Ці Лукашэнка сядзе за «круглы стол»?

Беларусаў, якія змагаюцца за свабоду, падтрымалі былыя лідары польскага прафсаюзу «Салідарнасць». Іхная перамога ў свой час стала магчымай дзякуючы кампрамісу з камуністычным рэжымам.

У панядзелак рэдакцыі польскіх медыяў атрымалі ліст ад 14 былых выбітных дзеячаў прафсаюзу «Салідарнасць», які прывёў да падзення камунізму ў Польшчы і прычыніўся да распаду Савецкага Саюзу. Зварот на трох мовах «Да сяброў беларусаў» – на польскай, англійскай, беларускай і расейскай мовах – апублікаваў штодзённік Rzeczpospolita.

– Памятаючы ўласны досвед i досвед шмат якіх пакаленняў, якія змагаліся за вольнасць, мы гаворым ясна i выразна, што грамадзяне Беларусі не адны i не могуць застацца самотнымі ў барацьбе. Падтрыманне незалежнай, вольнай i дэмакратычнай Беларусі – маральны абавязак сучасных дэмакратычных лідараў. Няхай ляціць «Салідарнасць» ад усіх грамадзянаў свету, а муры рухнуць, – напісалі яны.

Сярод падпісантаў легенда «Салідарнасці» Лех Валэнса – звычайны электрык, які ачоліў прафсаюз і павёў за сабою тысячы польскіх працаўнікоў і быў палітычным вязнем. Пазней ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру і стаў прэзідэнтам (1990–1995). У спісе і Лешэк Бальцэровіч, які пасля дэмакратычных пераменаў праводзіў адважныя і вельмі балючыя эканамічныя рэформы, быў міністрам фінансаў і кіраўніком Нацбанку Польшчы. Шмат хто крытыкуе яго за гэтыя рэформы, але ці была б без ягоных адважных крокаў Польшча там, дзе сёння? Падтрымаў беларусаў і намеснік старшыні польскага Сенату (найвышэйшая палата парламенту) Богдан Барусэвіч, таксама былы палітвязень. Іншы былы вязень сумлення і дзеяч «Салідарнасці» – Адам Міхнік, галоўны рэдактар буйнога выдання Gazeta Wyborcza.

Круглы стол, Польшча, 1989 год. Фота з архіву «Белсат»

Цяпер можна бясконца пералічваць палякаў, якія змагаліся супраць камунізму, якіх ганьбілі ды замыкалі ў турмах, але якія спатрэбіліся вольнай Польшчы і зрабіліся паспяховымі людзьмі. Гэта прыклад для тых, хто сёння змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, бо ім ёсць да чаго імкнуцца.

Свой зварот да ўладаў Беларусі могуць апублікаваць і былыя польскія камуністы альбо іхныя дзеці. Ім хапіла мужнасці сесці за круглы стол з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазіцыі ў лютым 1989 года. Размаўлялі ажно да пачатку красавіка. Агулам у тых гістарычных і вырашальных размовах удзельнічалі больш за 700 чалавек. Дзякуючы ім ужо ў чэрвені 1989-га адбыліся адносна свабодныя выбары ў парламент. Польскія камуністы пайшлі на спакойную пенсію, не пралілася кроў.

Дарэчы, у 2017-м галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч пасля сустрэчы з Лукашэнкам казаў мне, што прапаноўваў яму круглы стол, падобны да таго, які адбыўся ў Польшчы. Яшчэ не позна паслухаць Сярэдзіча.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў