Ці было ў 2020 годзе штосьці прыемнае? «Белсат» збірае добрыя навіны ад сваіх чытачоў


2020 год дакладна ўвойдзе ў сусветную гісторыю як адзін з найгоршых за апошнія дзесяцігоддзі. Больш за паўтара мільёна чалавек загінулі ад пандэміі, мільёны страцілі працу, а ў Беларусі ўжо тры месяцы палыхаюць пратэсты і гінуць людзі. Але мы ведаем, што нават сярод гэтай цемры былі светлыя навіны. Напэўна, дзякуючы ім мы і перажылі гэты год.

Беларусы дапамагалі лекарам

Падчас першай хвалі каронавірусу беларускія ўлады старанна адмаўлялі пандэмію, хавалі афіцыйную статыстыку і нават праводзілі вайсковыя парады ў Менску на дзясяткі тысячаў чалавек.

Беларускім лекарам прыйшлося не салодка: яны былі пазбаўленыя базавых сродкаў абароны і былі змушаныя самі шукаць маскі, рэспіратары і адмысловыя касцюмы. На дапамогу прыйшоў фонд ByCovid19, які існаваў толькі за кошт ахвяраванняў беларусаў.

Зараз фонд спыніў сваю працу: ягоных каардынатараў пераследуюць беларускія ўлады, а пляцоўку, праз якую збіралі грошы, зачынілі.

Hавiны
Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж
2020.04.17 08:00

Аб’яднанне штабоў Ціханоўскай-Цапкалы-Бабарыкі

Яшчэ адзін прыемны сюрпрыз выбарчай кампаніі-2020 у Беларусі. Пасля нерэгістрацыі асноўных кандыдатаў на пост прэзідэнта – Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, але рэгістрацыі Святланы Ціханоўскай, штабы папулярных кандыдатаў аб’ядналіся. «Тры грацыі», «трыумвірат» – як толькі не называлі гэтую незвычайную для беларускай палітыкі з’яву.

Дарэчы, дамовіцца пра ўсё Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава здолелі за 15 хвілінаў.

Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У выніку аб’яднаны штаб праехаў са звышпапулярнымі мітынгамі невялічкае турнэ па Беларусі, падрыхтаваў кароткую, але ёмістую праграму (вызваліць палітзняволеных, зладзіць новыя выбары, захаваць стабільнасць). А Святлана Ціханоўская стала не толькі сімвалам пераменаў для беларусаў, але, можа быць, і абранай прэзідэнткай.

Шчыра кажучы
Ціханоўская, Калеснікава і Цапкала патлумачылі, чаму яны супраць байкоту. Спецвыданне «Шчыра кажучы»
2020.07.21 22:20

Беларусы – неверагодныя. Марш 16 жніўня

Пасля пекла 9-12 жніўня са святлошумавымі гранатамі, гумовымі кулямі, вадамётамі, збіваннем і катаваннямі людзей, нядзельны мітынг 16 жніўня стаў глытком свежага паветру.

У адным Менску, па розных ацэнках, ад 200 да 400 тысячаў людзей выйшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі. У той раз абышлося без затрыманняў. І пачалася славутая традыцыя нядзельных маршаў: з забаўнымі плакатамі, лозунгамі, атмасфераю свята. На жаль, апошнія разы яны хутчэй нагадваюць першыя дні беларускія рэвалюцыі, з брутальнымі разгонамі, тысячамі затрыманых і катаваннямі ў турмах.

Hавiны
У Менску сотні тысяч чалавек пратэстуюць супраць Лукашэнкі. ФОТА
2020.08.16 18:45

Беларуская бязмежная салідарнасць

Сёлета Беларусь літаральна захлябнулася хвалямі салідарнасці. Мільёны сабраных долараў у фонды дапамогі рэпрэсаваным, бастуючым рабочым заводаў, звольненым дзеячам культуры, спартоўцам. Калі вы вырашаеце выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, можаце быць пэўнымі – вам дапамогуць. Магчыма, дзякуючы такой еднасці і гатоўнасці дапамагаць, беларускія пратэсты і цягнуцца ўжо больш за сто дзён.

Hавiны
BYSOL выплаціў 1 мільён € рэпрэсаваным і анансаваў стварэнне новай платформы
2020.10.21 17:28

Таксама ў 2020 годзе мы назіраем нараджэнне беларускай дыяспары ў розных кутках свету. Літаральна па ўсім свеце беларусы пачалі збірацца, ладзіць акцыі, ахвяраваць грошы і дапамагаць сваім землякам. А бела-чырвона-белы сцяг зараз ганарліва ўздымаецца па ўсім свеце.

Hавiны
«Вельмі падобны досвед». Валанцёр, які дапамагаў жыхарам Данбасу, арганізаваў падтрымку беларусам
2020.09.11 20:33

Ратаванне менчукоў вадою

У 2020 годзе вялікія часткі Менску двойчы заставаліся без пітной вады. 24-25 чэрвеня ў найбольш шчыльна населеных раёнах сталіцы з крану замест вады цякла незразумелая смярдзючая вадкасць. У чым была прычына аварыі, Менскводаканал так і не патлумачыў.

Але беларусы ў чарговы раз паказалі, што яны ўмеюць яднацца і дапамагаць іншым. Даволі хутка менчукі з тых раёнаў, дзе вада была прыдатная да ўжытку, пачалі вазіць бутлі ў пацярпелыя раёны, запрашаць да сябе памыцца ды пасціраць рэчы.

Hавiны
Што адбылося з вадою ў Менску, і што робяць камунальнікі? Спрабуем разабрацца
2020.06.25 16:16

Іншае здарэнне з вадою адбылося літаральна на гэтым тыдні. У 15-тысячнай менскай Новай Баравой знікла вада з крану і на пэўны час нават ацяпленне. Выявілася, што нехта адкруціў вентыль, які рэгулюе плынь вады. Але ўкруціць гэты вентыль на месца не ўдавалася цягам трох дзён.

Узніклі канспіратыўныя тэорыі – гэта помста жыхарам раёну за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Яны першымі пачалі ладзіць дваравыя імпрэзы, і на іхным участку 9 жніўня афіцыйна перамагла Святлана Ціханоўская.

Іншыя менчукі вазілі тысячы літраў вады ў шматпакутны раён і прапаноўвалі жыхарам Новай Баравой пажыць у сябе.

Hавiны
«Брудныя, але не зламаныя!» Жыхары Новай Баравой не вераць у звычайнае адключэнне вады
2020.11.16 20:48

Закон на баку журналістаў «Белсату»

У 2020 годзе беларускія журналісты сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным ціскам. Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, супрацоўнікі медыяў сёлета на момант публікацыі гэтага тэксту адседзелі 900 содняў арышту. Вострых рэпартажаў «Камсамольскай праўды» і «Народнай волі» не вытрымліваў друкаркі станок, «Газета Слонімская» была змушаная спыніць выпуск на паўгода пасля ператрусу ў рэдакцыі.

Але ва ўсім гэтым пекле былі і добрыя моманты. Напрыклад, справу віцебскага журналіста «Белсату» Змітра Казакевіча, па якой ён адседзеў 5 содняў (ад 9 да 14 жніўня), была скасаваная праз недаказанасць віны. А суддзя Вераніка Барысава пасля таго, як агучыла рашэнне, папрасіла ад імя суду прабачэння ў нашага калегі.

У іншага калегі Дзяніса Дзюбы пасля «прынімалава ў прамым эфіры з Маладзечна» канфіскавалі камеру, але потым – вярнулі. А ў карэспандэнта Арцёма Лявы, які зараз адбывае 15-дзённы арышт за тое, што выконваў сваю працу, канфіскавалі аўтамабіль. На шчасце, пасля экспертызы аўто вярнулі.

Арцём Лява перад затрыманнем.
Фота: Аліса Ганчар / «Белсат»

Страйкі і звальненні на дзяржаўным тэлебачанні

«Мы хочам гаварыць праўду!» З такім патрабаваннем на страйк выйшлі супрацоўнікі беларускага дзяржаўнага тэлебачання. Сярод іх і вядомыя тэлевядоўцы, якія гадамі былі тварамі прапаганды, і тэхнічны персанал. Аб’ядноўвала іх адно – яны больш не хацелі працаваць на тэлеканалах, дзе не гавораць пра гвалт, катаванні і масавыя пратэсты па ўсёй краіне.

Яны спрабавалі арганізаваць забастоўку, галоўным патрабаваннем якой было паказаць праўду. На стыхійныя мітынгі пад будынкам Белтэлерадыёкампаніі ў жніўні сабралася некалькі сотняў чалавек.

У выніку з БТ, ОНТ і СТВ, а таксама з дзяржаўных газетаў, звольнілася некалькі дзясяткаў спецыялістаў. Паводле звестак «Нашай нівы», іх замяняюць стажорамі і нават студэнтамі журфаку.

Фільмы
«Пакажыце нас на БТ»
2020.09.07 19:35

Узаемадапамога падчас COVID-19 у свеце

Добрыя навіны адбываліся і ў іншых частках свету. Пандэмія закрыла людзей у кватэрах і адкрыла безліч новых магчымасцяў.

Пасля ўвядзення жорсткага каранціну ў Еўропе шматлікія сэрвісы (Coursera, Netflix і нават Pornhub), лепшыя музеі свету далі бясплатны доступ да сваіх багаццяў. Онлайн-канцэрты, безліч вэбінараў, пасядзелкі з сябрамі праз Zoom паказалі, што і ў онлайне ёсць жыццё. Але раскошу чалавечага кантакту вэб-камера не заменіць.

Каб падтрымаць сваіх суседзяў, людзі збіраліся на балконах і рабілі імправізаваныя канцэрты з падручных сродкаў. Атрымоўвалася вельмі душэўна.

***

Мы ведаем, што добрыя навіны здараліся і ў вас, нашых гледачоў і чытачоў. Падзяліцеся, калі ласка, чымсьці файным, што адбылося ў вашым жыцці ў 2020 годзе.

Дасылаць навіны можна праз наш бот у Telegram @BelsatBot, у сацсеткі або на пошту belsat.eu@gmail.com. Самыя цікавыя мы апублікуем.

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў