Ці Літва пагражае Беларусі?


Літва, абапіраючыся на вайсковыя сілы НАТО, хоча аднавіць былое Вялікае Княства ў яго гістарычных межах. Такое арыгінальнае меркаванне выказваюць аўтары артыкулу, які зʼявіўся на шэрагу маргінальных прарасейскіх сайтаў

«У сённяшняй Літве адсутнічае шэраг крытэрыяў, якія характарызуюць сучасныя і незалежныя краіны», – кажуць аўтары спрэчнага артыкулу на прарасейскім сайце, у якім сцвярджаецца, што літоўскія палітыкі маюць Беларусь на прыцэле. Рыторыка даволі знаёмая. Не так даўно падобныя выказванні прагучалі і на адрас Беларусі – таксама нібыта «недадзяржавы». Абʼядноўвае гэтыя два, нібыта незалежныя меркаванні, тое, што яны не служаць ні беларускім, ні літоўскім інтарэсам. Дык хто піша і аплачвае гэты сцэнар і навошта?

«Расея і Крэмль хочуць стварыць кантэкст для сваёй агрэсіі ў рэгіёне. Яны заўсёды нас выстаўляюць як ворагаў, бо гэта адзіны імідж, які дазваляе ім праводзіць агрэсію як унутры краіны, гэтак і звонку», – кажа

дэпутат Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс.

Фактычна падобныя артыкулы ёсць элементам гэтак званай гібрыднай вайны. Інфармацыйны прыём працуе гэтак: бярэцца нейкі факт, які можа нас занепакоіць. Напрыклад, Літва нарошчвае абарончы бюджэт. Кожны можа гэта праверыць. За апошнія некалькі гадоў выдаткі на гэтую бюджэтную пазіцыю выраслі з 1,7 % да 2,5 % ВУП. Бярэм другі факт: у Клайпеду прыбывае міжнародны НАТОўскі кантынгент. Дадаем факт нумар тры: Літва павялічвае прызыў.

«Мы бачым, што патрэбныя прызыўнікі. Найперш прызыўнікі, каб вучыцца абараняць радзіму, і гэтыя прызыўнікі будуць асновай рэзерву», – міністр абароны Літвы Раймундас Каробліс.

Але робім з гэтага адарваную ад рэальнасці выснову – Вільня рыхтуецца да вайны з Беларуссю і адраджэння Вялікага Княства ў гістарычных межах. Дадаем чарговы фэйк, што ўлады Беларусі гэтым занепакоеныя. Хоць Аляксандр Лукашэнка ўжо каментаваў гэтую справу і казаў пра адсутнасць насцярожанасці. Але запаўняем інфармацыйнае поле абедзвюх краінаў падобным шумам, і вось ужо і Беларусь ёсць пагрозай для Літвы.

«Не ведаю, якімі землямі Літва завалодала, але тут у Літве ўсе асцерагаюцца якраз нападу на нас з боку Расеі і Беларусі. Усе памятаюць пра Украіну і Грузію, а таксама прыклады іншых краінаў», – кажа дэпутат Сейму Літвы Эгідзіюс Варэйкіс.

Калі Менск падобны кручок праглыне, то маніпуляваць ім можна нашмат прасцей. Маўляў, не падтрымлівайце гаспадарку краіны, якая гэтыя грошы пазней перанакіруе на варожае вам войска. А Беларусі ў Літве ёсць што губляць. Менск інвеставаў у інфраструктуру Клайпедскага порту, літоўскі бізнес даволі актыўны ў Беларусі, а на даляглядзе відаць праект новага Шаўковага шляху, дзе Беларусь магла б быць транзітнай краінай на шляху да Балтыкі. Але ўжо нясуць пагрозу двухбаковым дачыненням ці публікацыі такога ўзроўню?

«Супрацьдзеяць такога роду публікацыям я асаблівага сэнсу не бачу. Але трэба разумець, што Расея мае значна большыя інфармацыйныя магчымасці і можа весці больш гнуткую і схаваную гульню на Беларусь і Літву. Гэта рэальная пагроза, і з гэтым трэба працаваць», – кажа палітолаг Андрэй Казакевіч.

Дзесяць тысячаў літоўскіх жаўнераў пры поўнай адсутнасці сапраўднай баявой авіяцыі не ствараюць пагрозы 65-тысячнаму беларускаму войску. А вось пра што Менску і Вільні сапраўды трэба хвалявацца, дык гэта пра трывалыя і надзейныя каналы камунікацыі. Праз іх можна было б аператыўна супрацьдзеяць гібрыдным пагрозам для абодвух бакоў.

Поўная версія праграмы «ПраСвет»

Іншыя тэмы:

Паказаць вернасць Маскве;

Палкоўнік Барадач: «Лукашэнка апусціў прэзідэнта Расеі»;

Эканамічны покер Менску;

Расейскія базы ў Беларусі ў абмен на газ.

Стужка навінаў