Ці пераможа каронавірус Еўропу?

Пустынная плошча Сяргеля ў Стакгольме пасля рэкамендацыі шведскага ўрада застацца дома ў сувязі з распаўсюджваннем каронавірусу. 23 сакавіка 2020 года. Фота – Ali Lorestani / TT News Agency / Reuters / Forum

Канструктыўнай і прагрэсіўнай альтэрнатывы для аб’яднанай Еўропы няма. Сёння Еўропа знаходзіцца толькі ў пачатку шляху фармавання новай, асаблівай цывілізацыі. Супрацьстаянне эпідэміі каронавірусу і эканамічным наступствам пакажа, ці выжыве гэтая цывілізацыя. Як вядома, любая цывілізацыя развіваецца да таго моманту, пакуль яна здольная эфектыўна рэагаваць на вонкавыя выклікі і пагрозы.

Пачатковы працэс фармавання адзінай Еўропы акурат быў звязаны з неабходнасцю змагацца як з наступствамі сусветнай вайны, так і знешняй пагрозы для свабоднай і дэмакратычнай супольнасці, што ішла ад СССР.

Да канца ХХ стагоддзя ЕЗ цалкам даказаў сваю палітычную і эканамічную жыццяздольнасць. Аднак пэўная палітыка-эканамічная агульнасць Еўропы пакуль не пераўтварылася ў паўнавартасную цывілізацыйную супольнасць, якая б праяўлялася ў эмацыйным адзінстве грамадзянаў Еўропы.

Нацыянальны эгаізм надалей пануе ў еўрапейскай прасторы і свядомасці грамадстваў. Вонкавыя праблемы, выклікі, пагрозы ўзмацняюць менавіта нацыянальны эгаізм, а не еўрапейскую салідарнасць.

Задавальненне аб’яднаннем існуе толькі да таго моманту, калі дзяржавы атрымліваюць канкрэтныя матэрыяльныя даброты ад сяброўства, але калі адзінства патрабуе супольнай мабілізацыі сродкаў і рэсурсаў, калі для гэтага неабходна паступіцца «нацыянальнымі інтарэсамі», узнікаюць непрыманне і адрыньванне абʼяднання і інтэграцыі. У крытычны момант нацыянальныя ўрады пачынаюць пераконваць, што ў межах асобнай нацыянальнай дзяржавы будзе лепшым і больш бяспечным. Больш за тое, гэтыя ўрады пачынаюць перакладаць віну за ўласныя памылкі, некампетэнтнасць і неэфектыўнасць у вырашэнні ўнутраных праблем на структуры ЕЗ. Класічным прыкладам зʼяўляецца «Brexit».

Пустое метро Лондану.
Фота: Gustavo Valiente / Zuma Press / Forum

У сваю чаргу нацыянальны эгаізм становіцца адной з ключавых прычын для зладжанага супрацьдзеяння выклікам. Як паказаў шэраг маштабных крызісаў, міграцыйны, а затым каронавірусны: працэс калектыўнага прыняцця і адабрэння рашэнняў, цэлы шэраг абмежаванняў у кампетэнцыях структур ЕЗ прыводзіць да запазнення ў ацэнцы, распрацоўцы, выбары і рэалізацыі неабходных захадаў для барацьбы з надзвычайнымі сітуацыямі. Узгадненне пазіцыяў, агульнае адабрэнне патрабуе шмат часу, якога ў крызісных сітуацыях практычна няма.

Hавiны
Банкруцтвы і касмічныя выдаткі: каронавірус павольна забівае сусветную эканоміку
2020.03.17 18:33

Еўрапейскія нацыянальныя ўрады не жадаюць адмаўляцца ад сваіх паўнамоцтваў на карысць цэнтральных еўрапейскіх органаў, пярэчаць (часам дзейнічаюць насуперак) стварэнню і ўзмацненню новых наднацыянальных структур, таго ж войска, службы бяспекі, сістэмы аховы здароўя і г.д. Аднак у крытычны момант гэтыя ж урады патрабуюць ад еўрапейскіх структур хуткіх, а галоўнае эфектыўных захадаў.

Барацьба з каронавірусам павінна даць штуршок для новага этапу ў эвалюцыі Еўрапейскага Саюза, які заключаецца ў паглыбленні ўнутранай палітычнай кансалідацыі і цэнтралізацыі адзіных наднацыянальных еўрапейскіх структур. Як вынік, павінна адбыцца фармаванне адзінага еўрапейскага ўрада з адпаведнымі службамі, што стане завяршальным этапам фармавання еўрапейскай цывілізацыі.

Дэзінфекцыя ў будынку Еўрапейскай Рады ў Бруселі.
Фота: FRANCOIS WALSCHAERTS / Reuters / Forum

Калі ж нацыянальны эгаізм пераможа, Еўропу чакае працэс дэзінтэграцыі, наступствы якога прывядуць да вялізнай эканамічнай і палітычнай шкоды для ўсіх дзяржаваў кантынента. Мяркую, што антыеўрапейская рыторыка з паглыбленнем крызісу будзе ўзмацняцца. Але відавочна, што ад «уцёкаў» з Еўропы выйграюць толькі асобныя палітычныя групы, а грамадствы прайграюць.

Толькі дэнансацыя шэнгенскіх пагадненняў прывядзе да велічэзных і неаднаўляльных эканамічных страт і выкліча небывалае сацыяльнае напружанне. Чаго будуць каштаваць аднаўленне паўнавартаснай памежнай і мытнай інфраструктуры, неабходнасць атрымання віз, чэргі на пераходах і г. д. Узаемазалежнасць краін Еўропы настолькі відавочная, што ўвядзенне абмежаванняў у перамяшчэнні людзей, тавараў і паслуг раўнасільнае адсячэнню ўласнай рукі. Да прыкладу, даходы ў турыстычным сектары ў краінах ЕЗ складаюць звыш 660 млрд. еўра. Паводле звестак Еўрастата (2017 год) грамадзяне Еўразвязу здзейснілі 1,2 млрд турыстычных паездак, пераважная большасць з якіх – у межах ЕЗ. Высокая дынаміка развіцця толькі ў гэтай сферы звязаная, перш за ўсё, са свабодным перамяшчэннем грамадзянаў у межах ЕЗ.

Hавiны
«Есці, спаць і працаваць». Беларусы Швецыі – пра самы дзіўны каранцін у Еўропе
2020.03.27 21:13

У сваю чаргу рэзкая замарозка эканамічных адносін прывядзе да хуткага заняпаду найбольш слабых эканомік, галоўным чынам у краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Балканаў. Стабільнае развіццё і дабрабыт дзяржаваў рэгіёну звязанае, апроч іншага, з велізарным датацыямі з Еўрапейскага бюджэту. Крызіс нацыянальных эканамічных сістэм непазбежна прывядзе да палітычнага крызісу.

Пустыя вуліцы Берліна, 29 сакавіка.
Фота: ANNEGRET HILSE / Reuters / Forum

На хвалі крытыкі Еўрапейскага Звязу, які «не справіўся» з каранавірусам і эканамічным крызісам, да ўлады ў асобных краінах прыйдуць вельмі левыя або вельмі правыя патрыёты-папулісты з масай прэтэнзіяў да дэмакратычнай мадэлі кіравання. Яны будуць патрабаваць увядзення надзвычайных мер у кіраванні эканомікай і насельніцтвам, якія, на іх думку, прывядуць да выхаду з крызісу. Арыентацыя на ўнутраныя нацыянальныя пачуцці будзе спрыяць адраджэнню ідэяў аднаўлення гістарычнай справядлівасці і рэваншу ў адносінах да суседзяў, што прывядзе да росту рэгіянальнай напружанасці ў Еўропе.

У сваю чаргу, ва ўмовах агульнай еўрапейскай дэкансалідацыі, недаверу, а таксама праблемы ўстойлівасці дэмакратыі абрынецца і агульная еўрапейская сістэма бяспекі. Антыеўрапейскі нацыяналізм, аўтакратычныя трансфармацыі, карупцыя і эканамічная нестабільнасць стануць прычынай змяненняў геапалітычных прэферэнцыяў. Натуральна, у гэтых умовах цэнтрам прыцягнення і дэструктыўнага ўплыву стане Расея. Масква нават у перыяд пандэміі застаецца вернай сваім імперскім амбіцыям і працягвае прасоўваць свае інтарэсы ў Еўропе. Паступова каронавірус становіцца інфармацыйнай і геапалітычнай зброяй, накіраванай супраць унутранай кансалідацыі ЕЗ, які падсілкоўвае нацыянальны эгаізм і страхі ў асобных краінах.

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў