Ці патрэбная Беларусі легалізацыя медычных канопляў?


У Менску ў межах кінафестывалю «WATCH DOCS Belarus» паказалі дакументальны фільм «Падполле надзеі» аб легалізацыі медычнай марыхуаны ў Польшчы. Пасля паказу медыкі, актывісты і рэжысёр фільму абмеркавалі, ці магчымая ў Беларусі медыянная легалізацыя канопляў.

Фота: Belsat.eu

Фільм «Падполле надзеі» быў паказаны ў Менску ў межах фестывалю дакументальных фільмаў WatchDocs. У фільме распавядаецца гісторыя руху за легалізацыю медычных канопляў у Польшчы. У 2017 годзе нашыя суседзі прынялі закон, які дазваляе медычнае выкарыстанне канопляў, але ў аптэкі яны патрапілі толькі напачатку 2019 года. Паводле рэжысёра фільму Яна Блуза, напачатку польскія дактары неахвотна выпісвалі рэцэпты. Ён кажа, што дакладных лічбаў, колькі людзей у Польшчы ўжываюць каноплі ў медычных мэтах, няма, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра дзясяткі тысячаў чалавек.

Ян Блуз.
Фота: Belsat.eu

У Польшчы вялікую ролю ў легалізацыі медычнай марыхуаны адыграў рух «Змагары за легалізацыю медычнай марыхуаны», які з’явіўся ў 2015 годзе. Сярод іх часткова былі актывісты, якія выступаюць за агульную легалізацыю канабісу, але да іх далучыліся медыкі, навукоўцы і, перадусім, бацькі хворых дзяцей.

Фота: Belsat.eu

– У Польшчы жыве некалькі дзясяткаў тысячаў людзей, якія хварэюць на эпілепсію, сотні тысячаў маюць анкалогію. Сярод іх шмат дзяцей. Менавіта грамадскі ціск аказаў гэты ўплыў на ўрад, які вылучаецца сваёй вельмі кансерватыўнай наркапалітыкай. Хворыя дзеці выклікаюць моцныя эмоцыі. Ніхто не хоча, каб яны пакутавалі, – кажа Ян Блуз.

Справка
Тут вядзецца гаворка пра ўжыванне лекавых прэпаратаў на аснове канабіса – звычайна, гэта каплі, але могуць быць таксама пасты, алейкі і г. д.

Якая зараз сітуацыя ў Беларусі?

У Беларусі каноплі і іх вытворныя забароненыя для ўжытку. У крамах можна знайсці прадукты з канопляў, але вырошчваць іх для прамысловых мэтаў забараняецца.

Ганна Гарчакова.
Фота: Belsat.eu

Паводле дырэктаркі Беларускага дзіцячага госпісу Ганны Гарчаковай, у Беларусі – вялікая стыгма наконт абязбольваючых прэпаратаў. Як прыклад яна прыводзіць гісторыю аднаго са сваіх пацыентаў, які добраахвотна адмаўляецца ад марфіну.

– Магчыма, марыхуаны ён бы папаліў. Але яна яму не дапаможа – дыягназ саркома. Тут патрэбныя апіоіды, – зазначае яна. – Мы павінны напачатку зразумець, што гэта можа быць лекам ад болю, а не наркотыкам.

Фота: Belsat.eu

Ганна зазначае, што выступае за выкарыстанне канабідыёлаў (КБД) у медыцыне (адно з актыўных рэчываў канопляў, якое выкарыстоўваецца для абязбольвання). Але змены немагчымыя без канструктыўнага дыялогу паміж грамадскай супольнасцю і праваахоўнікамі.

– Аб якой марыхуане можа ісці гаворка, калі доктар марфін – а гэта залаты стандарт абязбольвання – прызначае дрыжачай рукою, а за ім стаяць па два міліцыянты? – эмацыйна абураецца Ганна Гарчакова.

Мікіта Лагавы.
Фота: Belsat.eu

Адказнасць – на міліцыі

Нягледзячы на тое, што КБД легальны ў Беларусі, праблема ў тым, што ў любой ягонай колькасці будзе ўтрымлівацца абсалютна нелегальны ТГК (тэтрагідраканабінол). Пра гэта кажа актывіст Legalize Belarus Мікіта Лагавы. А гэта, паводле беларускага заканадаўства, робіць усю субстанцыю нелегальнай.

Уладзімір Пікірэня.
Фота: Belsat.eu

Псіхіятр-нарколаг Уладзімір Пікірэня адзначае, што для медычнай легалізацыі патрэбныя істотныя грошы, якіх у нашай медыцыны проста няма. У свеце былі ўжо праведзеныя пэўныя даследаванні, якія паказалі медычную эфектыўнасць канопляў.

– Калі ТГК перамесціцца са «Спісу 1», дзе ён знаходзіцца разам з гераінам, у «Спіс 2», дзе знаходзіцца той жа марфін, то стане магчымым запуск нейкай пілотнай праграмы з медычнай марыхуанай, – кажа Уладзімір Пікірэня. – Але перад гэтым трэба, каб адказныя за рашэнні людзі прачыталі некалькі артыкулаў аб эфектыўнасці лекавання каноплямі.

Спецыяліст кажа, што не медыкі, а праваахоўныя органы забараняюць выкарыстоўваць марыхуану.

– Толькі палітычнае рашэнне можа прасунуць медычную марыхуану ў Беларусі, – кажа ён.

Ксенія Тарасевіч, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў