Ці доўга яшчэ ў Беларусі дзяржава будзе расстрэльваць?

Дзмітрый Канавалаў – адзін з двух абвінавачаных у падрыве бомбы ў менскім метро, 30 лістапада 2011 года. Фота – Forum/Reuters

Сёння беларускія ўлады зноў вывалаклі на трыбуну аргумент 1996 года. Маўляў, тады на рэферэндуме большасць у нас прагаласавала супраць адмены смяротнага пакарання. Ад гэтай старой нарыхтоўкі так патыхае нафталінам, што нават прадстаўніца Рады Еўропы Тацяна Тэрмачыч адкінула залішнюю паліткарэктнасць і заўважыла, што «нямала ўдзельнікаў рэферэндуму ўжо памерла».

Беларусь – адзіная на кантыненце краіна, дзе працягваюць ужываць смяротнае пакаранне. Як мінімум аднаго асуджанага расстралялі сёлета, а за апошнія 20 гадоў было выканана больш за 400 смяротных прысудаў.

Меркаванні
Чаму Лукашэнка раскланяўся перад «гнілой Еўропай»
2019.07.23 16:29

Трэба прызнаць, што ў апошнія гады караць смерцю сталі радзей. Афіцыйны Менск, узяўшы курс на нармалізацыю стасункаў з Захадам (бо патрэбная процівага ціску Масквы), пачаў глейкі гандаль з еўрапейцамі па шэрагу важных для іх тымаў, уключаючы адмену смяротнага пакарання.

У Нацыянальным сходзе стварылі працоўную групу для вывучэння праблематыкі гэтага пытання, раз за разам у Менску ладзяцца сумесныя з еўрапейскімі структурамі падзеі накшталт сённяшняй канферэнцыі «Грамадская думка і смяротнае пакаранне». З’явілася туманная перспектыва, што Беларусь і Рада Еўропы распрацуюць дарожную карту адмены смяротнага пакарання.

Але гэта яшчэ віламі па вадзе пісана. А пакуль усё мацней адчуванне дэжавю.

Праваабаронцы: гэта пытанне палітычнай волі

Вось і сёння дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч заявіў, што беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка «не можа пайсці супраць грамадскай думкі, выяўленай падчас рэферэндуму 1996 года». Ды і ў парламенце, маўляў, нямала прыхільнікаў захавання вышэйшай меры пакарання, так што могуць засячы пытанне на доўгія гады.

Ага, можна падумаць, што Нацыянальны сход у нас дзіка самастойны і свавольны! Быў калісьці свавольны Вярхоўны Савет, але яго Лукашэнка разагнаў якраз-такі па выніках рэферэндуму-1996 года, які прайшоў з мноствам парушэнняў, маніпуляцыяў і надоўга пасварыў Менск з Еўропай.

Так што лічбы таго плебісцыту самі па сабе для крытыкаў рэжыму сумнеўныя. У дадатак пазней сацыялогія паказала, што грамадская думка ў Беларусі гуманізуецца. У 2012 годзе, пасля непераканаўчага для многіх назіральнікаў суду над двума хлопцамі, абвінавачанымі ў падрыве бомбы ў менскім метро, быў момант, калі прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання стала нават больш, чым праціўнікаў.

Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў на судзе. У сакавіку 2012 года абодвух расстралялі. Фота – REUTERS/Vasily Fedosenko

Потым шалі гайдануліся ў іншы бок, але Еўропа і праваабаронцы падкрэсліваюць: для ўладаў гэта пытанне палітычнай волі. У многіх краінах яго вырашалі без плебісцыту. Да таго ж пачні беларуская дзяржава з яе манаполіяй на асноўныя СМІ шырокую кампанію за адмену смяротнага пакарання, мабыць, за лічаныя месяцы можна было б стварыць у гэтым пытанні большасць у грамадскай думцы. Але дзяржава і пальцам не паварушыць.

Чаму так упёрся Лукашэнкі?

Наагул у дэпутатаў, чыноўнікаў МЗС у такога роду дыскусіях з еўрапейцамі – незайздросная роля. Яны вымушаныя, як папугаі, паўтараць старыя сумнеўныя довады перш за ўсё з той простай прычыны, што жорсткую пазіцыю ў гэтай справе займае галоўны беларускі начальнік.

Аналітыкі варожаць, чаму Лукашэнка так упёрся. Бо ў пераліку тэмаў, па якіх Еўропа праядае лысіну, мараторый выглядае значна бяскрыўднейшым за, скажам, правядзенне свабодных, празрыстых выбараў. Ніякіх пагроз устоям рэжыму. А гэтыя чортавыя даставалы з ЕЗ і РЕ былі б па вушы задаволеныя. Глядзіш, і пернікі б нейкія абламіліся.

Некаторыя эксперты лічаць: закавыка ў тым, што ніхто не прапаноўвае досыць важкіх боханаў. Іншыя паказваюць на спецыфіку аўтарытарнага рэжыму, якому патрэбныя гэтакі культ дзяржаўнага гвалту, сімволіка застрашвання. Зрэшты, прыклад суседняй Расеі паказвае, што аўтарытарызм можа выдатна абыходзіцца і нават мацавацца без смяротнага пакарання.

Рэжым з рысамі сярэднявечнай манархіі

Магчыма, разгадка крыецца ў псіхалогіі Лукашэнка. Па сутнасці, ён стварыў сабе паўнамоцтвы сярэднявечнага манарха, уключаючы права караць і мілаваць, вяршыць лёсы людзей.

Які там падзел уладаў! Кіраўнік дзяржавы паказвае службовым, каго ўзяць у кайданкі. Можа злітавацца над чыноўнікам, які прамантачыў чужыя грошы, крыху раней выпусціць з-за кратаў. І разам з тым менавіта прэзідэнцкае рашэнне перакрэслівае апошнюю надзею для смяротніка.

ВІДЭА
«Здзівіў фантан крыві з галавы»: былы кіраўнік менскага СІЗА распавёў пра ўсе нюансы смяротнага пакарання
2018.08.16 21:03

У 2012 годзе беларускі кіраўнік прызнаўся:

«Памілаваў жа я за ўвесь перыяд прысуджаных да смяротнага пакарання, па-мойму, толькі аднаго чалавека».

Ахвяраваць такой прэрагатывай, як вырашаць пытанне жыцця і смерці, для самаўладнага кіраўніка, верагодна, – вельмі адчувальная страта.

Нарэшце, якая беларускаму кіраўніку выгада ад уступлення краіны ў Раду Еўропы? Хутчэй, толькі галаўнога болю дадасца, бо падданыя (прабачце, грамадзяне), напэўна, прымуцца штабнаваць скаргі ў ЕСПЧ. Дык навошта гэтай гнілой Еўропе дагаджаць?

Увогуле, падначаленым Лукашэнка, хутчэй за ўсё, яшчэ доўга прыйдзецца таўчы ваду ў ступе. Калі раптам еўрапейцы не прапануюць нейкі тоўсты куш. Ці, наадварот, Масква прыцісне так, што трэба будзе тэрмінова ўлагодзіць Еўропу.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Меркаванні
Беларускае – толькі па адмашцы. Каб стрымліваць «свядомых» і не раззлаваць Маскву
2019.06.24 16:18

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў