Ці будзе ў Беларусі новая Плошча і брутальная расправа з пратэстоўцамі?


[vc_row][vc_column][vc_video link=”https://www.youtube.com/watch?v=_YPUfuE_qwA”][/vc_column][/vc_row]

Паўтарэнне сёлета паслявыбарчых падзеяў 2010-га з брутальным разгонам мірнай Плошчы, масавым збіццём ды арыштамі – не выключанае. Такое меркаванне выказаў былы палітвязень, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі.

Не варта ўспрымаць усурёз, як званочкі да лібералізацыі існага рэжыму, паказное аслабленне ціску на апазіцыю, напрыклад, пікет насупраць КДБ у падтрыманне палітвязняў і зніклых палітыкаў, што прайшоў без наступстваў.

АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ, КІРАЎНІК ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ «ВЯСНА»:
«Яны баяцца любых непрадказальных сцэнароў. І калі б такі сцэнар адбыўся, хаця ў сённяшніх абставінах ён выглядае малаверагодным, улады б не спыніліся перад ужываннем гвалту і рэпрэсіяў у адносінах да дэманстрантаў і пратэстоўцаў».

Дарэчы, сёлетняя прэзідэнцкая кампанія адметная стрыманасцю выказванняў апазіцыйных кандыдатаў датычна заклікаў да пратэстаў. Сумняюцца ў верагоднасці паўтарэння ўжо традыцыйнай Плошчы пасля выбараў і палітычныя эксперты, і звычайныя грамадзяне.

ЖЫХАРЫ МАГІЛЁВА:
«Паглядзеўшы на тое, што адбывалася на Майдане, у нас будзе ўсё ціха і спакойна».
«Цяпер верагодны пратэст не апазіцыі, а хутчэй усяго насельніцтва».
«Я думаю гэтым разам нічога не будзе, бо сітуацыя зусім іншая склалася, няма падтрымкі заходніх краінаў».

Але ж – не варта скідваць з уліку пратэстныя настроі беларусаў, што мацнеюць з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне. Паводле сацыялагічных звестак Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, апублікаваных да пачатку перадвыбарчай кампаніі, – кожны дзясяты з апытаных беларусаў называе найбольш рэалістычным варыянтам пераменаў у Беларусі менавіта вулічныя пратэсты. Аднак, выглядае, што чарговы раз выкарыстаць гэтую хвалю апазіцыя не рызыкне.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, КААРДЫНАТАР ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКІ:
«Мы добра ведаем, чым заканчваюцца ў Беларусі розныя акцыі пратэсту, нават міралюбівыя, таму АГП не будзе запрашаць людзей на Плошчу».

Але ж існуе гіпатэтычная верагоднасць аб’яднання народа не пад сцягамі апазіцыі, як гэта адбылося на ўкраінскім Майдане.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, КААРДЫНАТАР ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ АНАТОЛЯ ЛЯБЕДЗЬКІ:
«Калі народ будзе збірацца на Плошчы, тады і наш прэтэндэнт Анатоль Лябедзька і ўвесь актыў партыі абавязкова будзе з народам».

Пра сваю магчымую падтрымку пратэстоўцаў, калі такія з’явяцца, напярэдадні заявіла і прэтэндэнтка на прэзідэнцтва ад «Народнага рэферэндуму» Таццяна Караткевіч. Аднак, нават самыя радыкальныя эксперты абяцаюць сумныя выбары, улічваючы склад кандыдатаў, грамадскія настроі і вынікі папярэдняй прэзідэнцкай кампаніі.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў