Ці будзе Гомель зялёным: вывучаем схему азелянення гораду. Да канца верасня ёсць магчымасць яе змяніць


З пачатку лета ў Гомлі рэалізоўваецца праект «Схема азелянення тэрыторыяў Гомля». Па выніках зацвердзяць дакумент, які мае ўнармаваць межы паркаў, сквераў і бульвараў, дзе ўзвядзенне новых аб’ектаў будзе абмежаванае. Замоўца схемы – Гомельскі гарвыканкам, выканаўца – менская праектавая арганізацыя «БелНДІП горадабудаўніцтва».

На сайце гарвыканкаму ўжо даступныя распрацаваныя схемы зялёных зонаў па ўсіх раёнах Гомля (Чыгуначны, Цэнтральны, Савецкі, Навабеліцкі). Праектавальнікі ў некаторых пытаннях пайшлі насустрач гараджанам. Напрыклад, у дакуменце статус скверу атрымалі: зялёная зона на пр. Касманаўтаў (раней яе планавалі забудаваць дамамі-«свечкамі»), зялёная тэрыторыя на вул. Фадзеева, дзе актыўныя жыхары выступалі супраць ліквідацыі яблыневага саду, ды інш.

Калі прапановы жыхароў Гомля не будуць супярэчыць планам чыноўнікаў і будаўнікоў, ёсць даволі вялікая верагоднасць, што іх ўлічаць і замацуюць у схеме зялёных тэрыторыяў гораду. Фота belsat.eu

Складанасці з’явіліся з тымі зялёнымі зонамі, якія не атрымалі адпаведнага статусу ў апошнім генеральным плане 2016 года і былі пазначаныя як зоны шматкватэрнай забудовы. Спрэчныя тэрыторыі праектавальнікі ўлучылі ў зялёныя зоны толькі часткова ці ўвогуле не ўлічылі ў схеме.

Сквер каля гатэлю «Турыст»

Гэты зялёны масіў прылягае да галоўнай вуліцы Гомля. Сквер у старым генплане 2003 года меў статус ландшафтна-рэкрэацыйнай тэрыторыі. Але ў новай версіі генплану 2016 года большая частка скверу ўвайшла ў зону шматкватэрнай і грамадскай забудовы. У 2017-м пасля з’яўлення планаў пабудаваць тут шматпавярховік гараджане распачалі актыўную кампанію за захаванне зялёнага масіву.

Зялёным пазначаная тэрыторыя, улучаная ў схему як сквер, памаранчавым – тэрыторыя, якую не ўлічылі ў схеме, яна можа быць забудаванаю.

У прапанаванай да абмеркавання схеме большая частка спрэчнай тэрыторыі пазначаная як сквер. Але яе меншы кавалак не ўвайшоў у зялёную зону і застаецца прыдатным для будаўніцтва. Гэта не задавальняе мясцовых жыхароў, бо праблема ўшчыльнення застаецца актуальнаю.

Гай паміж Старым Аэрадромам і Мельнікавым Лугам

Гэта кавалак некранутай старой поймы Сажа, які гомельцы хочуць захаваць і добраўпарадкаваць. Але апошні генплан адвёў яе пад шматкватэрную забудову.

Памаранчавым пазначаная запланаваная жылая шматкватэрная забудова.

Адмыслоўцы БелНДІП горадабудаўніцтва не наважыліся пазначыць існага зялёнага масіву на праекце схемы азелянення. Гарадскія актывісты ўжо плануюць аспрэчыць іхнае рашэнне.

Што рабіць з цэнтрам?

На вуліцах гістарычнага цэнтру (Білецкага, Ланге, Пралетарскай) на месцы некалькіх пустак у праекце схемы пазначаныя зялёныя зоны. Падавалася б, атрыманне статусу зялёнай зоны страхуе ад выкарыстання тэрыторыі пад будоўлю. Але для цэнтру існуе шэраг законаў аб ахоўных зонах, якія і без таго абмяжоўваюць будаўніцтва на гэтых пустках.

Вынікае, што статус зялёнай зоны можа быць нават шкодным. Ён створыць праблему пры аднаўленні страчаных гістарычных аб’ектаў, якія раней размяшчаліся на гэтых тэрыторыях.

Гэтая сядзіба месцілася на вул. Білецкага. Статус скверу ў гэтым месцы не дазволіць аднавіць будынку на сваім фундаменце.

Раён вуліцаў Арцёма і Садовай

На гэтай тэрыторыі ў пачатку ХІХ стагоддзя быў сад М. Румянцава. Пазней тут з’явіліся прэзентабельныя сядзібы.

Сёння раён вуліцаў уваходзіць у ахоўную зону гістарычнага цэнтру і ў зоны аховы палацава-паркавага ансамблю. Згодна з пастановамі Міністэрства культуры, на тэрыторыі ахоўных зонаў новае капітальнае будаўніцтва абмежаванае. Але гэта не замінала чыноўнікам планаваць тут будоўлю шматпавярховікаў. У апошнім генплане тэрыторыю вуліцаў Арцёма і Садовай адвялі пад зону шматкватэрнай забудовы. Супраць ушчыльнення ў раёне ў 2017 годзе выступілі жыхары дому на вул. К. Маркса.

Зялёным пазначаныя тэрыторыі, якія ўвайшлі ў праект схемы азелянення. Памаранчавым – тэрыторыі, якія не ўлучаныя ў схему і могуць быць забудаваныя.

Улічваючы пажаданні гомельцаў, ахоўнае заканадаўства і гістарычную значнасць месца, было б лагічна ўлучыць гэтую тэрыторыю ў схему азелянення цалкам. Аднак праектавальнікі пастанавілі вылучыць як зялёныя зоны толькі асобныя часткі тэрыторыі, тым самым пакінуўшы магчымасць забудаваць вуліцы Арцёма і Садовую банальнымі шматпавярховікамі.

Навабеліцкі лес – гомельскія Курапаты

У Навабеліцкім лесе (вядомы як «9-ты кіламетр») на поўдні ад Гомля адбываліся масавыя расстрэлы ў 1930-х гадах. Да сёння большая частка лесу не даследаваная археолагамі.

У адпаведнасці з генпланам на месцы сасновага лесу на плошчы 140 гектараў плануюць пабудаваць некалькі буйных мікрараёнаў. Меркаваная будоўля спрэчная не толькі з маральнага гледзішча, але і побытавага: да сёння тут не развязалі сацыяльных праблемаў, звязаных з забеспячэннем жыхароў прылеглых новых мікрараёнаў паліклінікамі, садкамі і школамі.

Праектавальнікі пастанавілі не канфліктаваць з генпланам і не ўлучылі ў схему зялёных тэрыторыяў 140 гектараў Навабеліцкага лесу.

На месцы Навабеліцкага лесу паводле генплану будуць шматпавярховыя мікрараёны (пазначаныя памаранчавым) і аўтастаянкі (пазначаныя шэрым).

Ляшчынскі лес

Ляшчынскі лес – гэта кавалак рэліктавага сасновага лесу на захадзе Гомля. Сёння ён утварае натуральны санітарны кардон паміж прамысловаю зонай і зонаю жылой забудовы.

Паводле вусных крыніцаў, у сасонніку адбываліся расстрэлы ў 1930-х гадах. Згодна з архіўнымі звесткамі, падчас нямецкай акупацыі ў лесе таксама расстрэльвалі людзей.

Апошні генплан дазволіў высечы чвэрць лесу пад шматкватэрную забудову, што выклікала пратэсты сярод мясцовых жыхароў.

У праекце схемы зялёных тэрыторыяў праектавальнікі ўлучылі Ляшчынскі лес у зялёны масіў. Але невялікі кавалак сасонніку ўсё ж пакінулі без адпаведнага статусу – на ім можа паўстаць шматпавярховая забудова.

Зялёным пазначаная тэрыторыя, якую ўлучылі ў схему як парк Ляшчынец. Памаранчавым – тэрыторыя лесу, якая не ўвайшла ў межы парку, на ёй могуць з’явіцца шматпавярховікі.

Як можна паўплываць на схему

Прыём заявак і анкетаў будзе працягвацца да 30 верасня. Заяўку можна даслаць на адрасы раённых адміністрацыяў, але лепей беспасярэдна на электронную скрыню распрацоўніка – prim@irup.by. Калі вашая прапанова не супярэчыць планам чыноўнікаў і будаўнікоў, ёсць даволі вялікая верагоднасць, што яе ўлічаць і замацуюць у схеме зялёных тэрыторыяў Гомля.

Калі ж вы выступаеце супраць знішчэння зялёных масіваў, якія Гомельскі гарвыканкам плануе «засвоіць», то без масавых збораў подпісаў, петыцыяў і скаргаў не абысціся.

Сяргей Ляпін belsat.eu

Стужка навінаў