Ці быў шанец на перамогу? Цэх Жывой Гісторыі распавядзе пра паўстанне 1863 года


Нефармальнае беларускае аб’яднанне беларускіх ваенных гісторыкаў, аматараў гісторыі і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, археолагаў ладзіць 25 красавіка адкрытую сустрэчу, прысвечаную паўстанню 1863 года і распавядзе пра фактары, якія ўплывалі на ягоны ход.
«Бітва» частка цыклу Артура Гротгера пра падзеі 1863 году. wikipedia.org
У асноўным лекцыя «Паўстанне 1863 года ў Беларусі: ці быў шанец на перамогу?», якую прачытае кандыдат гістарычных навук Зміцер Матвейчык, будзе прысвечаная аналізу сітуацыі перад паўстаннем і падчас яго.
Ён лічыць, што адказ на сфармуляванае ў назве лекцыі пытанне яшчэ не знойдзены. Не распрацаваныя яшчэ вельмі многія тэмы звязаныя з падзеямі 1863-1864 года, а працы гісторыкаў таксама шкодзіць палітычная ангажаванасць.
Ці добра вывучаны ў нас 1863 год?
«Беларуская гістарыяграфія паўстання застаецца вельмі палітызаванай, і гісторыкі часта праз свае даследаванні шукаюць аргументы на карысць сваіх палітычных перакананняў», – сказаў у інтэрв’ю Белсату гісторык.
Толькі перад юбілеем паўстання ў 2013 годзе пачалі выходзіць заўважныя новыя працы, прычым пераважна гэты былі зборнікі, якія ў значнай ступені былі прысвечаны не самому паўстанню, а «каляпаўстанцкім пытанням».
Карціна Аляксандра Сахачэўскага «Набор 1863 года». Казакі трымаюць у коле прымусова набраных рэкрутаў у расейскае войска.
«Баявыя дзеянні вывучаныя вельмі слаба, саслоўны стан вельмі павярхоўна, дзейнасць тых ці іншых людзей у канкрэтных падзеях, уплыў сялянская рэформы на паўстанне – даюцца палярныя ацэнкі», – дадае ён.
Аднак паступова стала заўважнай тэндэнцыя вызвалення ад палітызацыі, пачалі зʼяўляцца публікацыі без дэманізацыі ці рамантызацыі варагуючых бакоў, распавядае Зміцер Матвейчык.
Эканоміка, а не рэлігія
Па меркаванні спецыяліста не гралі асаблівай ролі ў тым, як адбывалася паўстанне ў Беларусі, супярэчнасці паміж мясцовымі католікамі і праваслаўнымі, на якія часта спасылаюцца прарасейскія публіцысты.
«Я б сказаў, што рэлігійны фактар не аказаў на паўстанне ўвогуле ўплыў… Канешне, на каталіцкіх тэрыторыях паўстанне было больш актыўным, але фактар я б не назваў прынцыповым», – кажа гісторык.
Вытрымка з пратакола допыту В. Парфіяновіча, у якім згадваецца пароль паўстанцаў: «Каго любіш?» – «Люблю Беларусь». wikipedia.org
Хутчэй расейская сялянская рэформа і адмена прыгону ў 1861 годзе паўплывала на паводзіны сялянаў любой рэлігіі і іхнае жаданне ці нежаданне ваяваць.
«Польскія сяляне-католікі гэтак жа сама не падтрымалі масава паўстанне, як і беларускія ці ўкраінскія сяляне. Расейскія ўлады стараліся выкарыстаць рэлігійны фактар у прапагандзе, аднак на самой справе беспаспяхова», – распавёў Зміцер Матвейчык.
Былая Рэч Паспалітая і ўвесь свет
Лекцыя будзе распавядаць пра паўстанне на ўсіх тэрыторыях Рэчы Паспалітай.
«Будзе лекцыя пра паўстанне ў цэлым, хоць прыклады будуць менавіта з Беларусі і бліжэйшых тэрыторый. У дадзеным выпадку немагчыма лічыць, што паўстанне магло перамагчы ў Беларусі і прайграць у Каралеўстве Польскім», – распавёў гісторык.
Таксама будзе разгледжаная міжнародная сітуацыя таго часу і пытанне, чаму паўстанне не знайшло падтрымкі ў замежных дзяржаў. Не будзе пакінутае ў баку і ўнутрыпалітычнае становішча самой Расеі.
Хто такія касінеры?
Падчас лекцыі, якая разлічаная на шырокае кола людзей, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, Зміцер Матвейчык будзе паказваць ілюстрацыі часоў паўстання, а таксама распавядзе пра ўспрыняцце гэтых падзей у Еўропе.
Касінеры 1863 года. wikipedia.org/
«Абмяркуем на гэтым грунце чаму і як зʼяўляліся такія папулярныя вобразы як касінеры як вобраз паўстання, суаднясем яго з рэальнай гістарычнай зʼявай, хто гэта былі ў сапраўднасці», – кажа гісторык.
Хто, дзе, калі
Сустрэча ў стылі «навука за куфлем піва» адбудзецца 25 красавіка ў Менску ў 19.00 у бары Beer&Wine (Кульман, 9). Традыцыйны майстар Цэха – кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі.
Кастусь Каліноўскі. 1863 год.
Цэх Жывой Гісторыі імкнецца абʼяднаць усіх зацікаўленых ваеннай гісторыяй у нашай краіне. Праца плануецца ў межах рэгулярных нефармальных сустрэч-семінараў з удзелам вядомых гісторыкаў і археолагаў і самых пафасных прадстаўнікоў рэканструктарскай супольнасці.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu
Стужка навінаў