Ці дапаможа «нармандскі фармат» вярнуць мір на Данбас?


Belsat.eu разам з экспертам прыгадвае гісторыю «нармандскага фармату» і тлумачыць, якіх вынікаў чакаць ад чарговых перамоваў па Данбасе.

Навошта патрэбны «нармандскі фармат»?

Першая сустрэча лідараў чатырох дзяржаў – Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі – адбылася 6 чэрвеня 2014 году ў горадзе Шато-дэ-Бэнувіль у рэгіёне Нармандыя па ініцыятыве тагачаснага французскага прэзідэнта Франсуа Аланда. Яна прайшла на фоне адзначэння 70-й гадавіны высадкі саюзнікаў і была прысвечаная падзеям у Крыме і пачатку вайны на Данбасе. Аланд і Мэркель спадзяваліся такім чынам выканаць міратворчую ролю ва ўкраінска-расейскім канфлікце. За два месцы да гэтай сустрэчы, у красавіку, прадстаўнікі Расеі, ЗША, Еўразвязу і Украіны падпісалі Жэнеўскае пагадненне, якое абавязвала сепаратыстаў на Данбасе вызваліць захопленыя адміністратыўныя будынкі і скласці зброю.

Аднак чаканага эфекту дакумент не прынёс. Кіеў абвесціў пачатак антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны, пакуль Масква адмаўляла ўдзел сваіх вайскоўцаў у абстрэлах украінскіх населеных пунктаў. Вайна ўвайшла ў гарачую фазу.

Першы раз нашыя журналісты аказаліся ў сапраўднай гарачай кропцы

«У Кіеве цанілі гнуткасць Лукашэнкі»

За пяць з паловай гадоў вайны на Данбасе Аляксандр Лукашэнка здабыў сабе на міжнароднай арэне імідж міратворцы, прычым куды больш яскравы, чым ініцыятары «нармандскага фармату». Сёння мала хто памятае, што першай рэакцыяй Лукашэнкі на крымскія падзеі стала прапанова начальніку Генштаба РФ перакінуць у Беларусь 12-15 самалётаў для дадатковага патрулявання мяжы Саюзнай дзяржавы ў святле «пагрозы NATO». Гэтая просьба была агучаная на Савеце бяспекі 12 красавіка 2014-га, а ўжо на наступны дзень Расея перакіне на аэрадром у Бабруйску 6 знішчальнікаў і 3 вайскова-транспартных самалёты. І хаця ад Лукашэнкі нельга было пачуць адкрыта антыўкраінскай рыторыкі (яна была, хутчэй, антызаходняй), ён усяляк імкнуўся падкрэсліць сваю лаяльнасць Расеі.

Першае Менскае пагадненне (пратакол) было падпісанае 5 верасня 2014 у «Прэзідэнт-гатэлі» па выніках паседжання Трохбаковай кантактнай групы, куды ўвайшоў тагачасны амбасадар АБСЕ Хайдзі Тальявіні, другі прэзідэнт Украіны Леанід Кучма і расейскі амбасадар ва Украіне Міхаіл Зурабаў. У перамовах групы бралі ўдзел прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР. Менскі пратакол прадугледжваў неадкладнае спыненне агню, вывад з Данбасу незаконных узброеных фармаванняў і вайсковай тэхнікі, вызваленне ўсіх закладнікаў, забеспячэнне гуманітарнай дапамогі і г. д.

«Нармандскі фармат» – гэта не «Менскі пратакол». На што разлічвае Украіна ў перамовах?

«Я б не перабольшваў міратворчую ролю Лукашэнкі. Безумоўна, яна праяўлялася, але ў Кіеве тады цанілі, хутчэй, ягоную гнуткасць. Тое, што ён прыехаў на інаўгурацыю да Парашэнкі, дэманстраваў гатоўнасць дамаўляцца, запрапанаваў менскую пляцоўку. Але, вядома, ён толькі спадарожнічае і садзейнічае перамоўнаму працэсу, не адыгрываючы ключавой ролі», – кажа ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка. Фота: inshe.tv

Нягледзячы на падпісанне першага менскага пагаднення, баявыя дзеянні на ўсходзе Украіны не прыпыняліся: зімой 2015 году пасля працяглай абароны Данецкага аэрапорту распачаліся баі за Дэбальцава, дзе Украіна згубіла 136 кадравых вайскоўцаў узброеных сіл Мінабароны (без уліку байцоў Нацгвардыі і шматлікіх добраахвотнікаў). 11 лютага ў Менск з’язджаюцца лідары «нармандскай чацвёркі» на самыя працяглыя перамовы ў гісторыі фармату.

Чаму менавіта Менск?

«Момант быў вельмі востры і драматычны, трэба было хутчэй збірацца. Тады прагучалі прапановы ад Лукашэнкі і Назарбаева. Апошні даўно лабіяваў правядзенне такога саміту ў Астане, але абралі Менск праз зручнае геаграфічнае становішча, гэта быў вырашальны аргумент», – распавядае Фясенка.

Менск-2 трываў усю ноч – за 17 гадзін, паводле слоў Лукашэнкі, «выпілі некалькі вёдраў кавы». 12 лютага быў падпісаны Комплекс захадаў па выкананні менскіх пагадненняў. Ключавыя пункты дакументу – адвод цяжкіх узбраенняў бакамі, раззбраенне баевікоў, абмен палоннымі, а таксама перадачы расейска-украінскай мяжы пад кантроль Кіева пасля правядзення выбараў на Данбасе.

«Асноўная прэтэнзія да Менску-2 ад звычайных украінцаў і ад палітыкаў – тое, што ён не прынёс міру. Так, страляць сталі меней і меней гіне людзей, але міра ўсцяж няма. Акрамя таго, прававая легітымнасць Менску-2 умоўная, бо яго не падпісвалі палітычныя лідары і не ратыфікавала Вярхоўная Рада. Яшчэ адзін важны мінус – гэта вельмі двухзначны дакумент, які кожны з бакоў можа трактаваць па-свойму.

Паводле Украіны, спачатку варта вырашыць пытанні бяспекі, а Расея мяркуе, што спачатку трэба прыняць палітычныя рашэнні. І ніякага зруху ў пошуку кампрамісу не прасочваецца. Таму ёсць сур’ёзныя сумневы, што менскія пагадненні атрымаецца выканаць у поўным аб’ёме», – кажа палітолаг.

Экс-прэзідэнт Францыі распавёў, як на перамовах у Менску Пуцін выдаў прысутнасць войск РФ на Данбасе

Саміт у Парыжы: «Здрады не адбылося»

Пасля Менску-2 «нармандская чацвёрка» сустракалася ў Парыжы ў кастрычніку 2015-га і праз год – у Берліне. Ніякага значнага прарыву ў перамовах не адбылося. За гэты час вострая фаза баёў на Данбасе змянілася пазіцыйнай вайной, аднак лінія размежавання застаецца нерухомай, частка Данецкай і Луганскай вобласцяў, як і мяжа з РФ – пад кантролем баевікоў.

Першы за тры гады саміт у «нармандскім фармаце», які адбыўся сёлета 9 снежня ў Парыжы, стаў таксама першай асабістай сустрэчай Пуціна і Зяленскага. Яна працягвалася 8 гадзін. Вось галоўныя моманты, пра якія дамовіліся бакі:

  • поўнае спыненне агню да канца бягучага году;
  • развядзенне сіл на Данбасе ў трох новых пунктах на базе менскіх пагадненняў;

За месяц да гэтага сілы ўжо былі разведзеныя ля Станіцы Луганскай, пасёлкаў Залатое і Пятроўскае. Пра гэта Трохбаковая кантактная група дамаўлялася ў Менску яшчэ ў 2016 годзе, аднак рэалізаваць намер атрымалася толькі цяпер.

  • Да 31 снежня – абмен «усіх на ўсіх»: вызваленне палонных і закладнікаў. Зяленскі ў Парыжы сказаў пра 72 чалавекі, баевікі заявілі пра намер абмяняць 140.

Апошні буйны абмен палоннымі адбыўся ў снежні 2017-га, калі баевікі аддалі 74 украінскіх вайскоўцаў, а ў ДНР і ЛНР вярнуліся 300 чалавек.

Эманюэль Макрон вітае Уладзіміра Зяленскага ў Парыжы. Фота Ludovic MARIN / AFP

Нягледзячы на заявы бакоў аб гатоўнасці прыпыніць агонь, проста падчас перамоваў у Парыжы на Данбасе загінулі трое вайскоўцаў. Паводле дадзеных штаба Аперацыі аб’яднаных сілаў, баевікі 7 разоў парушылі рэжым цішыні, абстраляўшы ўкраінскія пазіцыі з гранатамётаў і буйнакаліберных кулямётаў. Тым часам, частка ўкраінскага палітыкуму баялася празмерных саступак Расеі з боку Зяленскага.

«8 і 9 снежня перад Офісам прэзідэнта Украіны нават праходзілі пратэставыя акцыі супраць капітуляцыі перад Расеяй. Была засцярога, што малады прэзідэнт прайграе мацёраму ваўку Пуціну. Аднак ніякай здрады не адбылося, усе выдыхнулі. Большасць ацэнак, нават ад тых, хто быў настроены нейтральна-крытычна да Зяленскага, цяпер даволі станоўчыя. Сустрэча ў цэлым ацэньваецца як паспяховая як для Украіны, так і для Зяленскага, які дабіваўся яе паўгода», – тлумачыць Фясенка.

Наступным разам «нармандская чацвёрка» збярэцца ўжо праз чатыры месяцы. Як заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў, саміт можа адбыцца ў Берліне. Прагназаваць, як будзе выглядаць парадак дня ў красавіку, эксперты пакуль не бяруцца. Аднак ёсць найважнейшая ўмова працягу перамоваў.

«Што датычыць развядзення войскаў, то гэта, хутчэй за ўсё, будзе выканана. А вось наконт прыпынення вагню – досвед негатыўны. Ужо абвяшчалі больш за 20 прыпыненняў агню і ніводнае не было поўным. Цяпер мяч на полі Пуціна: калі ён не здолее праз сепаратыстаў прадэманстраваць паляпшэнне вайсковай сітуацыі на Данбасе, цалкам верагодна, што наступны саміт у Берліне можа наагул не адбыцца»,– мяркуе эксперт.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары