Ці паедзе Лукашэнка ў Варшаву? Каментуе былы амбасадар Польшчы ў Беларусі


Рэакцыя Беларусі на гісторыю з Бурым і падзеі на Падляшшы ў 1945 годзе –прапагандысцкая. Гэтак лічыць былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка. У інтэрв’ю Аліне Коўшык дыпламат дзеліцца меркаваннем пра тое, ці хоча кіраўнік Беларусі набраць пунктаў у размове з Пуціным, або ён імкнецца памяняць вектар развіцця дзяржавы, а таксама разважае, ці паедзе Аляксандр Лукашэнка ў Польшчу на сустрэчу, прысвечаную 80-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны.

Запрасілі ўсіх прэзідэнтаў «Усходняга партнёрства», не запрасілі Пуціна, што таксама вельмі сімвалічна. Што мы можам прачытаць за гэтымі сухімі дыпламатычнымі тэкстамі? Як варта інтэрпрэтаваць запрашэнне Лукашэнкі ў Варшаву?

Думаю, што гэта крок у бок нармалізацыі дачыненняў. Цікава таксама, што гэта звязана з гістарычнай палітыкай, бо ў гэтай галіне ў нас заўсёды былі і ёсць вялікія праблемы з Беларуссю. Таму што Беларусь у гэтым плане больш савецкая, чым нават Расея.

Чаму вы так думаеце?

Не так даўно з’явілася інфармацыя, што ў падручніках для 11-га класу Беларусі ёсць інфармацыя, што цяжка вызначыць, хто выканаў забойствы ў Катыні. Аўтар не заўважыў, што прэзідэнт Гарбачоў і Ельцын перадалі звязаныя з гэтым дакументы.

Калі вярнуцца да запрашэння Аляксандра Лукашэнкі – першы і адзіны ягоны візіт, які ён здзейсніў у Рэспубліку Польшчу, быў у 1995 годзе, калі Лукашэнка ездзіў у Аўшвіц. Гэта таксама была гістарычная гадавіна. Ці варта цяпер спадзявацца на тое, што ў момант, калі дачыненні паміж Беларуссю і Расеяй даволі складаныя, Аляксандр Лукашэнка ўсё ж згадзіўся б прыехаць у Варшаву?

Калі мы гаворым пра 1 верасня – то магчыма. Але я думаю, што тут ёсць прыкол. Адначасова зʼявілася інфармацыя, што не запрасілі прэзідэнта Расеі. Я думаю, што спадару Лукашэнку гэта не да канца пасуе. Я думаю, што ён не хацеў бы канфліктаваць у гэтым сэнсе з Расеяй. Тут можна чакаць, што ён знойдзе нейкую прычыну, каб адмовіцца.

Тым не менш, мы бачым, што дачыненні паміж Беларуссю і Польшчай актывізыюцца. Не так даўно ў Польшчу прыязджаў былы прэмʼер-міністр Беларусі, а цяпер старшыня Савету Мясніковіч. І ён таксама быў у месцах, звязаных з гістарычнай памяццю. Ці азначае гэта, што ў Беларусі нейкім чынам выцягваюць руку ў бок Варшавы і будуць спрабаваць усе праблемныя і цяжкія моманты вырашаць?

Я спадзяюся. Калі я быў амбасадарам, я заўсёды стараўся гэты дыялог навязаць. Мы нават думалі зрабіць групу гісторыкаў з абодвух бакоў. Яна нават пачала працаваць, але не ведаю, як цяпер. Хоць відаць, што прагрэсу няма.

ВІДЭА
Літоўскі міністр: спрашчэнне візавага рэжыму амаль завершанае
2019.03.26 09:01

Як я ўжо сказаў, у Беларусі савецкі дыскурс, калі мы гаворым пра гісторыю. Нават тое, што было ў апошні час з Бурым і пацыфікацыйнай акцыяй на Падляшшы ў 1945 годзе. Мне таксама здаецца, што гэтая рэакцыя прапагандысцкая. Таму што мы ведаем пра шматлікія выпадкі, калі савецкія партызаны забівалі цывільных людзей, забівалі польскіх партызанаў у Беларусі. Калі Беларусь такая прынцыповая, яна мусіць таксама выказацца, але я думаю, што гэтага не адбудзецца.

Як вы думаеце, ці робіць Польшча ўсё, і наколькі ёй важна палепшыць дачыненні са сваім найбліжэйшым суседам?

Я думаю, што Польшча робіць шмат. Я асцерагаюся, што палітыкі, якія гэтым займаюцца, не разумеюць, з кім маюць справу і як працуе беларускі рэжым. Была апошняя спроба пры спадару Сікорскім [міністр замежных справаў Польшчы ў 2007–2014 гг.] наладзіць дыялог – скончылася як скончылася. На ўсе сувязі з Захадам Лукашэнка глядзіць у кантэксце з Расеяй. Для яго гэта выключна спроба набраць пункты ў размове з Пуціным, а не памяняць вектар развіцця Беларусі. На жаль, гэтак ёсць.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 22.03.2019

Міжнародны часопіс тэлеканалу «Белсат» «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:25. Заходзьце на Facebook праграмы!

ФОТА: Wojciech Pacewicz/Forum, Mikhail Metzel/ Forum

belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў