Ці быў Усяслаў Полацкі «Чарадзеем»? ТОП-5 фактаў пра князя-легенду


Медыявіст і археолаг Генадзь Семянчук, які некалі стаў ахвярай «чысткі прафесараў» у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце за часамі Сямёна Шапіра, прачытаў у Горадні адкрытую лекцыю пра міф «старажытнай Русі». Пры гэтым спыніўся на асобе Усяслава Полацкага, званага «Чарадзеем».

Паводле Семенчука, Усяслаў Полацкі – асоба незаслужана дэманізаваная і прыніжаная спачатку кіеўскімі летапісцамі, а затым расейскімі ды савецкімі гісторыкамі. Ад праваслаўных летапісцаў ён займеў вобраз крыважэрнага язычніка, павязанага з дэманічнымі сіламі, а ад расейскіх навуковых шавіністаў – вобраз уцекача ці канфліктнага сепаратыста, які не хацеў ставаць часткай адзінай «рускай» дзяржавы, з цэнтрам у Кіеве.

Ці трэба ўсяму гэтаму верыць? Ці варта слепа пераказваць сведчанні з летапісаў, якія пісаліся на замову кіеўскіх князёў? Чаму Усяслаў Полацкі па праву можа лічыцца выбітным харызматычным палітыкам, які не аднойчы блытаў карты суседзям і апанентам? Вось некаторыя тэзы Генадзя Мікалаевіча.

Генадзь Семянчук прачытаў у Горадні адкрытую лекцыю пра міф «старажытнай Русі»

Князь-Воўк

У 1065 годзе Усяслаў нападае на Пскоў, узімку 1066-67-га пустошыць Ноўгарад Вялікі, у тым ліку здымае званы з наўгародскай Сафіі. Гэта і стала падставай для стварэння дэманічнага вобразу князя, такога сабе «злога вампіра». Адсюль і правакацыйныя чуткі, маўляў, Усяслаў нарадзіўся «ад валхвавання», а на галаве меў пры нараджэнні мяшочак, які насіў пад шапкай да скону гадоў, як параілі яго маці валхвы-паганцы.

Загадкавасць неардынарнай асобы Усяслава для тагачасных жыхароў Кіева, Ноўгарада, Чарнігава неўзабаве зрабіла яго героем казак і былінаў. Там ён быў ужо валхвом, воўкам, пярэваратнем, прадстаўніком цёмных сілаў прыроды і г.д. Усё гэта – чорны піяр, прапаганда апанентаў у купе з банальнымі народнымі тлумачэннямі нетыповых паводзінаў харызматычнага палітыка.

Паводле Семенчука, Усяслаў Полацкі – асоба незаслужана дэманізаваная і прыніжаная спачатку кіеўскімі летапісцамі, а затым расейскімі ды савецкімі гісторыкамі

Верыў у саюзныя дамовы і «сілу крыжа»

На пачатку сваёй кар’еры Усяслаў ладзіў з кіеўскімі Яраславічамі, разам яны нават хадзілі ў паходы супраць стэпавікоў у 1060-м. Пасля нешта пайшло не так, пачалася 20-гадовая канфрантацыя з сынамі і ўнукамі Яраслава. Прычынай можа быць паход кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча на народ сасолаў, якія жылі ў Эстоніі – што ў Полацку зразумелі як пагрозу… Усяслаў у адказ пустошыць Пскоў і Ноўгарад, а Ізяслаў ідзе паходам на Менск – тая самая Бітва на Нямізе 1067-га году.

Пасля бітвы Ізяслаў прапануе Усяславу сустрэцца, прысягнуўшы на крыжы, што ўсё будзе мірна і спакойна. Сталася па-іншаму: Усяслава з сынамі бяруць у палон, вязуць у Кіеў і садзяць там у паруб. Гэты момант – парушэнне «крыжацалавання» – робіць Усяслава аўтарытэтам нават для аўтара «Аповесці мінулых гадоў». Усе наступныя падзеі – беды Яраславічаў, палітычны крызіс, міжусобіцы – падаюцца ў летапісах як вынік парушэння важнай дамовы, змацаваныя «сілай крыжа».

Генадзь Семянчук прачытаў у Горадні адкрытую лекцыю пра міф «старажытнай Русі»

«Майдан-1068» і «залаты батон» Ізяслава

Са школьных падручнікаў мы ведаем эпізод, як кіеўляне вызвалілі Усяслава з парубу і паклікалі на княжанне. Чаму так сталася? Ізяслаў наўпрост не змог абараніць сваю сталіцу ад набегу полаўцаў, не даў кіеўлянам зброі і каняў. Таму вымушаны быў збегчы ад разʼюшаных месцічаў у Полацк. Кіеўляне разрабавалі княжы двор, дзе знайшлі «безліч золата і срэбра». Усяслава ж вызвалілі і абвясцілі князем.

Што гэта значыла ў больш шырокім гістарычным сэнсе? За 200 год (ад смерці Яраслава ў 1054-м да мангольскай навалы ў 1230-40-я) Усяслаў быў адзіным князем, які заняў кіеўскі пасад, не зʼяўляючыся Яраславічам, то бок – парушыў дынастычную лінію. Гэта быў менавіта «палітычны пераварот» (як піша піцерскі даследчык Фраянаў), а не таемная закулісная змова, падзея ўнікальная!

«Скрадзеная» перамога Усяслава

Час княжання Усяслава ў Кіеве летапісцамі наагул ніяк не адзначаны – быццам і не было нічога. Разам з тым, праз два месяцы пасля перамогі полаўцаў над Яраславічамі ўвесну 1068 (з-за чаго кіеўляне і прагналі Ізяслава), стэпавікі ладзяць новы паход – на Чарнігаўшчыну. 1 лістапада аб’яднаныя княскія войскі перамаглі полаўцаў, узяўшы ў палон іх правадыра.

Аўтар летапісу ХІІ ст. свядома замоўчвае імя «архітэктара» перамогі – Усяслава. А на першы план выходзіць Святаслаў Яраславіч Чарнігаўскі. Зразумела, што апошні без Усяслава не змог бы сабраць патрэбнае па колькасці войска (інакш, чаму не рабіў так раней?), то бок арганізацыяй абароны займаўся акурат кіеўскі князь. Такім чынам, Усяслаў выканаў перад кіеўлянамі абяцанне – абараніў ад стэпавікоў, чаго не здолеў Ізяслаў, ягоны супернік.

Генадзь Семянчук прачытаў у Горадні адкрытую лекцыю пра міф «старажытнай Русі»

Эмігрант з мячом у руцэ

Наступныя падзеі сведчаць, што кіеўскі трон Усяслаў заняў не «вераломна», уласным жаданнем, а сілай абставінаў. Калі ў 1069 годзе Ізяслаў вяртаецца з Польшчы разам з сіламі Баляслава Харобрага, Усяслаў наўпрост зʼязджае ў Полацк – не жадаючы бойні, ён не бароніць горад. Усё, што хацеў, ён зрабіў: выйшаў на свабоду, пасварыў Яраславічаў, узмацніў пазіцыі свайго княства.

У тым жа годзе помслівы Ізяслаў ідзе на Полацк, выганяе нашага Усяслава і садзіць там свайго сына. Усяслаў не мае належных сілаў, каб бараніцца, уцякае ў Прыбалтыку, дзе стае эмігрантам… Але ўжо ўвосень, на чале фінскага паганскага племені водзь, бярэ ў аблогу Ноўгарад! Паход быў няўдалы, Усяслаў зноў трапляе ў палон. І – на дзіва – князь Глеб адпускае яго на волю, магчыма, каб насаліць свайму дзядзьку Ізяславу ў Кіеве.

Такім чынам, Усяслаў Полацкі быў самым паспяховым і актыўным змагаром супраць стварэння адзінай дзяржавы з цэнтрам у Кіеве, якую сталінскія гісторыкі і называюць «Старадаўнерускай дзяржавай». Таму Усяслаў – гэта князь-незалежнік, князь-легенда, а для ворагаў – князь-ваўкалак.

Алесь Кіркевіч, фота Васіль Малчанаў/Belsat.eu

Стужка навінаў