца, прычым даволі эфектыўна для карэкцыі артылерыйскага і залпавага агню, як паказалі, напрыклад, баі каля Ілавайску ў 2014 годзе. У Беларусі такога няма. У Беларусі ўсё ж больш савецкія ўзброеныя сілы. Расейскія сілы пачалі тэхналагічна прагрэсаваць у бок Захаду, будаваць сістэмы інфармацыйнай інтэграцыі на полі бою. Розніца расце. Вядома, нейкае ўзбраенне Расея пастаўляе Беларусі, але не ўсё. Таму розніца ёсць, але яна пакуль не вельмі вялікая. Арганізацыя сапраўды больш-менш падобная, камандная мова расейская. Таму пакуль усё можа працаваць.

Чаму тады Расея найбліжэйшаму саюзніку не дае ці ў абмежаванай меры дае сваё самае сучаснае ўзбраенне? Напрыклад, самалёты Су-30 Беларусь купляе. А вось з ракетамі – праблема. Лукашэнку з дапамогаю кітайцаў прыйшлося ствараць сістэмы «Паланэз», каб атрымаць такога тыпу ўзбраенне. Расея не захацела перадаць Беларусі, я ўжо не кажу пра танкі. Беларускія танкі састарэлыя ў параўнанні нават з расейскімі Т-90. У чым праблема, чаму не падтрымліваюць саюзнікаў самым сучасным узбраеннем?

Значыць, не разглядаюць яго настолькі як саюзніка. Магчыма, пабойваюцца, што хтосьці азнаёміцца з сучаснымі ўзорамі тэхнікі. Штосьці пакуль нельга было прадаваць. Напрыклад, наш найлепшы беспілотнік «Фарпост». Ён ізраільскі ліцэнзійны. Ён прызначаны на экспарт. Цяпер робяць «Фарпост-Э», які будзе мясцовы, лакалізаваны. Яго, магчыма, будуць прадаваць. А на ім цяпер будуюць увесь агульнавайсковы бой – на выкарыстанні беспілотнікаў. Даволі хутка і эфектыўна навучыліся імі карыстацца ў расейскім войску.

Яшчэ нядаўна не было такой зброі ў Расеі, некалькі гадоў таму.

Пасля грузінскай вайны зразумелі, што беспілотнікі – гэта вельмі важна. Бо ў грузінаў былі ізраільскія беспілотнікі. Яны бачылі, што робіць Расея, а нашыя наагул не бачылі. Па-старому ваявалі. І зразумелі, што гэта сурʼёзна, адразу набылі ў Ізраілі, заплацілі мільярд-другі долараў, купілі ліцэнзію і наладзілі вытворчасць. Цяпер спрабуюць рабіць свае. Дасюль з гэтым праблемы, але якасць змянілася. Расейскія вайскоўцы навучыліся хутка карыстацца імі. Нават амерыканскі генерал мне казаў, што ён здзіўлены, наколькі хутка мы навучыліся ваяваць, як ваююць яны ды Ізраіль. Маўляў, мы ад вас такога не чакалі. Але пакуль іх не даюць Беларусі, наўпроставай інтэграцыі ўзброеных сілаў няма. Відаць, Беларусь разглядаюць як такія дапаможныя войскі, якія могуць быць выкарыстаныя, а могуць і не быць. І, відаць, не лічаць іх дастаткова надзейнымі.

А Лукашэнка – надзейны ваенны саюзнік Расеі? Фармальна – так. А дэ-факта? Ці можна на яго разлічваць, калі што?

На Бугу пакуль няма ніякай канцэнтрацыі сілаў, ні з таго, ні з другога боку. Гэта не час халоднай вайны, калі ў Турынгіі, каля Фульдскага калідору абодва бакі сканцэнтравалі магутныя сілы. З нашага боку больш, з іхнага менш. Але дзясяткі тысяч танкаў, сотні тысячаў байцоў стаялі напагатове, каб пачаць вайну. Цяпер на Бугу нічога такога няма. Праўда, будуць праводзіць гэтыя манеўры «Defender», і там зʼявіцца амерыканская танкавая дывізія. Іхная танкавая дывізія большая за нашую прыблізна ў два разы, але ўсё роўна пакуль мала. Таму няма ніякай пастаяннай канцэнтрацыі сілаў. Пагрозы наўпроставай пакуль няма. А калі яна там зʼявіцца, то ўжо, відаць, будзе аператыўны план высоўвання. Для гэтага праводзяцца манеўры «Захад» з удзелам Беларусі. Беларусь, вядома, важная, бо ідзецца пра Варшаву, Берасце, Менск, Смаленск, Маскву. Гэта дарога, па якой заваёўнікі ідуць у Маскву, а потым расейцы ідуць назад, таму беларуская вайсковая акруга заўсёды была галоўная. Пакуль гэтага няма, але няма і сталай пагрозы, а таму няма такой неабходнасці.

Калаж з фота: president.gov.by, rusmuseumvrm.ru

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 14.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

Стужка навінаў