Ці дазволіць Расея Беларусі купляць нафту ў Казахстане?


Беларусь прапаноўвае Казахстану актывізаваць перамовы аб імпарце нафты з гэтай краіны. На сустрэчы з казахскім амбасадарам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля мадэрнізацыі НПЗ Беларусі будзе лягчэй набываць нафту ў іншых краінах.

Hавiны
Беларусь хоча набываць нафту ў Казахстане: пытанне ў Расеі
2019.05.23 12:43

Разам з тым ён прызнаў, што пытанне паставак казахстанскай нафты залежыць не толькі ад Беларусі і Казахстана, але і ад Расеі, якая іх падзяляе. «Я думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца пра нейкія аб’ёмы паставак нафты з Казахстану», – сказаў Лукашэнка.

Пытанне ў коштах

Эканамічная аглядальніца парталу «Белрынок» Таццяна Манёнак у каментары belsat.eu нагадала, што афіцыйны Менск вядзе перамовы з Казахстанам пра пастаўкі нафты апошнія гадоў 15-20. Не супраць іх і казахскі бок. Але праблема заключаецца ў тым, што Казахстан не мае сваёй трубаправоднай сістэмы і давядзецца гэтую сітуацыю вырашаць з Расеяй.

Суразмоўца адзначыла, што пры стварэнні Еўразійскага эканамічнага звязу беларускія і казахстанскія ўлады разлічвалі, што будзе створаны адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў, які дасць кампаніям Казахстану роўны доступ да трубаправоднай сістэмы Расеі.

На думку Таццяны Манёнак, калі пытанне з адзіным рынкам нафты і нафтапрадуктаў будзе вырашанае, Беларусь будзе зацікалеўная, каб дыверсіфікаваць пастаўкі нафты і не быць залежнай толькі ад паставак з адной крыніцы – з Расеі.

«Самае галоўнае – кошт. Ці будзе гэта працаваць. Ці будзе гэта эканамічна мэтазгодна. Ці будзе казахстанская нафта больш таннай у параўнанні з расейскай», – распавяла аналітык.

Больш за тое, экспертка не ўпэўненая, што адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў, які мусіць быць пабудаваны да 2025 году, сапраўды запрацуе.

«Расея ўзяла на сябе абавязкі даць доступ, каб казахстанскія кампаніі пастаўлялі нафту. А як насамрэч яно будзе праз некалькі гадоў – сказаць вельмі складана», – сказала яна.

Пакуль жа бакам трэба дамаўляцца з Масквой на ўваход у трубаправодную сістэму і пэўную квоту паставак. «Трэба доўгатэрміновае пагадненне і каб гэтая квота выбіралася беларускім бокам», – мяркуе Таццяна Манёнак.

Расея не хоча канкурэнцыі

Увогуле ж, як паказвае досвед, для казахскіх пастаўшчыкоў вельмі цяжка наладзіць транзіт нафты праз Расею. Пра гэта ў каментары belsat.eu заявіў расейскі эканамічны аналітык, спецыяліст па нафтагазавым рынку Міхаіл Круціхін.

«Былі пастаўкі, і вельмі значныя, праз Расею на ўкраінскую тэрыторыю. Казахі нават там набывалі магутнасці па перапрацоўцы. Затым былі пастаўкі ў Прыбалтыку. І нават экспарт праз прыбалтыйскія парты. Але ўсе гэтыя пачынанні зараз забытыя, бо транзіт праз Расею апынуўся для казахскіх пастаўшчыкоў эканамічна невыгодным ці проста немагчымым», – адзначыў ён.

Hавiны
Міжнароднае энергетычнае агенцтва распавяло пра наступствы бруднай нафты з Расеі
2019.05.15 13:17

Прычыны гэтага эксперт бачыць перадусім у нежаданні расейскіх кампаніяў мець канкурэнтаў. Але пастаўкам казахскай нафты ў Беларусь можа перашкодзіць таксама і палітычны фактар.

«Калі ўявіць сабе, што Беларусь будзе атрымліваць нафту, якая заменіць расейскую і дазволіць беларусам праводзіць больш незалежную палітыку, то, вядома, тут ёсць палітычны складнік такіх перашкодаў. Але галоўнае, вядома, – гэта канкурэнцыя», – падкрэсліў Міхаіл Круціхін.

Вельмі дорага і вельмі мала

Беларусь купляе нафту ў Казахстане і сёння, але аб’ёмы яе, паводле інфармацыі Міністэрства нацыянальнай эканомікі Казахстану, вельмі невялікія: максімум быў у 2017 годзе – 64,4 тыс. тон чыгуначным транспартам.

Інфаграфіка: belsat.eu

Казахстан – не адзіная краіна, з якой Беларусь спрабуе дамовіцца на імпарт сыравіны. Напрыклад, на пачатку траўня беларускі амбасадар на сустрэчы ў Нігерыі абмеркаваў пытанне дыверсіфікацыі яе паставак у Беларусь.

Актыўна Беларусь шукала альтэрнатыву расейскай нафце падчас крызісу ў стасунках з Расеяй у 2010 годзе. Тады Менск быў вымушаны пастаўляць сыравіну праз нафтаправод Адэса – Броды з Венесуэлы. Агулам было пастаўлена каля 3,4 млн тонаў. У 2016-2017 гадах Беларусь купляла таксама нафту ў Азербайджане (560 тыс. тонаў) і Іране (1,4 млн тонаў).

Але ўсе гэтыя праекты вельмі хутка спыніліся – цяжкасці з транспартаваннем істотна падвышалі канчатковы кошт. Напрыклад, венесуэльская нафта каштавала на $ 1,13 млрд больш за расейскую.

Пастаўкі нафты ў Беларусь. Інфаграфіка: belsat.eu

Ды і аб’ёмы, якія купляла Беларусь у трэціх краін, былі нашмат меншыя за расейскія. Толькі за 2010-2017 гады наша краіна, паводле «Белстату», набыла ў Расеі больш за 155 млн тонаў нафты, ці каля 20 млн тонаў за год.

МГ belsat.eu

Фота вокладкі: Viktor Drachev/TASS/Forum

Стужка навінаў