Ці Лукашэнка пачаў гандаль палітвязнямі?


Рэжым змяніў меру стрымання групе палітвязняў. З-за кратаў выйшлі пяць чалавек, якія ўдзельнічалі у перамовах з Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Калі лічыць, што ў турме застаюцца больш за сотню палітзняволеных, а праз жорны рэпрэсіяў за апошнія два месяцы прайшлі дзясяткі тысяч чалавек, то паслабленнем сітуацыі гэта не назавеш. Але каму Лукашэнка пасылае сігнал?

Праваабаронцы лічаць палітзняволенымі 102 асобы, з іх рэжым «выпусціў» толькі чатырох чалавек. Прычым вызваленне гэта ўмоўнае, вязні пераведзеныя на хатні арышт ці, як у выпадку амерыканскага грамадзяніна Віталя Шклярава, пад падпіску аб нявыездзе. Прычына вызвалення, з аднаго боку, можа быць простаю: рэжыму трэба з кімсьці дамаўляцца, а за стол перамоваў ні са Святланай Ціханоўскай, ні з Каардынацыйнай радай Лукашэнка сядаць не збіраецца.

Каментуе Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік, Менск:

«З вызваленых палітвязняў штучна стварыць новы цэнтр апазіцыі і пачаць з гэтым цэнтрам дыялог, працэс канстытуцыйнай рэформы. І абвесціць і беларускаму грамадству і ўсяму свету, што дыялог пачаўся».

Ролю лукашэнкаўскага рупара на сябе ўзяцяў пяты «вызвалены» з засценкаў рэжыму – Юрый Васкрасенскі, якому не толькі было даручана скласці спіс, каго вызваліць, але і данесці да шырокай грамадскасці тое, чаго хоча рэжым. У першую чаргу – збіць хвалю пратэстаў.

«Ён разумее, што аднымі сілавымі метадамі вырашыць палітычны крызіс немагчыма. Таму трэба зрабіць жэст у бок людзей, якія пратэстуюць. І па магчымасці збіць гэты пратэст, паспрабаваць раскалоць іх, прапанаваць нейкую моркву», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Крывавы сцэнар Лукашэнку будзе дорага каштаваць: зноў санкцыі, зноў ізаляцыя, зноў эканамічныя праблемы. Таму прасцей распачаць традыцыйны гандаль палітзняволенымі.

Гаворыць Андрэй Елісееў, дырэктар аналітычнага цэнтру EAST:

«Лукашэнка будзе гуляцца ў сваю традыцыйную гульню і спрабаваць прадаць палітычных зняволеных за нейкія касметычныя змены, каб навесці хоць нейкія масты. Пагатоў наперадзе – даволі сур’ёзны эканамічны крызіс, і Лукашэнку, каб не быць цалкам залежным ад Крамля, патрэбная фінансавая дапамога і з Захаду».

ВІДЭА
Крэмль у тупіку. Каму Пуцін прадае Лукашэнку?
2020.10.16 13:16

Іначай, лічыць эксперт, з новымі валютнымі траншамі Расея будзе ставіць свае інтэграцыйныя ўмовы Беларусі. Таму беларуская дыпламатыя неўзабаве пачне шантажаваць Еўропу: маўляў, калі Еўропа не перагорне старонкі ды не заплюшчыць вачэй на паслявыбарчы гвалт, то Расея проста паглыне Беларусь.

Галоўны актор, на якога ставіць Масква, – гэта Лукашэнка. Праз яго яна праштурхоўвае канстытуцыйную рэформу. І тут на палітычную сцэну Беларусі выходзіць абсалютна новы суб’ект. Палітычная прарасейская сіла «Саюз», якая, калі трапіць у парламент, пасля правядзення канстытуцыйнай рэформы пры наяўнасці большасці галасоў можа сфармаваць урад. Пагадзіцеся, такога ў беларускім палітычным жыцці яшчэ не было.

Валер Карбалевіч:

«Яны не хаваюць, што гэта партыя прарасейская, якая накіравана на паглыбленне інтэграцыі, на рэалізацыю праекту саюзнай дзяржавы, прагаварылі, што трэба прызнаць незалежнасць паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Мне здаецца, што прарасейскія арганізацыі і сама Расея прыйшлі да высновы, што цяпер склалася спрыяльная сітуацыя, і хай Лукашэнка цяпер паспрабуе адмовіць у рэгістрацыі такой партыі, калі ён моцна залежыць ад Расеі».

І пры рэалізацыі такога езуіцкага плану, як любяць казаць у Крамлі, Масква будзе дамаўляцца не з Лукашэнкам, а са сваім чарговым траянскім канём. З гэтым пагаджаецца эксперт Ігар Тышкевіч: маўляў, у Расеі на бліжэйшыя гады – некалькі задачаў. Па-першае, паглыбіцца ў беларускую эканоміку шляхам зніжэння легітымнасці ўлады Беларусі без прывязкі да прозвішчаў.

ВІДЭА
Ці Святлана Ціханоўская сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім ва Украіне?
2020.10.23 13:39

Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні, Кіеў:

«Прыватызацыя тых галінаў, якія раней не прыватызаваліся. І тут акурат візіт атачэння Калеснікавай цалкам укладаецца ў схему, людзі ў інтэрв’ю шмат казалі пра прыход расейскага бізнесу. Пра тое, што ў гэтым няма нічога кепскага. Па другое, Расеі важна канстытуцыйная рэформа, бо гэта структурызацыя патэнцыйнага прарасейскага электарату (а гэта можа быць і да 20 %) – лабіста сваіх інтарэсаў. Гэта пэўны аналаг украінскага Медведчука, толькі ў Беларусі».

Таму Расея будзе ціснуць і настойваць на рэалізацыі палітычнай рэформы, з патрабаваннем пашырэння ролі палітычных партыяў. Але змяненне меры стрымання чатыром палітзняволеным – гэта сігнал не толькі Маскве ці Бруселю. Сярод так званых вызваленых – і грамадзянін ЗША. Ці не рэверанс гэта ў бок Вашынгтону, тым больш што амерыканскі амбасадар да Беларусі ўсцяж не даехаў.

Ігар Тышкевіч:

«У гэтым працэсе непатрэбнае залішняе павышэнне ставак як на расейскім, так і на амерыканскім кірунку. Я б не казаў, што гэта вынікі ціску, проста ЗША займаюць дастаткова стрыманую пазіцыю ў беларускім пытанні, і для Лукашэнкі важна, каб гэтая пазіцыя засталася».

Відавочна, падзеі паскорыліся, і звязана гэта ў першую чаргу з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі, але над нелегітымнай уладай вісіць яшчэ адзін выклік: не вядома, як зменіцца ўнутрыпалітычная сітуацыя нават цягам бліжэйшых дзён, бо 25 кастрычніка заканчваецца час ультыматуму рэжыму, які агучыла лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 22.10.2020

Наста Ільіна, для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum

Стужка навінаў