Ці Крэмль падтрымае Лукашэнку на выбарах?


Апошнія навіны інтэграцыі. Абедзве часткі Саюзнай дзяржавы адменяць роўмінг паміж краінамі – ужо ў верасні. Праца над гэтым вядзецца вось ужо трэці год і летась выглядала на адзіны рэальны вынік бясконцых інтэграцыйных перамоваў. Цяпер натуральна – і пандэмія і выбары ў Беларусі і абнуленне прэзідэнцкіх тэрмінаў у Расеі – не да інтэграцыі. На гэты момант і размаўляць няма пра што – абураюцца ў Маскве.

Каментуе палітолаг Андрэй Суздальцаў, Вышэйшая Школа Эканомікі, Масква:

«Інтэграцыі ніякай няма. Проста не існуе яе. Ёсць шэраг саступак у сацыяльнай сферы – маюць доступ да працоўных месцаў і паступаюць у ВНУ – усё. Вось гэта ўсё неяк аформлена ў структуру, што называецца Саюзнай дзяржавай, ніякай эканамічнай, а тым болей палітычнай інтэграцыі не існуе».

А менавіта гэта і ёсць умовай і таннейшых энерганосьбітаў для Беларусі і далейшых крэдытаў. Расейскія чыноўнікі кажуць пра гэта наўпрост. Таму натуральна, што разам з пачаткам выбарчае кампаніі з’явілася традыцыйнае пытанне: ці няма ў шэрагах вылучэнцаў на кандыдаты ў прэзідэнта – прадстаўніка расейскіх інтарэсаў?

Гаворыць Вольга Харламава, палітолаг:

«Прарасейскага кандыдата я не бачу. Думаю, што прарасейскага кандыдата не бачыць і Масква. Ёсць адчуванне, што Масква прыглядаецца да тых кандыдатаў, якія ёсць з намерам выкарыстаць іх на будучыню. Выкарыстаць у тым ліку для стварэння прарасейскай партыі на будучыя выбары»

Хоць бы на бліжэйшых выбарах у мясцовыя саветы. А магчыма нас чакае яшчэ хутчэйшая электаральная кампанія, калі Лукашэнка, як ужо даўно абяцае – зменіць канстытуцыю. З вылучэнцаў у тэорыі – шмат хто пасуе на такую ролю.

Hавiны
Лукашэнка прайграе выбары?
2020.06.01 11:10

Каментуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

«Безумоўна, канспіролагі адразу пачалі клеіць ярлыкі, што і гэты і той – прарасейскія кандыдаты. Напрыклад Віктар Бабарыка ўзначальваў Белгазпрамбанк, а для некаторых тут нібыта ўсё зразумела – гэта «Газпром», гэта Расея. Нават афіцыйная прэса пачала пісаць, маўляў прыйшоў забіраць Беларусь. Тое ж кажуць і пра блогера Ціханоўскага, які мае бізнес у Расеі».

У самога бяззменнага лідара, нават маўклівага падтрымання Расеі – няма. Сітуацыя ў гэтым плане нагадвае 2010 год. Зноў сваркі з Крамлём, зноў пацяпленне ў адносінах з Захадам. Дзесяць год таму Лукашэнка ў апошні момант да выбараў – рушыў у Маскву, а як усё было далей – усім вядомая гісторыя.

Сёння ў Крамлі беларускага афіцыйнага лідара ніхто не чакае, мяркуе Андрэй Суздальцаў:

«Расея максімальна дыстанцыянавалася ад выбараў, свядома. Разлічваючы на тое, што ёсць шанец у беларускага народу самастойна разабрацца са сваёй уладай і знайсці кагосьці, за каго можна галасаваць».

Ці адсутнасць расейскага падтрымання гэта праблема сёння? І так і не. З аднаго боку – канешне гэта эканамічныя цяжкасці – нават запаветныя пяцьсот долараў сярэдняга заробку ў гэтыя крызісныя пандэмічныя часы забытыя. З іншага.

Працягвае Вольга Харламава:

«Асноўнай тэзай кандыдата Лукашэнка на выбарах будзе тэза аб незалежнасці. Пры чым незалежнасці ня толькі палітычнай, але часткова і незалежнасці эканамічнай. Ну прынамсі ў тым, што тычыцца энерганосьбітаў, у тым, што тычыцца валюты і эмісійнага цэнтра».

Наколькі вядома з часткова агучанага зместу дакументаў аб інтэграцыі, Расея прапаноўвала ўвесці адзіную валюту ў Саюзнай дзяржаве, якую натуральна самая б і друкавала. Адмовіліся. Няма супрацы нават у падавалася непарушнай – вайсковай сферы. Ня тое, што зброяй падзяліцца – у выпрабаваннях ракет не дапамагаюць!

Аляксандр Лукашэнка заявіў:

«Ня трэба перад расейцамі ставаць на калены! Гэта сігнал! Калі наш бліжэйшы хаўруснік мала таго, што не хоча з намі ракету гэту рабіць, палігон не дае… слухайце, гэта пытанне».

Выглядае на тое, што пытанне інтэграцыі ў Еўразійскай прасторы зайшло ў тупік ня горшы за інтэграцыю саюзную. Гэтак скончыліся апошнія саміты лідараў ЕАЭС у відэафармаце.

Аляксандр Класкоўскі:

«Пуцін зрабіў такі халодны душ найперш беларускаму і армянскаму кіраўнікам, якія хацелі танейшы газ атрымаць… Дык вось. Сэнс выказвання Пуціна быў у тым, што вось калі ў нас будзе агульны бюджэт і іншыя саюзныя атрыбуты, тады і будуць танныя энерганосьбіты. Фактычна ён паставіў умову аднавіць Савецкі саюз».

Гаворка пра доўгаабяцаны агульны рынак энерганосьбітаў, запусціць які і даць усім краінам ЕЭАС танную нафту і газ абяцаюць вось ужо шосты год. Што ж да двухбаковых дачыненняў, то ўсё канешне залежыць ад выбараў і маем два сцэнары.

ВІДЭА
Лукашэнка і Пуцін за 20 гадоў пахавалі Саюзную дзяржаву
2020.05.12 07:05

Андрэй Суздальцаў:

«Выбары праходзяць сумленна….. лічаць галасы..».. Тут наш маскоўскі суразмоўца смяецца. Ну, ня вераць адмыслоўцы, што дзесяцігоддзямі займаюцца нашай краінай, у сумленныя выбары, выгуляць якія сёлета афіцыйнаму лідару было б мякка кажучы праблематычна. Таму, маўляў сцэнар адзін – пасля чарговай элегантнай перамогі – Менск і Масква вернуцца да вельмі складаных перамоваў.

Андрэй Суздальцаў:

«Калі Лукашэнка застанецца на чарговы тэрмін – гэта будзе вялізарная праблема для Беларусі. Бо ніякага даверу паміж урадамі і прэзідэнтамі няма. Лукашэнка дзейнічае, як вораг Расеі і разлічваць на старое падтрыманне, як было да 18 года – было б вельмі наіўна»

Беларуска-расейскія адносіны канчаткова сыходзяць на летнія канікулы. Але восень стане тым яшчэ іспытам. Як для беларускай эканомікі, так і для нашага суверэнітэту.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 30.05.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

 

Стужка навінаў