Ці чакаць наступнага Майдану ва Украіне?


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGWXZzeGRfWHluMmMlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Які шлях прайшла Украіна пасля Майдану? Пра гэта Аліна Коўшык пагутарыла з Пётрам Андрусечкам, польскім журналістам, лаўрэатам узнагароды «Журналіст года» за працу ва Украіне, які толькі нядаўна вярнуўся з Данецку і Кіева.

– Спадар Пётр, якою была Украіна да і пасля Еўрамайдану?

– Майдан, канешне, прынёс вялікія надзеі. Узгадайма галоўныя патрабаванні. Спачатку гэта быў Еўрамайдан – супраціў палітычным зменам, якія абраў Віктар Януковіч і ягонае акружэнне, адмовіўшыся падпісаць Дамову аб асацыяцыі з Еўразвязам. Гэта было першае і галоўнае патрабаванне Еўрамайдану, які пазней перарадзіўся ў Рэвалюцыю годнасці. У такім разуменні супраціву атрымалася шмат. Украіна зноў стала на шлях збліжэння з Еўразвязам і падпісала Дамову аб асацыяцыі. Тут заўважныя вялікія змены, але калі браць пад увагу іншыя патрабаванні, якія з’явіліся падчас Рэвалюцыі годнасці, а менавіта барацьбу з карупцыяй і алігархамі, – прагрэсу, якога ўсе чакалі, не бачна. І цяпер праз 2 гады пасля рэвалюцыі Украіна ўсцяж мае вялікія праблемы з карупцыяй, увесь час адчувае розныя ўплывы алігархаў. І тыя рэформы, якіх чакалі на Майдане, дзе пралілі шмат крыві, гэтыя рэформы ўсе ж ідуць занадта павольным тэмпам. Гэтак мяркуе большасць украінцаў.

– Ці змены, якія адбыліся, вартыя сотняў і тысяч жыццяў, якія страцілі людзі? Ці ўкраінцы цяпер не расчараваныя?

– Я думаю, што няма вялікага расчаравання ў тым сэнсе, што не было варта змагацца, ёсць проста расчараванне палітыкамі, якія прыйшлі пасля Майдану, – яны падвялі. І памятайма: калі Майдан пачынаўся – палітыкаў не было. Гэта быў спантанны рух, грамадскі рух. 21-га лістапада людзі дамовіліся проста праз «Фэйсбук» і прыйшлі. Яны былі першымі. Першымі, каго пабілі, былі студэнты. І толькі пазней далучыліся палітыкі. І, на жаль, як паказала практыка, ва Украіне палітычны клас не дарос яшчэ да сваіх грамадзянаў. Але не думаю, што ёсць расчараванне ідэаламі самой рэвалюцыі.

– Вы толькі што вярнуліся з Данецку. Як цяпер выглядае сітуацыя там і ці там людзі не расчараваныя «дапамогай Расеі»?

– Розніца досыць вялікая. Так склалася, што роўна год таму я быў у Данецку і яго ваколіцах. Падобна як і на Крыме праз год пасля анексіі я назіраў, што эйфарыя прайшла. А звычайная жыццё для людзей, якія там засталіся, стала вельмі цяжкім. Існуюць праблемы з дастаўкамі прадуктаў, кошты харчоў вельмі высокія, іх прывозяць толькі з Расеі. Гэта таксама пытанне працы, а хутчэй браку працы. Таксама існуе праблема з сацыяльным забеспячэннем ды пенсіямі і гэтак далей. Канешне, цяпер спакойней. Гэта значыць, што няма таго, што было паўгода ці год таму, – артылерыйскіх абстрэлаў. Іх было выразна чуваць у цэнтры гораду. А сёння ў цэнтры Данецку пануе цішыня. І толькі на перыферыі чуваць абстрэл, там, дзе праходзіць лінія фронту. Але, канешне, вельмі блізка да самага Данецку. Аднак адчуваецца расчараванне, няма таго энтузіязму. Ніхто не крычыць «Наваросія!» Я думаю таксама, што людзі да канца не ведаюць, а хутчэй зусім не ведаюць, як далей будуць развівацца падзеі – ці канфлікт застанецца замарожаным. І не яны не маюць ілюзіі наконт таго, што Данецк і Луганск стануць часткаю Расеі.

– Якія вашыя асабістыя ўражанні былі самымі моцнымі падчас Майдану ці пазней, падчас падарожжаў па Украіне? Што найбольш засталося ў памяці – якія карцінкі, якія вобразы?

– Шчыра кажучы, няма такой адной карцінкі. Момант, калі я прыехаў у Кіеў пасля некалькіх дзён з пачатку Еўрамайдану, і самы канец – для мяне гэта адзін этап. І там бадай наймацнейшым момантам былі 18-га, 19-га і 20-га лютага 2013 года, пачынаючы ад падзей на вуліцы Інстытуцкай і заканчваючы на Майдане. Гэта быў абсалютны шок. Я сам бачыў закалоты і кроў, якая лілася, «Беркут», які катаваў людзей, што ляжалі на зямлі. І ў тыя 3 дні Кіеў, а дакладней яго цэнтр, нагадваў горад у вайне і хаосе. А пазней я адразу пасля рэвалюцыі паехаў на Крым. Крымскія падзеі для мяне таксама былі шокам і падаваліся нечым неверагодным у Еўропе ХХІ стагоддзя, калі раптам з’яўляюцца дзясяткі і сотні жаўнераў без апазнавальных знакаў і проста забіраюць кавалак тэрыторыі іншай краіны. А пазней усё гэта зацьміла вайна на Данбасе.

Еўрамайдан не быў першым Майданам, але ці быў апошнім?

– Над гэтым пытаннем эксперты думаюць ужо прынамсі год. Нядаўна з’явіліся вельмі цікавыя даследаванні сярод украінскіх адмыслоўцаў, дзе, на жаль, большасць экспертаў лічыць, што трэці Майдан нельга выключыць. І гэта відавочная змена іх пазіцыі цягам апошняга года. Бо на тое самае пытанне год таму яны адказвалі, што хутчэй за ўсё яшчэ адзін Майдан немагчымы. Цяпер галоўнай праблемай з’яўляецца адсутнасць рэформаў і слабая барацьба з карупцыяй, і гэта можа прывесці на пратэстаў нават у больш шырокім маштабе. Таксама існуе рэальная пагроза Майдану, які мог бы стаць дзяржаўным пераваротам, справакаваным сіламі звонку. І тут зразумела, адзін з суседзяў вельмі зацікаўлены ў такім сцэнары. Ёсць таксама палітычныя сілы ў самой Украіне і некаторыя алігархі, якія, як я мяркую, могуць жадаць рэваншу.

Сюжэт праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:40. У цэлым выданні праграмы: Крым без святла, а Украіна без вугалю; мясам і курортамі за самалёт; Ангела Мэркель – усё толькі пачынаецца; Адкрытая ўлада Фінляндыі ды іншае.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў