Ці Францыя стане пасярэдніцаю ў беларускім крызісе?

На найвышэйшым узроўні ды на роўных. У Вільні адбылася сустрэча нацыянальнай лідаркі Беларусі Святланы Ціханоўскай ды прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Якую дапамогу паабяцаў французскі лідар? Што ці хто стаіць за гэтымі абяцаннямі?

Не заклік, а рэальнае абяцанне дапамогі ад лідара ўплывовай еўрапейскай дзяржавы. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон пастанавіў паспрыяць Беларусі ў развязанні палітычнага крызісу.

Святлана Ціханоўская, нацыянальная лідарка Беларусі:

«Я думаю, што спадар Макрон сапраўды зацікаўлены ў сітуацыі ў Беларусі. Ён паабяцаў нам зрабіць яшчэ адзін штуршок, каб дапамагчы ў перамовах з Лукашэнкам. Ён сказаў, што час вельмі важны, бо шмат людзей пакутуе ў турмах, і ён зробіць усё дзеля іхнага вызвалення. Так што давайце пабачым, я мяркую».

Апроч вызвалення палітвязняў на сустрэчы за зачыненымі дзвярыма размаўлялі і пра пільную неабходнасць правядзення ў Беларусі новых выбараў. Святлана Ціханоўская спадзяецца, што яны адбудуцца ўжо сёлета: зацягванне палітычнага крызісу толькі павялічвае колькасць ахвяраў рэжыму ды пагаршае эканамічную сітуацыю ў краіне. Вызначальную ролю ў мірным перадаванні ўлады пры гэтым Эманюэль Макрон ускладае на АБСЕ.

Эманюэль Макрон, прэзідэнт Францыі:

«Мы таксама будзем заахвочваць пасярэдніцтва. Францыя не будзе пасярэдніцаю. Спадарыня Ціханоўская папрасіла Францыю пасярэднічаць, але мы будзем звяртацца да Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе і разам з канцлеркаю Нямеччыны Ангелай Мэркель і старшынём Еўрапейскае Рады Шарлем Мішэлем хацелі б заклікаць Беларусь пагадзіцца на пасярэдніцтва з боку АБСЕ».

Намер сустрэцца з беларускаю нацыянальнаю лідаркаю пацвердзіла і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Візіт у Берлін плануюць на 5–6 кастрычніка. Дагэтуль з Ціханоўскай сустракаліся кіраўнікі Польшчы, Нарвегіі ды Літвы.

Запрашалі нацыянальную лідарку і на Саміт міністраў замежных справаў Еўразвязу ў Брусель у той час, як праведзеную з парушэннямі Канстытуцыі інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі еўрапейскія лідары не прызналі. Як на гэтым фоне разглядаць візіт французскага лідара?

Каментуе палітолаг Валер Краўцоў:

«Гэта не столькі палітычны рэверанс, колькі пасыл для Лукашэнкі, для Пуціна, што Заходняя Еўропа і заходні свет прытрымліваюцца адных поглядаў на рэчы, адных каштоўнасцяў, аднаго палітычнага фармату, а ў адказ Лукашэнка і Уладзімір Пуцін паказваюць, што яны прытрымліваюцца іншых фарматаў».

Эмануэль Макрон і АБСЕ могуць пасярэднічаць у беларускім канфлікце

Эманюэль Макрон – адзін з нешматлікіх палітыкаў аб’яднанай Еўропы, які намагаўся забяспечыць адлігу для Масквы ў Еўразвязе ды прыцягнуць яе да развязання крызісных пытанняў. Гэтак і цяпер палітык мяркуе, што дамагчыся дыялогу з Аляксандрам Лукашэнкам магчыма пры супрацы з Расеяй. Макрон у дзень візіту Лукашэнкі ў Сочы абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным пасярэдніцтва АБСЕ ў беларускім пытанні ды вызваленне палітвязняў. Пра важнасць ролі Масквы ў перамовах з афіцыйным Менскам таксама загаварыў Рым. Аднак Крэмль не прызнае лідарства Святлана Ціханоўскай, а беларускі бок ужо заявіў пра аднаўленне перамоваў пра дарожныя мапы Саюзнай дзяржавы.

«Ніякага перадавання ўлады не можа быць, і гаворкі аб перадаванні ўлады таксама не можа быць. У той новай канструкцыі, якая цяпер плануецца і рэалізуецца ў Саюзнай дзяржаве, не прадугледжаныя варыянты перадавання ці транзіту ўлады», – працягвае Валер Краўцоў.

Эманюэль Макрон не мае палітычных ілюзіяў адносна Уладзіміра Пуціна. Да таго ж Беларусь узгадалі і падчас візіту лідара Францыі ды літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы на базу міжнароднай баявой групы NATO ў літоўскай Рукле. Раней Літва з Польшчай ды Румыніяй прапанавалі Еўразвязу падтрымаць гэтак званы план Маршала для Беларусі: вылучыць для выхаду з крызісу грашовую дапамогу ад трох да пяці мільярдаў долараў. Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, які браў удзел у ейных размовах з лідарам Францыі, лічыць, што ёсць спадзевы на падтрыманне гэтага пытання ў Еўразвязе. Макрон казаў пра важнасць падтрымання Беларусі ў пераходны перыяд, пасля сыходу Лукашэнкі.

Лукашэнка: Макрону варта, нарэшце, заняцца ўнутранымі праблемамі Францыі

Каментуе Франак Вячорка, аналітык Atlantic Council:

«Якой будзе Беларусь? Як будзе фармавацца новая ЦВК? Якім чынам будуць праходзіць выбары? Якую дапамогу заходнія краіны могуць прапанаваць, у тым ліку фінансавую, фінансавы пакет дапамогі? Гэта абмяркоўвалася, без канкрэтыкі. Але з таго, што я зразумеў, – Францыя гатовая паўдзельнічаць».

Не чакаючы санкцыяў Еўразвязу супраць людзей Лукашэнкі, краіны Балтыі, Вялікая Брытанія і Канада прынялі санкцыйныя спісы самастойна.

Гаворыць Пэтэр Стана, афіцыйны прадстаўнік Еўразвязу ў замежнай палітыцы:

«На найвышэйшым палітычным узроўні ёсць рашучасць Еўразвязу прыняць санкцыі як мага хутчэй. Мы шмат працуем у гэтым кірунку, Еўразвяз не сцерпіць паводзінаў асобаў, звязаных з Лукашэнкам і адказных за афіцыйныя вынікі выбараў ды працяг рэпрэсіяў».

Пакуль Еўразвяз развязвае пытанне санкцыяў, Святлана Ціханоўская збіраецца ў Берлін і пашырае сваё міжнароднае прызнанне. Маючы на сваім баку дзве сталіцы самых уплывовых дзяржаваў ЕЗ, яна можа наблізіць прыняцце плану дапамогі Беларусі без Аляксандра Лукашэнкі. У той жа час дыктатар сустракаецца з губернатарамі расейскіх рэгіёнаў.

Юлія Лабанава, для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Damian Lugowski; INTS KALNINS / Reuters / Forum

Hавiны