Ці магчымы ў Беларусі татальны лічбавы кантроль над грамадствам?


Незаконны прэзідэнт хоча кантраляваць беларусаў, як камуністы ў Кітаі. Лукашэнка пастанавіў, як ён кажа, навесці парадак у ІТ-сектары. Прасцей кажучы, сабраць даніну і максімальна запужаць тых, хто нейкім чынам яму не спадабаўся. А таксама паставіць тэхналогіі на службу сваёй уладзе і поўнага кантролю над беларусамі. Але ці хопіць сілаў у рэжыму на такі рывок?

Усіх пагалоўна – пад татальны кантроль, ІТ-сектар – цалкам на службу патрэбам рэжыму. Так гучыць кароткі змест пасылу нелегітымнага кіраўніка Беларусі сваім падначаленым.

Рыхтуецца комплексны ўказ, які дазволіць сканцэнтраваць наяўныя рэсурсы на некалькіх ключавых кірунках. Стварыць адзіны орган дзяржаўнага рэгулявання, максімальна выкарыстаць досвед Кітаю ў пабудове лічбавага грамадства. Падобна, развязанне гэтых пытанняў у нас зацягнулася.

У прынцыпе, наезд на ІТ-сферу быў пытаннем часу, бо прычынаў для гэтага сабралася нямала – як эканамічных, гэтак і палітычных. Пагатоў рэжым ужо займаўся перайманнем кітайскага досведу ва ўсталяванні татальнага кантролю над насельніцтвам.

Ігар Барысаў, старшыня БСДП (Грамада):

«Лукашэнка разумее, што з’явіліся групы грамадзянаў, якія для яго абсалютна лішнія. Натуральна, лішняй увесь час была дэмакратычная беларуская апазіцыя. Лішнімі для яго былі прадпрымальнікі, дробны бізнес, які ён увесь час шальмаваў. Лішнімі для яго таксама сталі прадстаўнікі ІТ-сферы, бо ён лічыць, што ў тым ліку і яны стаяць за гэтымі пратэстамі, якія адбываюцца ў Беларусі».

Кітайскі досвед, пра які казаў Лукашэнка, – гэта фактычна лічбавая таталітарная сістэма, якая існуе ў КНР і ахоплівае ўжо больш за мільярд людзей. Там пабудаваная сістэма сацыяльнага крэдыту: практычна за кожнае дзеянне чалавек атрымлівае ці страчвае пэўную колькасць балаў, агульная колькасць якіх уплывае на якасць ягонага жыцця. Сістэма цалкам аўтаматызаваная і аналізуе як звесткі са шматлікіх камераў назірання, так і іншую інфармацыю, распавядае польскі фатограф, якога ўзнагародзілі прэміяй «Grand Press Photo» за здымкі пратэстаў у Гон-Конгу.

Вітальд Дабравольскі, фатограф, лаўрэат «Grand Press Photo» (Польшча):

«Калі трымаешся ўзору жыцця, усталяванага Камуністычнаю партыяй Кітаю, то звычайна функцыянуеш у грамадстве, толькі між тым не маеш ніякай прыватнасці ў сваім жыцці: партыя ведае пра цябе абсалютна ўсё. Як у Оруэла, «1984». А калі не ідзеш па прыкладзе Камуністычнай партыі, то, напрыклад, не можаш лятаць самалётам, не можаш атрымаць пашпарта. Але гэта ж датычыць і крэдыту на машыну, валодання мабільным тэлефонам, паездак цягніком. І калі ты нейкім чынам супрацьдзейнічаеш Камуністычнай партыі, то можаш апынуцца цалкам ізаляваны ад грамадства, бо будзеш не толькі сам губляць сацыяльныя пункты за свае дзеянні, але і іншыя людзі будуць губляць пункты праз знаёмства з табою».

Hавiны
Ізраільская кампанія больш не будзе прадаваць тэхналогіі ўзлому тэлефонаў у Беларусь і Расею
2021.03.19 10:59

З другога боку, падобныя сістэмы кантролю дапамагаюць змагацца са злачыннасцю ці заахвочваюць людзей весці здаровы лад жыцця. Агулам сістэмы маніторынгу шырока выкарыстоўваюцца ў шмат якіх краінах. Пытанне – з якімі мэтамі.

Іван Вядзенін, сузаснавальнік кампаніі «Synpatic»:

«Ёсць ужо такія ідэі смарт-сіці, то бок лічбаванне гарадскога жыцця. Гэта не ў плане кантролю, гэта цалкам такая распаўсюджаная практыка, у тым ліку і ў дэмакратычных дзяржавах. То бок ёсць ужо гатовыя рашэнні іншых распрацоўнікаў: нічога не трэба распрацоўваць, трэба проста разгарнуць. Але нават такая працэдура запатрабуе дастаткова доўга часу для разгортвання гатовага рашэння».

Магчыма, менавіта запазычанне падобных праграмных рашэнняў і мае на ўвазе Лукашэнка. Бо распрацоўванне ўласнай сістэмы маніторынгу і лічбавай цэнзуры патрабуе вялікага аб’ёму рэсурсаў. А тут яшчэ і з эканомікаю вымалёўваюцца сур’ёзныя праблемы пасля безвыніковага біцця чалом перад Пуціным. Таму зусім не дзіўна, што рупары лукашэнкаўскай прапаганды ўжо ўва ўсю трубяць пра неабходнасць абрабаваць ІТ-кампаніі.

Hавiны
Працаўнікам ПВТ і «Вялікага каменя» паднялі падаходны падатак. Раней улады давалі гарантыі, што гэтага не будзе
2021.01.02 10:14

Ігар Барысаў, старшыня БСДП (Грамада):

«Натуральна, больш яны хацелі б кантраляваць бізнес, таксама ІТ-сектар. І любыя ініцыятывы грамадзянаў, якія зараджаюцца спантанна. Мы бачым спробу ўзяць пад поўны кантроль адміністратараў розных чатаў, каб уплываць і кантраляваць, каб не дапусціць аб’яднання людзей, якія б маглі арганізоўваць як акцыі пратэсту, так і іншую актыўнасць».

Аднак тут у рэжыму ўзнікаюць абсалютна канкрэтныя цяжкасці. Па-першае, усім зразумела, што атака на ІТ-індустрыю можа лёгка скончыцца поўным яе згортваннем і перамяшчэннем у іншыя краіны, што і так назіраецца. З другога ж боку, укараненне сістэмы лічбавага кантролю і цэнзуры – справа далёка не простая і патрабуе вялікіх укладанняў – як матэрыяльных, гэтак і людскіх.

Абноўлена
Лукашэнка назваў «Гарызонт» альтэрнатывай ПВТ. Цапкала: Гэта звычайная адвёртачная зборка
2021.01.05 15:43

Іван Вядзенін, сузаснавальнік кампаніі «Synpatic»:

«Гэта запатрабуе лічбавання шмат якіх рэчаў. Напрыклад, вайсковы ўлік або тое, як мы плацім за паслугі ЖКГ. Давядзецца сабраць усе звесткі ў сістэму і выкарыстоўваць іх для апрацоўвання, то бок трэба ўніфікаваць усе звесткі. Мне складана сказаць, наколькі цяпер гэта рэалістычная задача. І наколькі цяпер нават гатовае кітайскае рашэнне падыдзе для таго, каб гэта зрабіць».

Тым больш нават Кітаю з яго рэсурсам не ўдалося цалкам заблакаваць усе магчымасці ў доступе да інфармацыі для людзей.

Вітальд Дабравольскі, фатограф, лаўрэат «Grand Press Photo» (Польшча):

«Агулам у Кітаю ёсць свой інтэрнэт, свае пошукавыя сістэмы, мэсэнджары. Натуральна, гэтую сістэму можна абысці пры дапамозе VPN, і вельмі шмат кітайцаў так робяць. І такім чынам яны маюць доступ да YouTube, Facebook і хоць бы да інфармацыі з іншага свету».

Аб’ектыў
Інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі прызналі толькі Кітай і Туркменістан
2020.09.24 23:09

Карыстацца VPN навучыліся і беларусы. Паводле экспертаў, калі рэжым возьмецца ўзмоцненымі тэмпамі ўкараняць нейкае падабенства кітайскай сістэмы ў Беларусі, то нават самае спрошчанае рашэнне можа быць рэалізаванае не хутчэй як праз год. Аднак і гэта далёка не факт. Бо дзеля гэтага трэба будзе прыцягнуць вялікую колькасць адмыслоўцаў з розных галінаў. Але раcпазнавальнікі твараў на некаторых станцыях менскага метро ўжо ўсталяваныя, а твары пратэстоўцаў на патрэбы спецслужбаў адсочвае адмысловая сістэма «Kipod», распрацаваная кампаніяй «Synesis».

Іван Вядзенін, сузаснавальнік кампаніі «Synpatic»:

«У мяне ёсць пэўныя сумневы, што шмат хто з людзей і кампаніі пагодзяцца ў гэтым браць удзел унутры Беларусі. Ці можна іх замяніць іншымі спецыялістамі, тымі ж кітайцамі, – таксама вялікае пытанне. Мы маем прыклад, што кампанія «Synesis», якую падазраюць у супрацы з дзяржавай і стварэнні сістэмы сачэння за грамадзянамі, пратэстоўцамі, ужо трапіла пад еўрапейскія санкцыі. Адпаведна, кампаніі, якія прыцягнуцца да правядзення гэтых працаў, 10 разоў падумаюць перад тым, як у гэтым браць удзел. Альбо гэта будзе нейкая дзяржкампанія, якой не шкада».

Што ж да якасці кадраў, якія могуць мець у распараджэнні дзяржаўныя кампаніі, тут маюцца вялікія пытанні, бо нават спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў у дзяржаўных структурах зарабляюць істотна менш за калегаў з прыватных кампаніяў. Адпаведна, недахоп як людскога, гэтак і матэрыяльнага рэсурсу можа паставіць крыж на амбіцыйных планах рэжыму.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

 

Стужка навінаў