КДБ адчыніць дзверы расейскаму спецназу? (дакумент)


Падраздзяленні спецыяльнага прызначэння Расеі змогуць браць удзел у контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі Беларусі, калі адпаведнае пагадненне будзе падпісанае. Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ, які ўхваляе праект такога пагаднення «ў якасці асновы для правядзення перамоваў».

Уласна тэксту праекту ў адкрытым доступе няма. Аднак у інтэрнэце ўжо зʼявіліся асцярогі, што падпісанне гэтага дакументу адкрые дзверы для легалізацыі «зялёных чалавечкаў».

У апублікаваным Указе гаворыцца, што КДБ упаўнаважанае на правядзенне перамоваў па праекце пагаднення ды «пры неабходнасці, уносіць у яго змены і дапаўненні, якія не маюць прынцыповага характару». Таксама КДБ мае права на падпісанне пагаднення «пры дасягненні дамоўленасці ў межах ухваленага праекту».

«Калі б хацелі, дазволу б не пыталі»

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што прыход «зялёных чалавечкаў» наўрад ці здарыцца, бо выкарыстанне супраць кагосьці спецыяльнай сілы звычайна трымаюць у таямніцы. Больш за тое, дадае ён, ніхто не будзе пытаць дазволу, калі захоча перакінуць у Беларусь шпіёнаў і дыверсантаў. На ягоную думку, падобны праект хутчэй на карысць Беларусі.

«Можа так здарыцца, што ў межах антытэрарыстычнай аперацыі спатрэбіцца тэхніка, інфармацыя і спецыялісты, якіх у Беларусі ў дастатковай колькасці няма. Расея багацейшая, у іх ёсць разгалінаваныя сеткі разведкі, багатыя інфармацыйныя базы і вопыт аперацый вельмі вялікі. У тым ліку і вопыт байцоў, якія ўдзельнічалі ў аперацыях. Нашыя магчымасці больш сціплыя. Таму ў выпадку неабходнасці, магчымасць звярнуцца да іх за такім вопытам, будзе не лішняй», – сказаў Аляксандр Алесін у каментары belsat.eu.

«Гэта лабізм спецслужбаў»

На думку дырэктара Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсеня Сівіцкага, распрацоўка гэтага пагаднення з’яўляецца вынікам лабісцкай дзейнасці той часткі беларускіх і расейскіх спецслужбаў, якія выступаюць за глыбокую ваенна-палітычную інтэграцыю двух краін.

Адметна і тое, што распрацоўка гэтага пагаднення супадае па часе з усё больш частымі прагнозамі расейскіх вайсковых аналітыкаў, што нібыта заходнія спецслужбы рыхтуюцца дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі з мэтай адарваць яе ад Расеі, кажа эксперт.

«Неабходнасць заключэння падобнага пагаднення выклікае пэўныя пытанні, асабліва ў кантэксце істотнага адрознення ў характары пагроз, з якімі сутыкаюцца Расея і Беларусь. Можна з упэўненасцю сказаць, што тэкст пагаднення складзены такім чынам, каб не падрываць прынцып нацыянальнага суверэнітэту Беларусі ў сферы бяспекі. Таму нават нягледзячы на яго заключэнне, расейскаму боку трэба будзе атрымаць афіцыйны дазвол на адпраўку сваіх спецпадраздзяленняў на тэрыторыю Беларусі. То бок ніякага аўтаматычнага механізму ініцыявання сумеснай аперацыі гэтае пагадненне не павінна мець», – упэўнены суразмоўца belsat.eu.

Аднак праблема заключаецца ў тым, што расейскі бок вельмі прывольна інтэрпрэтуе палажэнні міжнародных дагавораў, калі гэтага патрабуе сітуацыя, дадае Арсень Савіцкі.

«Гіпатэтычна заключэнне падобнага пагаднення можа дазволіць Расеі ў аднабаковым парадку прыняць рашэнне аб адпраўцы сваіх спецпадраздзяленняў ў Беларусь выпадку нейкай патэнцыйнай крызіснай сітуацыі, з-за якой, напрыклад, вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва становіцца недзеяздольным. Іншае пытанне, што такія крызісныя сцэнарыі немагчымыя, калі іх спецыяльна не ініцыяваць звонку. Не думаю, што сёння хтосьці рэальна верыць у тое, што заходнія спецслужбы рыхтуюць аранжавую рэвалюцыю ці пераварот у Беларусі. Але калі Расея вырашыць спраецыраваць сваю ваенную сілу на тэрыторыю Беларусі, для абгрунтавання гэтага кроку могуць выкарыстоўвацца розныя правакацыі», – кажа Арсень Сівіцкі.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў