Ці Еўразвяз заблакуе электрычнасць з БелАЭС?


Падзея нацыянальнага маштабу – пуск на 40 % магутнасці першага блоку Беларускай АЭС – не толькі запусціла ядравую рэакцыю, але і ўзмацніла працу ў блакаванні прадукцыі гэтага праекту Пуціна ды Лукашэнкі. Гаворка пра Літву, якая рашуча настроеная не пусціць беларускіх кілаватаў на Захад. Кажа, гэта магчыма ў новай палітычнай сітуацыі.

Лукашэнка асабіста даў загад на пуск першага энергаблоку Беларускай АЭС, а ўжо праз тры дні на станцыі прыпынілі выпрацоўваць энергію праз выхад з ладу трансфарматараў напружання. Гэтая навіна занепакоіла крытыкаў атамнага аб’екту ў Беларусі, а таксама суседзяў – Літву, Украіну, Польшчу.

Войцех Якубік, аналітык энергетычнага рынку, рэдактар BiznesAlert.pl:

«Чарговыя навіны пра чарговыя паломкі трэба праверыць. Аднак Менск адкрыта не супрацоўнічае з Еўрапейскаю Камісіяй у гэтай справе, хаця камісія звярталася ў пытанні кантролю бяспекі. Каб еўразвязаўскія эксперты маглі спраўдзіць, ці там усё ў парадку. Калі там і сапраўды ўсё ў парадку, то дапусціць такі візіт не павінна быць праблемаю».

Суседняя Польшча таксама плануе будаваць АЭС, але праз грамадскія абмеркаванні і ўзгадненні ў арганізацыях – кантралёрах бяспекі. Краіну занепакоілі тэхнічныя праблемы на Беларускай АЭС, але дыялог Варшавы з Менскам замарожаны пасля непрызнання Польшчаю легітымнасці Лукашэнкі.

«Праз гэта любыя размовы і перамовы паміж бакамі ўскладненыя. Наконт атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ў тым ліку», – мяркуе Войцех Якубік.

Рэпартаж
«А што, у Беларусі не выдаюць?» Пасля запуску БелАЭС у Вільні бясплатна раздаюць таблеткі ёдыду калію
2020.11.13 14:11

Наймацнейшы праціўнік БелАЭС – гэта Літва, каля мяжы з якою «Росатам» зрэалізаваў праект. Краіна прызнала станцыю небяспечным аб’ектам і заканадаўча замацавала прынцып не набываць яе прадукцыі.

Адразу пасля трапляння атамнай электрычнасці ў энергасістэму Беларусі Літва спыніла кантракты на закуп энергіі. Але электрычнасць працягвае паступаць у Літву праз Латвію – насуперак жнівеньскаму абяцанню прэм’ер-міністра не купляць беларускага атаму.

Жыгімантас Павілёніс, дэпутат Сейму Літвы, Звяз Бацькаўшчыны – Літоўскія хрысціянскія дэмакраты:

«Мы будзем рабіць усё, каб палітычнае і юрыдычнае рашэнне Літвы распаўсюдзілася на ўсе краіны Балтыі. Гэта быў бы першы крок да эмбарга ўсяго Еўрапейскага Звязу, бо Еўрапарламент падтрымаў гэтую пазіцыю».

Астравец на ўзроўні ЕЗ ужо ўспрымаецца як пагроза не толькі Літве, але і ўсяму рэгіёну – кажа палітык і гарантуе, што новы ўрад Літвы даможацца свайго. Абсалютная блакада Астраўца – адна з галоўных яго мэтаў пасля эканомікі і каронавіруса.

«Калі Еўразвяз заявіў, што не будзе падтрымліваць нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, было б добра, каб гэта не былі толькі словы, і мы б не плацілі за электраэнергію, якую рэжым разам з Крамлём стварае каля нашай мяжы», – працягвае Жыгімантас Павілёніс.

У Еўразвязе не было адзінства ў пытанні беларускай атамнай электрычнасці да сёлетняга палітычнага крызісу ў Беларусі. Цяпер гэта можа змяніцца, адзначае дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. На фоне міжнароднага ціску Лукашэнка заявіў, а «Росатам» пацвердзіў намер збудаваць у Беларусі другую АЭС і эксперыментальны рэактар. Навошта гэта трэба самаабвешчанаму прэзідэнту?

Каментуе Андрэй Казакевіч, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера»:

«Атамная станцыя мусіць забяспечыць энергетычны суверэнітэт ці прынамсі дазволіць гуляць на забеспячэнне гэтага энергетычнага суверэнітэту. Пытанне спрэчнае, бо самая станцыя будавалася на расейскія крэдыты, і знешняя залежнасць ад крэдытаў толькі павялічылася».

Каб пазбавіцца ад газавай залежнасці, Беларусь перайшла на атамную. Бо паліва на рэактары будзе пастаўляцца толькі з Расеі. Тэрмін эксплуатацыі станцыі – 60 гадоў… Гэта мінімальны тэрмін залежнасці ад паставак. Беларусі давядзецца быць больш згаворлівай у перамовах з Расеяй. У адрозненне ад мяса-малочнага і газа-нафтавага галадання, ядравае – недапушчальнае, бо рэзка спыніць станцыю нельга.

Самаакупляльнаю АЭС будзе толькі пасля выплаты 10-мільярднага крэдыту ў доларах і калі знойдзе пакупнікоў.

Праблема, перадусім з Літвою, узнікла праз тое, што пытанне месца будаўніцтва і празрыстасць праекту не былі належным чынам узгодненыя з заходнімі суседзямі.

«Беларуская дыпламатыя не змагла зняць гэтага пытання, што, безумоўна, было вялікаю паразаю і мела негатыўны ўплыў на развіццё стасункаў з Літвою ды Еўрапейскім Звязам у цэлым», – мяркуе Андрэй Казакевіч.

За гады будаўніцтва БелАЭС Літва блакавала праграмы супрацы на лініі Беларусь – Еўразвяз. Сярод іх было спрашчэнне візавага рэжыму, якое адбылося толькі сёлета. А запланаванае яшчэ на 2018 год новае пагадненне аб супрацы Беларусі з Еўразвязам – гэтак званыя прыярытэты партнёрства – дагэтуль без подпісаў.

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў