Ці Лукашэнка дамовіцца з новым прэзідэнтам Літвы па БелАЭС?


Менск і Вільня могуць разам ажыццяўляць маніторынг за Астравецкай АЭС. Прапанова прагучала напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Літве ў найбліжэйшую нядзелю. Яшчэ больш цікава, што аўтар прапановы – літоўскі палітык Раландас Паксас, былы прэзідэнт, якога вінавацяць у сувязях з Масквою. На пасадзе прэзідэнта Паксас пратрымаўся менш за год. 400 тысяч долараў, якія ў свой час Раландас Паксас атрымаў на перадвыбарчую кампанію, сталі нагодаю для імпічменту. Адмысловая камісія Сейму прызнала, што палітык можа быць пад уплывам іншых персонаў. І вось цяпер Паксас у Менску. Ці магчымы кампраміс у пытанні Беларускай АЭС, і што думаюць фаварыты прэзідэнцкай гонкі ў Літве пра ініцыятыву былога прэзідэнта? Разбіраўся Аркадзь Несцярэнка.

Беларуская АЭС магла б забяспечыць электраэнергіяй цэлы рэгіён. А каб развязаць двухбаковыя спрэчкі ў пытанні скандальнай станцыі, Менск і Вільня могуць разам займацца маніторынгам бяспекі станцыі. Гэтую ідэю ў Менску агучыў дэпутат Еўрапарламенту, былы прэзідэнт і прэм’ер-міністр ураду Літвы Раландас Паксас. Ён жа на мінулым тыдні сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які пракаментаваў беларуска-літоўскія дачыненні.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Ёсць мясцовыя праблемы, я лічу, гэта нашыя з вамі праблемы, калі гэта праблемы. Напрыклад, будаўніцтва атамнай станцыі. Тэма вельмі актуальная ў Літве і, як мы лічым, вельмі палітызаваная. Таму добра, што вы прыехалі, я лічу, што гэта будзе добрым пачаткам абмеркавання тых праблемаў, якія ёсць паміж намі».

У Вільні на візіт Паксаса ў Менск адрэагавалі адразу: гэта прыватная ініцыятыва палітыка, Літву Паксас не рэпрэзентоўваў, заявіў міністр замежных справаў Лінас Лінкявічус. Але, магчыма, адчуваючы, што падобныя заявы прагучаць, кіраўнік Беларусі паспрабаваў залагодзіць літоўцаў, нават згадаў пра супольную гісторыю.

«Некалі ж мы жылі разам у адной дзяржаве, трэба ў гісторыі шукаць нешта добрае, на што можна абаперціся. У нас гэтага добрага шмат, давайце ў будучыні будаваць такія ж добрыя адносіны», – заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
Літва мяняе прэзідэнта. З кім Лукашэнку дамовіцца пра БелАЭС найпрасцей?
2019.04.15 16:45

Адносіны Менску і Вільні паступова ахалоджваюцца з 2011 года, калі беларускі бок распачаў будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Ужо ў ліпені тут чакаецца загрузка ядравага паліва ў першы энергаблок.

Каментуе Гітанас Наўседа, кандыдат на прэзідэнта Літвы:

«Як вы ведаеце, было вельмі мала супрацы на старце будаўніцтва АЭС, і гэта ёсць праблемаю. Гэта праблема не толькі для Літвы, але і для Польшчы, таму мы цяпер бачым вельмі вялікія цяжкасці з тым, каб гэтая электраэнергія была экспартаваная ў ЕЗ. І можа быць так, што гэтая электраэнергія будзе спажывацца на ўнутраным рынку Беларусі».

Гітанас Наўседа – адзін з фаварытаў прэзідэнцкай гонкі, якая цяпер ідзе ў Літве, але нічога новага да дзейнай пазіцыі прэзідэнта ён не дадае. У пытанні Беларускай АЭС сфармаваны кансэнсус сярод літоўскіх элітаў, разбурыць які будзе вельмі няпроста, хаця, натуральна, магчыма ўсё.

Кястуціс Главяцкас, дэпутат Сейму Літвы, камітэт бюджэту і фінансаў:

«У свеце наагул нічога немагчымага няма, не ўсё трэба ацэньваць паводле гэтага моманту, а ў перспектыве, раз мы жывём на адной тэрыторыі. І кантроль над АЭС: тут я не бачу ніякага палітычнага падтэксту, гэта жыццёвая неабходнасць».

Што ж да ацэнак тут і цяпер, прэзідэнт Даля Грыбаўскайце адказала на ініцыятыву Паксаса проста: не. Паводле яе, любыя сумесныя двухбаковыя інстытуты легітымізуюць Беларускую АЭС, а гэта супярэчыць літоўскім каштоўнасцям. Вільня афіцыйна прызнае Беларускую атамную электрастанцыю пагрозаю нацыянальнай бяспецы, і адмаўляцца ад гэтай пазіцыі ў Літве не плануюць. Зрэшты, дэпутаты Сейму менш катэгарычныя, суразмоўцы «Белсату» пагаджаюцца: маніторынг тэарэтычна магчымы.

«Усё магчыма, калі ёсць палітычная воля. Калі б Беларусь была больш па-сяброўску настаўленая да Літвы і ЕЗ, то мы б прыклалі намаганні, каб гэтая станцыя працавала ў бяспечным рэжыме. Цяпер у нас ёсць сумневы наконт бяспекі, вы гэта ведаеце. Мы падазраём, хаця нават і не падазраём, мы ведаем, што гэта праект не столькі камерцыйны, колькі палітычны», – упэўнены Эгідзіюс Варэйкіс, дэпутат Сейму Літвы.

Hавiны
Літва заклікала Еўракамісію разабрацца з Астравецкай АЭС
2019.05.03 22:05

Вільня мае ўласны погляд на энергетычную бяспеку рэгіёну. У 2015 годзе ў Клайпедзе пабудавалі тэрмінал для звадкаванага газу, і яго таксама можна выкарыстоўваць як альтэрнатыву БелАЭС, кажуць у Вільні. Іншы аргумент супраць Менску – фігура экс-прэзідэнта Літвы Паксаса, ягоны лабісцкі патэнцыял вельмі нізкі, калі не спрэчны, цвердзяць літоўскія адмыслоўцы і палітыкі.

«Мы павінныя памятаць, што гэта не першы візіт, першы візіт быў да Пуціна. Усе разумеюць, што гэты візіт арганізоўвае не Паксас, не ягонае атачэнне, а людзі, якія сядзяць у Маскве», – упэўнены Марус Лаўрынавічус, старэйшы аналітык Віленскага інстытуту палітычнага аналізу.

Дэпутат Сейму Літвы Андрус Кубілюс мяркуе:

«Паксас не адыгрывае сур’ёзнай ролі ў літоўскай палітыцы. Ягоныя сустрэчы з кіраўніцтвам – гэта нехта яму робіць выбарчую кампанію, каб ён зноўку трапіў у Еўрапарламент, і гэта робіцца высілкамі не літоўскіх паліттэхнолагаў».

Пакуль выглядае на тое, што пік двухбаковых дачыненняў дзвюх краінаў мінуў 10 гадоў таму, калі Аляксандр Лукашэнка наведваў Вільню. Сумесны маніторынг можа зблізіць бакі, але пытанне будучыні Беларускай АЭС застаецца на парадку дня.

Аб’ектыў
Чаму жыхары Астраўца не баяцца БелАЭС?
2019.04.26 22:18

«Натуральна, што пагадзіцца на закрыццё станцыі Беларусь не можа ў сувязі з тым, што занадта вялікія рэсурсы былі ўкладзеныя ў будаўніцтва БелАЭС. Таму можна чакаць саступак у пытаннях міжнароднага маніторынгу, магчыма, коштаў ці ўмоваў транзіту электраэнергіі праз тэрыторыю Літвы», – мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

Цяпер жа тут увага перадусім да нядзельнага галасавання. Паводле апошняга апытання мясцовай даследчай кампаніі «Spinter tyrimai», першае і другое месца сярод сімпатыяў літоўскіх выбарнікаў падзялілі паміж сабою кандыдатка ад кансерватараў Інгрыда Шыманіце ды эканаміст Гітанас Наўседа, які ў экспрэс-каментары «Белсату» заявіў: ягоная пазіцыя адносна нашай АЭС не зменіцца, калі ён зменіць Грыбаўскайце ў прэзідэнцкім палацы.

Сюжэт паказалі ў праграме «ПраСвет» 10.05.2019

Стужка навінаў