Ці дапамогуць вайсковыя парадкі павысіць прэстыж дзяржаўнай службы?


22 студзеня на нарадзе ў кіраўніка Беларусі быў разгледжаны праект Закону аб дзяржаўнай службе. Як заявіў Аляксандр Лукашэнка, ключавой у дакуменце мусіць быць прывязка матэрыяльнага становішча да ўзроўню жыцця насельніцтва.

Дзяржаўная служба як аналаг вайсковай

Паводле кіраўніка краіны, у законапраекце неабходна замацаваць абавязковыя правілы паводзінаў, якія забяспечваюць строгую дысцыпліну. У цэлым, сказаў ён, дзяржслужба павінна быць падобна вайсковай, мець выразныя і вычарпальныя патрабаванні да яе праходжання. У новым законе, адзначыў Лукашэнка, замацаваныя сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, адпаведныя іх абавязкам, максімальна набліжаных да абавязкаў вайскоўцаў.

Фота http://president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што высокі прававы статус дзяржслужачых і прэстыжнасць прафесіі немагчымыя без сацыяльна-прававых гарантый для іх. Аднак, сказаў ён, дадатковых, у дадатак да ўжо існуючых, «боханаў» быць не павінна.

Зараз усё вельмі палітызавана

Разам з тым, заявіла ў каментары Belsat.eu дырэктарка Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA Наталля Рабава, беларускія ўлады забываюць самы галоўны крок для павышэння прэстыжнасці і эфектыўнасці дзяржаўнай службы – падзел яе на палітычны і непалітычны ўзроўні.

«Зараз яна ўся ў нас вельмі палітызаваная і вельмі залежная ад рашэнняў зверху. Калі заўтра з’явіцца новы прэзідэнт, ён можа ўсіх абсалютна звольніць зверху ўніз да апошняй прыбяральшчыцы і паставіць новых людзей. Па-другое новая мятла па-новаму мяце, і ўсе яны могуць пачаць працаваць у абсалютна іншых напрамках, чым раней», – мяркуе эксперт.

Паводле яе, людзі, адказныя за ўнутраную працу ў міністэрствах, не павінны залежыць ад палітычных хістанняў і ўплываў, бо менавіта яны падтрымліваюць пераемнасць штодзённай працы дзяржапарату. «Трапіўшы туды (на дзяржслужбу – Belsat.eu), ты мусіш быць спакойны за сваю будучыню, калі ты добра працуеш, незалежна ад таго, хто ў цябе начальнік. Такім чынам месца робіцца прэстыжным, асабліва, калі за яго яшчэ і плацяць», – заявіла Наталля Рабава.

Аб’ектыўнасць, канкрэтыка і абарона

Эфектыўнай жа праца можа быць, калі яе ацэнка залежыць не ад меркавання начальніка, які можа змяніцца ці «устаць не з той нагі», а ад аб’ектыўных паказнікаў, калі прапісаныя канкрэтныя задачы ў межах пасады і кампетэнцыі.

Раскрытыкавала Наталля Рабава і разуменне беларускімі ўладамі этычнага кодэксу дзяржслужачых, які «у вышэйшых эшалонах улады разглядаюць як аналаг статуту ў арміі». Але ж у краінах, якія яго першымі ўвялі, этычны кодэкс уяўляе сабой інструмент, які дапамагае чыноўнікам зразумець, як паступаць у сітуацыі нявызначанасці, заявіла яна. «Бо ўсе ў свеце сітуацыі не апішаш, але калі ёсць базавыя прынцыпы, якія вызначаюць, што такое добра і што такое кепска, то можна прымаць рашэнне, што рабіць у сітуацыі, якая нідзе не апісаная», – падкрэсліла суразмоўца.

Hавiны
Дзе дзяржава больш эфектыўная – ва Украіне ці ў Беларусі? Высновы экспертаў неадназначныя
2019.01.18 11:07

Пры гэтым, адзначыла яна, кодэксу павінны прытрымлівацца ўсе, пачынаючы з самага верхняга ўзроўню. «Рыба заўжды гніе з галавы. Калі падначаленыя бачаць, што іх кіраўнік бярэ хабар, то ў іх ніякай матывацыі працаваць сумленна не ўзнікае, а калі начальства дэманструе высокамаральныя паводзіны – гэта зусім іншая справа», – упэўненая дырэктарка SYMPA.

Таксама мусіць быць прапісаная абарона тых, хто паведамляе пра пэўнае правапарушэнне ці карупцыю. Чалавек мусіць ведаць, што пасля тэлефанавання на лінію даверу, яго не змогуць звольніць, панізіць ці прынізіць за тое, што ён вынес «смецце з хаты», падкрэсліла Наталля Рабава.

  • У 2017 годзе заробкі дзяржаўных службоўцаў паказалі рэкордны рост. Іхныя прыбыткі павялічыліся больш як на траціну і перавысілі ў сярэднім 1000 рублёў на месяц. Паводле ўладаў, учыніць гэта ўдалося дзякуючы маштабнаму скарачэнню працаўнікоў дзяржапарату.
  • У прыватнасці, колькасць працаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта скарацілася, паводле афіцыйных звестак, на 20%, а цэнтральны апарат Міністэрства замежных справаў – на траціну. У межах аптымізацыі МУС было ліквідавана каля 1000 вакантных пасадаў.
  • Паводле апошніх дадзеных афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі дзяржслужачых, занятых у дзяржорганах і іншых дзяржаўных арганізацыях, налічваецца 37,16 тыс. чалавек супраць 59,14 тыс. у 2011 годзе.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў