Ці магчымая рэвалюцыя ў Расеі пры Пуціне?


Калі ў Расеі магчымыя пратэсты, падобныя да беларускай рэвалюцыі? Наколькі рэальныя масавыя пратэсты і радыкальныя ўзрушэнні цяпер? Каментуюць Канстанцін Эгерт, публіцыст Deutsche Well, Дзмітрый Травін, навуковы кіраўнік Цэнтра даследаванняў мадэрнізацыі Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу, Рыгор Юдзін, сацыёлаг, прафесар маскоўскай Вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук, а таксама Барталамей Гаёс, гісторык з Цэнтра польска-расейскага дыялогу і згоды.

Апазіцыянер Аляксей Навальны заклікаў прыхільнікаў выходзіць на вуліцу. Яго штабы рыхтуюць мітынгі 23 студзеня. Падставы раззлавацца у расейцаў ёсць. Летняе атручэнне галоўнага апазіцыянера краіны, потым арышт у аэрапорце ў дзень вяртання ў Расею, суд у аддзяленні паліцыі і 30 дзён арышту, якія могуць перарасці ў рэальны, а не ўмоўны тэрмін паводле справы «Іў рашэ».

Галоўная прычына раззлаваць – новае расследаванне аб казачным багацці, безгустоўшчыне і карупцыйных схемах пуцінскіх вярхоў. І пра сімвал гэтага – палац для Пуціна, які ў сеціве ўжо назвалі «The палац».

Каментуе Рыгор Юдзін, сацыёлаг, прафесар маскоўскай Вышэйшай школы сацыяльных і эканамічных навук:

«Яшчэ мінулым летам пра існаванне такога чалавека як Навальны ў Расеі ведала крыху больш за палову людзей. Палова была не ў курсе, хто гэта такі. Сітуацыя змянілася пасля яго няўдалага атручвання. Здарылася тое, чаго ў Крамлі баяліся: Навальны трапіў у федэральны расклад, трапіў на федэральныя каналы. Бачым, што цікавасць да яго каналу, да выказванняў вырасла за апошні час, паколькі ў Расеі вялікая частка грамадзтва шукае альтэрнатыву».

Застаецца пытанне, які працэнт з абураных у гэты раз гатовыя выйсці на вуліцы расейскіх гарадоў?

Дзмітрый Травін, навуковы кіраўнік Цэнтра даследаванняў мадэрнізацыі Еўрапейскага універсітэта ў Санкт-Пецярбургу:

«У Расеі цяпер існуе дакладнае размежаванне паміж гэтымі трыма катэгорыямі. Не любяць рэжым многія, гатовыя пратэставаць нешматлікія, гатовыя пратэставаць з рызыкай для жыцця і здароўя зусім нямногія. Мы хутчэй у Расеі дзівіліся, што ў Менску было так шмат ахвотных пратэставаць, нягледзячы на небяспеку гэтага пратэсту».

Так, параўнанняў пратэстных настрояў у Расеі і Беларусі таксама дастаткова. Тут і паралелі паміж вяртаннем Навальнага і разарваным пашпартам Марыі Калеснікавай, і рытарычнае пытанне, ці стане Юлія Навальная новай Святланай Ціханоўскай, і нават сцвярджэнні, што паглядзеўшы на разгон пратэстоўцаў у Беларусі расейскія ўлады гатовыя да больш жорсткіх захадаў. Вось толькі адзінага рэцэпту і схемы змены ўлады няма.

Канстанцін Эгерт, публіцыст, аналітык DW.com:

«Расея – гэта імперская краіна з імперскім менталітэтам, а Беларусь – не. Гэта галоўнае адрозненне».

Калі ж штосьці падобнае да менскіх падзеяў і адбудзецца, то не раней за 2024 год, лічыць Дзмітрый Травін:

«Сёння, хутчэй за ўсё, нейкіх радыкальных узрушэнняў у Расеі не адбудзецца. Заўтра, умоўна кажучы, калі Пуцін пойдзе на чарговы прэзідэнцкі тэрмін у 2024 годзе, магчыма, будзе нешта накшталт таго, што было ў Менску летась – масавы пратэст, які ўсё ж такі не перамог. І ў прынцыпе пуцінскі рэжым можа даволі доўга існаваць. Але яшчэ раз падкрэсліваю: рэвалюцыі практычна заўсёды непрадказальныя. Знянацку раптам узнікае новая акалічнасць – і рэжым можа абрынуцца».

Вось толькі ў Расеі ёсць яшчэ адна складанасць. Слова «рэвалюцыя» шмат для каго – не сінонім барацьбы за ўладу і свабоды, а хутчэй паняцце тоеснае слову «трагедыя». І менавіта гэтай асацыяцыі так доўга і скрупулёзна дамагаўся Крэмль. Што, хочаце разрухі? Майдана?

Польскі гісторык Барталамей Гаёс:

«На рэвалюцыі Расейская кансерватыўная традыцыя глядзіць як на вялікую трагедыю. І да гэтай традыцыі звяртаецца Уладзімір Пуцін. Калі прачытаць першы артыкул Уладзіміра Пуціна, як прэзідэнта Расеі, то ўбачым, што там ён напісаў аб тым, што Расея вычарпала ліміт на рэвалюцыі. Гэта адна традыцыя рэвалюцыі ў Расеі. Другая – гэта традыцыя, якая асацыюецца з песняй Віктара Цоя «Перамен». Калі рэвалюцыя – гэта пазітыўны рух да пераменаў. Пераменам, якія павінны прывесці грамадства да ўлады».

І хоць частка сэрцаў ужо патрабуе пераменаў, і хутчэй за ўсё гэтая частка расейцаў выйдзе на вуліцы 23 студзеня, але спадзявацца, што 24-га Расея стане іншай краінай, не варта.

Дзмітрый Травін упэўнены:

«Яшчэ не вельмі зразумела, колькі Навальны будзе сядзець, як ён будзе сядзець. Можа і не будзе сядзець у нейкай агляднай перспектыве, але тое, што масавы пратэст не расчыніць дзверы Бастыліі, як у Францыі ў 1789 годзе – у гэтым я практычна ўпэўнены».

Канстанцін Эгерт каментуе:

«Цяпер цяжка сказаць, як скончыцца пуцінскі рэжым – палацавым пераваротам, масавым паўстаннем або спалучэннем гэтых фактараў, што таксама магчыма. Думаю, што хутчэй за ўсё гэта будзе спалучэнне ціскаў знізу і настрояў ўнутры пуцінскіх вярхоў».

Пакуль што каманда Навальнага працягвае рыхтавацца да пратэстаў 23-га студзеня, улады ж працягваюць настойваць, што акцыі ў падтрымку апазіцыянера яны не ўзгодняць.

Святлана Аўчарова для праграмы «ПраСвет» 21 студзеня 2021 г.

Стужка навінаў