Ці патрэбная Беларусі дэкрыміналізацыя наркотыкаў?


Беларусь застаецца краінай з самай жорсткай наркапалітыкай у Еўропе. У нас за забойства можна атрымаць тры гады, а за курэнне марыхуаны – дзевяць. Ініцыятыва «Legalize Belarus» арганізавала дыскусію, падчас якой адмыслоўцы з самых розных галінаў спрабавалі высветліць: наколькі патрэбная Беларусі дэкрыміналізацыя артыкулу 328?

«Пачнецца бог ведае што!»

Пад дэкрыміналізацыяй псіхаактыўных рэчываў найперш маецца на ўвазе захоўванне, ўжыванне, транспартаванне нязначнай колькасці, якая не будзе карацца крымінальна.

Удзельнікі дыскусіі. Фота Пётр Маркелаў

Паводле лідаркі аб’яднання маці-328 Ларысы Жыгар, нельга караць за жаданне нешта ўжываць. Але, на ейную думку, дзяржава не пойдзе на дэкрыміналізацыю. Жыгар неаднаразова размаўляла з прадстаўнікамі Наркакантролю, і ёй казалі: «Калі мы дэкрыміналізуем спажыванне, то ўсе зразумеюць, што няма аніякай адказнасці. Уявіце, што пачнецца!»

«Вось Партугалія вельмі эфектыўна падышла. У іх барацьба з рэчывамі адбываецца зусім не так. І вучаць яны з малых гадоў, што такое пэўнае рэчыва і што за ім стаіць. Магчыма, каб у нашай дзяржаве пра гэта гаварылі, то і шмат хто адмовіўся б ад спажывання», – кажа Ларыса Жыгар.

2 красавіка 2018 года. Акцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў у Менску. Фота – Ірына Арахоўская / Белсат

Праваабаронца і кандыдат у дэпутаты Стас Шашок мяркуюць, што цяпер дзяржава карае чалавека за ягоны выбар.

У сваёй прамове Стас спасылаецца на досвед Партугаліі. Пасля моцнага і працяглага наркатычнага крызісу краіна вырашыла дэкрыміналізаваць усе рэчывы. Пасля такога радыкальнага кроку колькасць спажыўцоў – паменшылася.

Эканаміст Сяргей Чалы адзначыў, што няма даказанай залежнасці паміж спажываннем марыхуаны і пераходам да іншых, больш цяжкіх рэчываў.

«Імаверна, спажыванне павялічыцца, але не настолькі моцна. За кошт эфекту забароненага плоду, які стаў дазволены», — кажа Чалы.

Дэкрыміналізацыя дапаможа спажыўцам «выйсці з цемры»

Юрыст Ігар Брэк у сваім выступе прыгадаў: кіраўнік Наркакантролю Генадзь Казакевіч сцвярджае, што ў Беларусі захоўваецца высокі ўзровень «латэнтнасці наркаманіі» – то бок большасць нарказлачынстваў схаваныя ад шырокай публікі.

«Менавіта таму больш жорсткія меры не эфектыўныя. Любы злачынца думае, што яго не зловяць. І такія меры падрываюць давер да праваахоўнай сістэмы», – падкрэслівае Ігар Брэк.

Hавiны
Як наркаспажыўцам дапамагаюць на фестывалях у Польшчы. Вялікі рэпартаж
2019.10.27 15:29

Таксама ён зазначыў, што людзі, якія залежаць ад рэчываў, баяцца звярнуцца па дапамогу – бо яны падпадаюць пад крымінальную адказнасць.

Як эксперты бачаць дэкрыміналізацыю ў Беларусі?

Паводле Стаса Шашка, не ад пакарання залежыць поспех дзяржавы ў барацьбе за здароўе нацыі. Ён прапаноўвае перанесці 1-ю частку 328-га артыкулу (захоўванне, транспартаванне без мэты збыту) у адміністратыўную адказнасць і размежаваць колькасць рэчыва.

З ім пагаджаецца Ларыса Жыгар: «Я лічу, што трэба даваць хоць адзін шанец. А цяпер яго няма».

Дыскусія ў менскім Прэс-клубе. Фота Пётр Маркелаў

Ігар Брэк выступае за паступовую дэкрыміналізацыю. Ён лічыць, што варта вызначыць для кожнага рэчыва абмежаванне, паводле якога для дробных спажыўцоў будзе адміністратыўнае пакаранне.

Эксперты сышліся на тым, што пытанне дэкрыміналізацыі падобнае да смяротнага пакарання.

«Гэта тыя рэчы, развязанне якіх мусіць быць за палітыкамі. Нашае грамадскае меркаванне вельмі незаўважанае», – кажа Сяргей Чалы.

Дыскусія адбылася ў менскім Прэс-клубе.

Hавiны
«Запісала зварот на тэлебачанні, атрымаўся крык душы». З чым маці-328 ідуць у дэпутаткі
2019.10.21 18:26

Ксенія Тарасевіч, фота Пётр Маркелаў belsat.eu

Стужка навінаў