Ці меў рацыю даішнік, які душыў мужчыну? Каментуе былы следчы пракуратуры


Былы следчы, а цяпер праваабаронца Алег Волчак праглядзіеў відэа з інцыдэнтам у Пінску і паркаментаваў для belsat.eu дзеянні міліцыянта.

У Пінску адбыўся канфлікт паміж нецвярозым мужчынам і супрацоўнікам ДАІ, які ледзь не скончыўся трагедыяй. 46-гадовы пінчук запатрабаваў у супрацоўніка ДАІ дакументы, калі пабачыў, што той эвакуюе аўта (яно не належала пінчуку). Пры гэтым мужчына паводзіў сябе даволі агрэсіўна і ўдарыў у твар міліцыянта. Апошні ўжыў задушлівы прыём, пасля якога мужчына на нейкі час згубіў прытомнасць.

Эксперт кажа, што мужчына ў любым выпадку не меў рацыі: ён не ўладальнік аўта, якое збіраліся эвакуяваць, а таму яму міліцыянт не мусіў нічога тлумачыць. Да таго ж мужчына быў і нецвярозы.

«Калі нападаюць на міліцыянта, ён мае права ўжыць зброю, папярэдзіць аб ужыванні зброі, калі бачыць, што ёсць пагроза ягонаму жыццю. І адначасова, як правіла, не ведаю, чаму ён не спрацаваў, – выклікаць патрульна-паставую службу. Яны звычайна да пяці хвілінаў прыязджаюць, як правіла, спрацоўвае пазаведамасная ахова. У прынцыпе ён абраў такі спосаб «на здушэнне». Слушна ці не – мне складана меркаваць, таму што ён, хіба, ацэньваў сітуацыю па-свойму. Я б не сказаў, што ён перагнуў палку ў дадзенай сітуацыі. Можа, асцерагаўся, што ў чалавека можа быць зброя, напрыклад, нож ў кішэні, мы ж не ведаем», – кажа Алег Волчак.

Разам з тым былога следчага непакоіць іншы факт – настрой жыхароў краіны і іхнае стаўленне да міліцыянтаў.

«Мы бачым, што большасць людзей не ўспрымаюць супрацоўнікаў міліцыі як прадстаўнікоў улады. Трэба спыніць «палачную сістэму» па штрафах. Уся праблема ўзнікае праз тое, што ціснуць на кожнага супрацоўніка, каб ён складаў пратаколы. Канфлікт узнікае бо супрацоўнікі вымушаныя пачкамі выдаваць гэтыя пратаколы. У людзей няма грошай, і народ злы. Ну і другая праблема, што існуе вялікі прававы нігілізм, людзі не разумеюць, што нават калі міліцыянт нешта ўчыняе – запісвай на відэа ягоныя дзеянні. Напішы ў пракуратуру заяву, што там ён нешта перавысіў», – працягвае Алег Волчак.

Вяртаючыся ж непасрэдна да «пінскага канфлікту» Алег Волчак кажа, што пазбегнуць такіх сітуацыяў дапамагло б ужыванне міліцыянтамі відэарэгістратараў:

«Заступіў – вешаць рэгістратар на грудзях. Наколькі я ведаю, існуе і недахоп кадраў. У Пінску адным загадам звольнілі больш за 10 міліцыянтаў. Таму цяпер на іншых падае большая нагрузка, і бачная гэтая злосць. Народ таксама ў сувязі з эканамічнай сітуацыяй настроены агрэсіўна, ідзе гэткая «нябачная вайна». Гэтая сітуацыя была вельмі небяспечная, калі чалавек ляжаў без прытомнасці. Маглі забіць і супрацоўніка міліцыі. Агрэсія не спадала, а натоўп – гэта вельмі небяспечна. Таму тут трагедыя яшчэ магла здарыцца і з міліцыянтам».

У дачыненні да 46-гадовага пінчука завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь (Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў). Яму можа пагражаць да 6 гадоў зняволення.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў