Ці магчымы кампраміс у справе БелАЭС? Інтэрв’ю з кіраўніком літоўскай дыпламатыі

ВІДЭА

Эксклюзіўнае інтэрв’ю міністра замежных справаў Літвы Лінаса Лінкявічуса «Белсату» запісаў Сяргей Пеляса.

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей сцвярджае, што адна краіна блакуе гэтак званую дамову аб партнёрстве з Еўразвязам. Ён не называе гэтай краіны, але не ёсць сакрэтам, што гэта Літва. Ці праўда, што Літва блакуе? Ці можна гэта назваць блакадаю? Якая пазіцыя Літвы наконт дамовы Беларусі з Еўропаю?

Макей сам можа гэта сказаць, я не ягоны прадстаўнік. Таму я не магу гэтага ўдакладніць. А што датычыць увогуле працэсу дыялогу з Беларуссю, то ён, па-мойму, праходзіць прагматычна. Я б дадаў яшчэ слова селектыўна, выбарачна. Бо ў тых галінах, дзе мы бачым нейкі прагрэс, цягам усяго часу была рэакцыя адэкватная. Напрыклад, я скажу, падчас нашага старшынёўства ў Еўразвязе, гэта шэсць гадоў таму, мы якраз зрушыліся з мёртвага пункту ў перамовах аб спрашчэнні візавага рэжыму, у мадэрнізацыі дзяржавы. Дарэчы, мы былі аднымі з тых, хто вельмі актыўна выступаў за зняцце з Беларусі санкцыі за тых палітвязняў, якіх выпусцілі. Хаця шмат хто крытыкаваў, казаў, што тут няма ніякага пералому або перамены, што трэба рэагаваць. Але мы павінныя былі быць паслядоўнымі, бо мы ўжо сказалі, што калі ёсць нейкія патрабаванні і яны выконваюцца, то мусіць быць нейкая матывацыя. І ў будучым будзем так працягваць.

У нашых двухбаковых стасунках таксама ўсё адбываецца даволі прагматычна. У сферы гандлю, транспарту: наш порт задзейнічаны вельмі інтэнсіўна для экспарту беларускіх тавараў. Таму тут няма праблемаў. Нават павялічваецца колькасць турыстаў, наколькі я ведаю. І тут таксама нашыя інтарэсы, каб беларусы маглі ездзіць, а нашыя межы не былі для іх зачыненыя. Таму мы заахвочваем дамоўленасць у спрашчэнні візавага рэжыму. Задорага каштуе віза беларусам. Гэта таксама не нармальна. Магу сказаць, што мы ўжо шмат гадоў чакаем, пакуль беларускі бок адаптуе нашую двухбаковую дамову аб памежным рэжыме, гэтыя 50 км углыб. Гэта таксама спрасціла б грамадзянам Беларусі, якія жывуць у гэтым рэгіёне, наведанне Літвы, дало б магчымасць больш убачыць. У гэтай галіне ўсё рухаецца. Ёсць двухбаковыя дачыненні, дзе мы бачым, што сітуацыю не можам ацэньваць станоўча, і не бачым нейкай магчымасці для адступлення. Напрыклад, АЭС, якую будуюць за 50 км ад Вільні.

Яе будуюць з грубымі парушэннямі правоў і міжнародных стандартаў з самага пачатку, з выбару пляцоўкі будаўніцтва. Дзесяць гадоў ужо прайшло, завершаная будоўля. Вось мы не бачым нейкіх магчымасцяў для кампрамісу. Гэта занадта адчувальна і занадта важна. Я ўпэўнены, што гэта не толькі двухбаковая праблема. Гэта праблема прэцэдэнту дыялогу з трэцімі дзяржавамі ля межаў ЕЗ, бо будзе больш такіх прэцэдэнтаў у будучыні. У гэтым я бачу праблемы.

Макей у Бруселі: Мы хочам больш рухацца ў напрамку ЕЗ, але нам перашкаджае адна краіна

Калі я спытаў міністра Макея пра гэтак званую блакаду дамовы аб партнёрстве, ён выказаў надзею, што пры новым прэзідэнце Літвы нешта зменіцца. Як вы думаеце, пры новым прэзідэнце Літвы памяняецца нешта, ёсць нейкі кансэнсус?

Я б параіў нашым суседзям неяк пачаць па-іншаму думаць. Памяняць свой падыход. Калі мы будзем займацца двума маналогамі, калі не будзе дыялогу і канкрэтных адказаў на пытанні, калі не будуць развеяныя ўсе сумненні, то што можа змяніцца.

Якое рашэнне ў сітуацыі з АЭС задаволіла б Літву цалкам?

Гэтай станцыі не мусіць быць, вось што задаволіла б нас цалкам. Дарэчы, я часта цытую Лукашэнку, які неаднаразова казаў, што яму ніхто не растлумачыў, як гэтая станцыя будзе інтэграваная ў эканоміку краіны. У гэтым адказе вельмі шмат. Мы адчуваем, што гэта не мэта Беларусі. Мы бачым у гэтым геапалітычны праект іншай дзяржавы, каб нас трымаць трошкі бліжэй да кальца электрычнасці, аператар якога месціцца ў Расеі. У нас цяпер адно з заданняў – якраз сінхранізаваць з гэтым кальцом Заходнюю Еўропу, што таксама зойме некаторы час і рэсурсы. Так што гэты працэс таксама будзе працягвацца. Я думаю, што ў гэтым можна бачыць нейкую мэту, але не думаю, што гэта мэта Беларусі, яе нацыянальны інтарэс. Я ў гэта проста не веру. Спадзяюся, што Беларусь зразумее нашую пазіцыю.

На саміце прадстаўнікі розных краінаў прапаноўвалі свае ідэі для развіцця «Усходняга партнёрства». Міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч прапанаваў пайсці даволі далёка. Стварыць сакратарыят, праводзіць саміты краінаў «Усходняга партнёрства» або нейкую вузкую супрацу. Што прапаноўвала Літва? І як вы ставіцеся да таго, каб больш глыбока пайсці ў бок інстытуцыяналізацыі «Усходняга партнёрства»?

Я гляджу станоўча на ўсе такія прапановы, калі краіны-чальцы «Усходняга партнёрства» захочуць гэта рабіць, ствараць, каардынаваць, інстытуцыяналізаваць. Гэта, вядома, яны маюць рабіць. У дадатак да сказанага, мы маем глядзець на тыя праекты, якія ідуць насустрач чаканням некаторых краінаў. Трое з шасці ўдзельнікаў гэтай праграмы кажуць адкрыта, што хочуць уступіць у Еўрапейскі Звяз. Але ўступленне – працэс вельмі складаны. Мы ўсё гэта разумеем. Але ёсць канкрэтныя праекты, якія могуць наблізіць краіну да гэтага. Энергетычны звяз, некаторыя аспекты ўдзелу ў гэтым звязе. Ці, скажам, рынак Еўразвязу. Да яго наблізіцца можна. Або агульная палітыка бяспекі ды абароны. Ёсць некаторыя аспекты, у якіх можна супрацоўнічаць. Напрыклад, роўмінг. Тое, што будзе зразумела звычайным людзям, а не нейкія заявы і канстытуцыі. Яны будуць ацэньваць рэальныя дасягненні. Напрыклад, бязвізавы рэжым. Цяпер у нас успрымаецца натуральна, але мы памятаем, як было да гэтага і далося нялёгка. Вось такія адчувальныя і зразумелыя людзям моманты маюць стварацца. Не набліжаюць юрыдычна членства, але фактычна набліжаюць да гэтай суполкі паводле іншых параметраў. Іншыя краіны, у якіх няма амбіцыі ўступаць у Звяз, але ёсць жаданне супрацоўнічаць і каардынаваць, адаптаваць сваю прававую базу ды стандарты, мы можам гэта зрабіць з усёй павагай да іх выбару. Я гляджу на гэта больш такімі канкрэтнымі прыкладамі і праектамі, якія былі б адчувальныя ды стваралі нейкую дадатковую вартасць. Я, вядома, падтрымліваю польскія ініцыятывы, але з умоваю, што яны будуць цікавыя краінам-удзельніцам усходняй праграмы.

Калі вярнуцца да першага пытання пра блакаванне, то што рабіць?

А што вы прапануеце?

Калі б я вырашаў, то я б яе замарозіў. І не запускаў бы яе так доўга, наколькі можна, цягнуў бы.

Я згодны. Па-першае, яе там не мае быць.

Але яна ёсць.

Але яна пакуль яшчэ не працуе. Калі былі б хоць нейкія прыкметы захавання тых заўваг, якія ідуць ад міжнародных інстытутаў, але і гэтага няма. Нават у рыторыцы гэтага няма.

Ці Лукашэнка дамовіцца з новым прэзідэнтам Літвы па БелАЭС?

Беларускі бок кажа, што заўвагі ўлічваюцца і што МАгАтЭ адзначае, нібыта ўсё добра.

Вы ведаеце, што такое МАгАтЭ? Гэта арганізацыя, якая не кантралюе, яна не прыязджае інспектаваць. Яна прыязджае ў краіну, калі яе запрашаюць. Ёй паказваюць тое, што паказваюць, і тады робяцца высновы. Былі заявы з боку беларускага ўраду пасля чарговага візіту групы экспертаў МАгАтЭ. Ёсць шэсць спецыялізаваных камандаў, якія разбіраюць розныя аспекты выбару месца будоўлі. Была накіраваная група, якая мела ацаніць дызайн. Падкрэсліваю: дызайн. Высновы былі станоўчыя. Іх запрасілі, паказалі, у самой МАгАтЭ няма ініцыятывы. Заключэнне было такое: прыязджала аўтарытэтная дэлегацыя МАгАтЭ і зрабіла высновы, што станцыя будуецца паводле нормаў і стандартаў. Зрабілі такую абагульнены вывад. Мы адразу заўважылі, што ацэньвалі толькі адзін аспект – дызайн. Ёсць яшчэ пяць сегментаў, якіх ніхто не ацэньваў. І самы важны. Ёсць камітэт Эспаа, які займаецца стандартамі бяспекі. Ён звярнуў увагу, што памылкова ці не паводле правілаў выбралі пляцоўку для будоўлі з самага пачатку. Не было альтэрнатываў, не было ацэнкі, параўнальнага аналізу, я ўжо не кажу пра кансультацыі з суседзямі, што мусіць быць абавязковым. Вось вам і адказ. Так што спасылацца на МАгАтЭ тут не вельмі выпадае. Я не хачу зацыклівацца, я не кажу пра нейкае блакаванне, я проста хачу, каб змяніўся трошкі падыход. Тут у гэтым корань, калі няма нават разумення, то вельмі цяжка дамовіцца. Можна крыўдзіцца, можна кагосьці вінаваціць, але тут няма магчымасці адступіць, паверце. Гэта занадта адчувальны аб’ект. Мы ведаем, якія аварыі адбываліся. Мы ведаем культуру будаўніцтва. Мы ведаем, што нават у беларускіх друкаваных выданнях было шмат пра крадзеж будаўнічых матэрыялаў. Тут не той абʼект, на якім можна рызыкаваць. Яшчэ раз паўтаруся: я не хачу заглыбляцца ў дэталі. Проста ў гэтай галіне, што датычыць станцыі, мы сапраўды, на жаль, не можам дамовіцца. І гэта не стварае добрай атмасферы для агульнай дамоўленасці.

Інтэрв’ю запісалі для праграмы «ПраСвет» 14.05.2019

Лукашэнка не паехаў у Брусель праз адстаўку Бабіча. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык

Фота: The European Union

Глядзі таксама
Каментары