Ці пераедуць беларускія айцішнкі ў Вільню? Літва мяняе працоўнае заканадаўства


У заканадаўстве Літвы адбыліся змены: спрасцілася працаўладкаванне спецыялістаў з-за мяжы. На што цяпер могуць разлічваць беларускія адмыслоўцы?

На гэтую тэму гутарым з Лінасам Кадзісам – загадчыкам Аддзелу развіцця чалавечых рэсурсаў Міністэрства эканомікі Літвы.

«Белсат»: Якія матывы ўнясення паправак аб спрашчэнні працаўладкавання замежнікаў? Ці звязанае гэта з недахопам спецыялістаў у выніку масавай міграцыі літоўцаў?

Лінас Кадзіс: Так, ёсць такая прычына. Увесь час атрымліваем сігналы, што працадаўцам не хапае кваліфікаваных спецыялістаў у некаторых галінах.

Каля 56 % працадаўцаў паведамляюць пра тое, што ў бліжэйшы час ім будуць неабходныя кваліфікаваныя спецыялісты, якіх яны не могуць знайсці ў нашай краіне.

Адпаведна і была прынятая папраўка ў законе, каб аблегчыць кваліфікаваным спецыялістам доступ на літоўскі рынак працы.

«Белсат»: У спіс тых, хто можа разлічваць на спрашчэнне працаўладкавання, трапілі спецыялісты 27 прафесіяў. Як складаўся гэты спіс і ці будзе ён мяняцца ў далейшым?

Лінас Кадзіс: Гэта менавіта тыя прафесіі, наконт якіх былі знойдзеныя дастатковыя доказы, што сапраўды такія спецыялісты патрэбныя і што іх у Літве не хапае. Пераважна гэтыя прафесіі можна разбіць на тры асноўныя групы. Першая група – прафесіі, звязаныя з IT-сектарам, з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Другая па значнасці група – прафесіі, звязаныя з прамысловай вытворчасцю, пераважна гэта інжынерна-тэхнічны склад. Трэцяя група – прафесіі, звязаныя з рамонтам і абслугоўваннем авіяцыйнай тэхнікі. Гэта звязанае з тым, што ў Літве адкрыліся прадпрыемствы, якія займаюцца гэтай тэхнікай, і яны развіваюць сваю дзейнасць і патрабуюць большай колькасці падрыхтаваных спецыялістаў.

«Белсат»: Ці ёсць нейкія паслабленні ў справе ўладкавання менавіта беларусаў альбо іншых суседзяў Літвы?

Лінас Кадзіс: У дадзеным выпадку выключэнняў па грамадзянстве ў нас няма.

Пры гэтым калі паглядзець на статыстыку, то беларусы сярод тых, хто летась папрасіў дазволу працаваць на падставе так званай «сіняй карткі» (распаўсюджваецца на працаўнікоў высокай кваліфікацыі), былі на другім месцы пасля грамадзянаў Украіны і склалі каля 27 % заяваў.

Трэба разумець, што агульная колькасць заявак была невялікая, калі не памыляюся, разгледзелі каля 56 такіх просьбаў. І новымі прававымі актамі мы хочам павялічыць гэтую колькасць, каб большая людзей маглі скарыстацца гэтай магчымасцю.

«Белсат»: На які заробак могуць разлічваць замежнікі са спісу 27 дэфіцытных прафесіяў?

Лінас Кадзіс: Мінімальны ўзровень заробку для спецыяліста высокай кваліфікацыі – гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй альбо той, хто не мае такой адукацыі, але мае прызнаны 5-гадовы досвед працы – крыху больш за 1180 еўраў (брута). Закон усталёўвае такі заробак, які складае паўтара сярэдніх заробкі ў Літве. То бок калі будзе павялічвацца сярэдні заробак, то гэтая сума будзе расці.

«Белсат»: А чым абумоўленае рашэнне прыраўняць 5-гадовы досвед працы да кваліфікацыі вышэйшай адукацыі для замежнікаў?

Лінас Кадзіс: Не шмат краінаў ЕЗ маюць падзаконныя акты аб прызнанні такога досведу, Літва стане адной з іх, таму што ў нас вельмі бурна развіваецца IT-сектар. Менавіта ў гэтай галіне пераважна і ўзнікае патрэба ў спецыялістах, якія маюць досвед практычнай працы, якія могуць не мець вышэйшай адукацыі. Так атрымалася, што менавіта праграмісты і іншыя спецыялісты ў IT-сферы не атрымліваюць вышэйшай адукацыі, затое маюць адпаведныя сертыфікаты, досвед працы ў праектах, праграмаванні, і гэты досвед прызнаецца працадаўцамі нават як больш каштоўны, чым наяўнасць фармальнага дыплому.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў