Ці Пуцін выведзе сваё войска з Малдовы?


Прыднястроўе – гэта тэрыторыя па-за межамі румынскай нацыі. Так лічыць Дан Ніку, палітолаг з Малдовы. У Кішынэве, сталіцы гэтай дзяржавы, ветэраны вайны за незалежнасць патрабавалі, каб расейскае войска пакінула яе тэрыторыю. Расейскі кантынгент з пачатку 1990-х застаецца на левым беразе Днястра. Тады гэтак званае Прыднястроўе аддзялілася ад Малдовы і абвесціла не прызнаную нікім незалежнасць. Кішынэў спрабаваў сілай утрымаць цэласнасць, але не ўдалося. Малдаване імкнуцца развязаць замарожаны на 30 гадоў канфлікт. На якіх умовах магчыма аб’яднаць краіну? Як палітыка Масквы «падзяляй і ўладар» выглядае ў дачыненні румынскага народу? Малдова – Румынія, Карэлія – Фінляндыя: у чым падабенства? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Данам Ніку*, палітолагам з Малдовы.

Ветэраны вайны за незалежнасць Малдовы, якая была 30 гадоў таму, выйшлі ў Кішынэве на пратэст. Чаму менавіта цяпер і чаго яны патрабавалі?

У першую чаргу яны патрабавалі, каб ім дзяржава забяспечвала надбаўкі ці ільготы. Ільготы, якія яны цяпер атрымліваюць, вельмі маленькія.

Колькі атрымліваюць ветэраны вайны за незалежнасць Малдовы?

Ільготы ветэрана вайны за незалежнасць цяпер прыблізна 5 еўраў. Гэта 100 малдаўскіх леяў.

Ну, гэта смешна.

Гэта смешна. Яны патрабавалі хоць бы ў 5 разоў больш. Хоць спачатку яны патрабавалі нават у 10 разоў больш. 50 еўраў – гэта хоць нейкая псіхалагічная столь. Вядома ж, дзяржава павінная забяспечваць іх больш, чым забяспечвае цяпер.

Гэта эканамічнае патрабаванне, але акрамя таго яны патрабавалі вывесці расейскія войскі, якія да сёння амаль 30 гадоў як размешчаныя на тэрыторыі Малдовы дэ-юрэ, а дэ-факта на тэрыторыі не прызнанай нікім ПМР. Наколькі рэальна, што Пуцін наагул пагодзіцца хоць калі-небудзь на тое, каб расейскія вайскоўцы сышлі з Малдовы?

Пуцін пагадзіўся б, каб расейскія вайскоўцы сышлі з Малдовы, толькі ў тым выпадку, калі Прыднястроўе будзе зноў інтэграванае ў склад Малдовы, але на ўмовах Тыраспалю, то бок на ўмовах Прыднястроўя, то бок на ўмовах Масквы. Афіцыйная пазіцыя Масквы заключаецца ў тым, што расейскія войскі там адыгрываюць выключна міратворчую ролю, якая мусіць працягвацца да таго часу, пакуль не будзе знойдзенае палітычнае развязанне канфлікту. Гэта значыць, Расея звязвае вывад сваіх войскаў з палітычным развязаннем канфлікту.

Якім яно можа быць? Ці можа быць такое развязанне, якое задаволіць і Маскву, і Тыраспаль, і Кішынэў?

Гэта толькі ў тым выпадку, калі Кішынэў не будзе тым Кішынэвам, якім ён быў апошнія дзесяцігоддзі. Гэта толькі ў тым выпадку, калі адбудзецца нейкі форс-мажор, напрыклад, яшчэ адна вайна, і ў Кішынэве ўжо затрымаюцца ва ўладзе на вельмі шмат гадоў нейкія прарасейскія сілы. Калі яшчэ ва ўладзе быў Уладзімір Варонін, які быў прарасейскім прэзідэнтам, ён адмовіўся ад федэралізацыі ў 2003 годзе, якая прадугледжвала, што гэтыя расейскія войскі застануцца там на доўгія дзесяцігоддзі. Цяпер пагатоў федэралізацыя не задавальняе Кішынэву, але федэралізацыя – гэта тое, што патрабуе Масква. То бок Масква патрабуе, каб у Тыраспалю быў рычаг уплыву на вонкавую палітыку Малдовы, каб Малдова ніколі не магла стацца, напрыклад, сябрам Еўразвязу або сябрам NATO.

Акрамя ветэранаў, цяпер пра гэта кажа і прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. Ідзецца, дзіўна даволі, пра вывад расейскіх боепрыпасаў з Прыднястроўя. Гэта значыць, калі выведуць боепрыпасы, то ў будучыні, магчыма, і войскі. Наколькі гэта рэальна?

У першую чаргу трэба казаць, што гэтыя боепрыпасы вельмі старыя ды яны ўжо нядобра ўплываюць і на навакольнае асяроддзе. Яшчэ ў пачатку двухтысячных гадоў пад эгідай АБСЕ частку гэтых боепрыпасаў выводзілі з Малдовы, але цяпер, калі існуе праблема з Украінаю, нерэальна казаць, што гэтыя боепрыпасы можна выводзіць наземным шляхам праз Украіну. Але палітычна кажучы, вядома ж, расейцы хочуць паказаць усяму свету, што яны гатовыя да нейкіх дзеянняў, скіраваных у бок міру.

І чакаюць чагосьці ад Кішынэву.

Так, але трэба адзначыць. Вы сказалі Дадон. Дадон – гэта не самастойны палітык, Дадон – гэта палітык, які рэпрэзентуе інтарэсы Масквы і заўсёды будзе казаць тое, што ад яго патрабуе Масква. І гэта не ягоная ініцыятыва, гэта ініцыятыва Масквы, каб яна паўстала перад Кішынэвам з такім гуманным тварам, каб у праеўрапейскіх партыяў (напрыклад, партыя «Дзеянне і салідарнасць» Маі Санду, якая была прэм’ер-міністрам, або дэмакратычная партыя, якая раней кантралявалася Плахатнюком, але цяпер ужо ейным цяперашнім старшынём Філіпам, які таксама быў прэм’ер-міністрам) былі падставы для кааліцыі з партыяй Дадона.

То бок гаворка аб прэзідэнцкіх выбарах увосень, і ён рыхтуецца да выбараў. Але да іх мы яшчэ вернемся праз некалькі месяцаў. Калі паглядзець на мапу, то бачна, што Прыднястроўе – гэта значна меншая частка Малдовы, чым асноўная.

Яна аддзеленая ракою. Якія гістарычныя карані гэтай праблемы – Прыднястроўя і Малдовы? Як даўно гэтая праблема з’явілася?

Прыднястроўе – гэта тэрыторыя па-за межамі так бы мовіць румынскай нацыі, румынскага этнічнага свету. То бок гэта ў асноўным сярэднявечная Малдова і сярэднявечная Валахія, якія потым аб’ядналіся, сфармавалі румынскую дзяржаву. Потым, у 1918 годзе, усходняя частка Малдовы, якая была анексаваная (да кастрычніцкай рэвалюцыі гэта была частка Расейскай імперыі), ізноў аб’ядналася з Румыніяй да ракі Днестр. Але потым савецкаму кіраўніцтву трэба было, каб яны вярнулі назад гэтую частку, частку Расейскай імперыі, і яны стварылі на левым беразе Днястра такую малдаўскую рэспубліку, там толькі 30 % насельніцтва былі этнічныя румыны, малдаване. Там было вельмі змяшанае насельніцтва, і там яны стварылі такую малдаўскую аўтаномную савецкую сацыялістычную рэспубліку. Там яны ў першую чаргу пачалі прапагандаваць усю гэтую тэорыю, што малдаване – гэта асобны народ, пачалі эксперыментаваць з моваю.

Для чаго?

Каб яны маглі ўвасабляць у жыццё сваю палітыку «падзяляй і ўладар» у дачыненні румынскага народу.

І ў 1940 годзе Сталін вызваліў румынаў ад румынаў, атрымліваецца?

Атрымліваецца, што ён вызваліў румынаў ад румынаў, заняўшы ўсходнюю частку Румыніі, але, вядома ж, ён не мог пра гэта заявіць. І таму яму трэба было, каб гэта былі савецкія малдаване. Потым яны гэта падалі так, што савецкі малдаўскі народ аб’яднаўся ў межах Савецкага Саюзу. Яны выкарыстоўвалі тую ж палітыку Карэлія – Фінляндыя.

Там была вельмі падобная сітуацыя: аўтаномная Карэлія і вайна супраць Фінляндыі.

Аўтаномная Карэлія, там Петразаводск. У 1940 годзе гэта стала савецкаю рэспублікаю да 1955-га. Савецкая Рэспубліка Карэлія была 16-аю савецкаю рэспублікаю.

Ці верыце вы ў тое, што наагул калі-небудзь Прыднястроўе і Малдова стануцца адною паўнавартаснаю дзяржаваю? Прайшло ўжо амаль 30 гадоў з дня падзелу.

На левым беразе Днястра, вядома ж, вельмі шмат людзей, якія сімпатызуюць, так бы мовіць, малдаўскай справе. Яны б хацелі вярнуцца ў склад Малдовы, але ў нас ёсць закон, які быў яшчэ ў 2005 годзе прыняты ў парламенце. Там напісана, што Малдова гатовая забяспечваць нейкі адмысловы статус Прыднястроўю пры трох умовах: дэмілітарызацыя, дэмакратызацыя і дэкрыміналізацыя. Ключ ад гэтай праблемы – у Маскве.

Ключ у Маскве гэтак жа, як і ключ аб’яднання Нямеччыны пасля падзення Варшаўскай дамовы і Савецкага Саюзу, які таксама быў у Маскве. Я спадзяюся, што Малдова аб’яднаецца хутчэй чым гэта адбылося з Нямеччынай.

*Дан Ніку скончыў факультэт палітычных навук пры Нацыянальнай школе палітычных і адміністрацыйных даследаванняў у Бухарэсце і магістратуру ў галіне палітычнага аналізу ў тым жа ўніверсітэце. Працаваў журналістам і палітычным аглядальнікам у Румыніі ды Малдове. Супрацоўнічаў з такімі медыямі, як «Adevărul», «Cotidianul», «Timpul». Аўтар дзвюх кніг пра палітычныя працэсы і постсавецкі пераходны перыяд у Малдове. Таксама цікавіцца пытаннямі рэгіянальнай бяспекі на постсавецкай прасторы.

Фота на прэв’ю: Mikhail Metzel/TASS/Forum

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 06.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў