Ці атрымае Мадура ўслед за Бакіевым прытулак у Беларусі?


Масавыя пратэсты і сутыкненні грамадзянаў з уладамі ў Венесуэле адбываюцца не першы год. Але сёлета яны дасягнулі нязвыклай вастрыні. Некаторыя эксперты кажуць, што Нікаляс Мадура можа пакінуць краіну.

Беларусь, хоць яе эканамічныя стасункі з Каракасам ужо даўно пакідаюць жадаць лепшага, застаецца сярод тых нешматлікіх краін, якія выступілі ў падтрымку дзеючага ўраду. Аляксандр Лукашэнка нават правёў тэлефонныя перамовы з Нікалясам Мадура.

Hавiны
Лукашэнка паразмаўляў з Мадура па тэлефоне
2019.01.26 12:01

У прыватнасці, ён запэўніў свайго венесуэльскага суразмоўцу ў тым, што Венесуэла заўсёды можа разлічваць на Беларусь. Пазіцыю афіцыйнага Менску часткова зразумець можна, бо пры новым урадзе Беларусь наўрад ці, прынамсі ў бліжэйшыя гады, здолее вярнуць венесуэльскія запазычанасці, агульная сума якіх па самых сціплых падліках перавышае 160 млн долараў.

Hавiны
Крызіс у Венесуэле. Што губляе Менск ад падзення рэжыму Мадура?
2019.01.25 12:21

Ад прэзідэнта Кыргызстану да жыхара беларускіх Драздоў

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: ці не паўторыць Мадура лёс былога кіраўніка Кыргызстану Курманбека Бакіева, які быў зрынуты ў 2010 годзе і неўзабаве апынуўся з беларускім пашпартам у Менску. У Беларусі Бакіеў у дадатак да грамадзянства атрымаў участак у 15 сотак у Драздах, побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі, дзе збудаваў сабе дом коштам у 2 млн долараў (па ацэнках рыэлтараў). Пры гэтым, прызнаецца беглы прэзідэнт, «на шыі ў беларускай дзяржавы» ён не сядзіць, падпрацоўвае кансультантам, займаецца дзецьмі і ўнукамі.

Аб’ектыў
Раскошнае жыццё дыктатара Курманбека Бакіева ў Беларусі
2017.03.10 21:27

Яго жонка Назгуль Таламушава пэўны час прапрацавала дырэктарам гатэлю «Менск», што належыць кіраўніцтву справаў прэзідэнта. Таксама ў Менску жыве ягоны брат Жаныш Бакіеў і некаторыя паплечнікі. Напрыклад, былы прэм’ер-міністр Кыргызстану Даніяр Усенаў, які мае беларускі пашпарт на імя Данііла Урыцкага, узначаліў Беларускую нацыянальную біятэхналагічную кампанію.

Аб’ектыў
Як Лукашэнка прытуліў у Беларусі «клан Бакіева»
2018.07.29 21:46

Бакіеў і яго атачэнне атрымалі вялікія тэрміны зняволенны на радзіме – напрыклад, сам былы прэзідэнт асуджаны на 30 год. І калі ўсе яны атрымалі прытулак у Беларусі, адносіны паміж Менскам і Бішкекам сапсаваліся. Але беларускія ўлады не выдаюць уцекачоў. На думку экспертаў, разам з сям’ёй і калегамі былы кыргызскі прэзідэнт прывёз у Беларусь і свае капіталы – клан Бакіевых мог вывезці з Кыргызстану каля 200-300 млн долараў.

Для Лукашэнкі характэрнае спачуванне да ўсялякіх дыктатараў

Ці варта чакаць, што свой участак у Менску можа атрымаць і венесуэльскі прэзідэнт? Як заявіў у каментары Belsat.eu палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, для беларускага афіцыйнага кіраўніка характэрнае спачуванне да ўсялякіх дыктатараў і аўтарытарных кіраўнікоў – «усіх тых, хто так ці іначай апынаецца ў такой незайздроснай сітуацыі ці то праз паўстанне, ці то праз нейкія іншыя форс-мажорныя падзеі». Суразмоўца нагадаў, што ў свой час Аляксандр Лукашэнка, апроч Курманбека Бакіева, заступаўся таксама за Слабодана Мілошэвіча ў Югаславіі, Садама Хусэйна ў Іраку, Муамара Кадафі ў Лівіі і іншых.

«Відаць, адчувае пэўную роднасць душ і таксама пераймаецца за лёс сваёй улады. Адсюль такое абвостранае ўспрыманне адпаведных падзей і спачуванне да адпаведных персаналій», – адзначыў эксперт.

Разам з тым Аляксандр Класкоўскі сумняецца, ці пагодзіцца Аляксандр Лукашэнка прыняць Нікаляса Мадура, у якога да таго ж могуць быць і «нейкія іншыя запасныя аэрадромы». Суразмоўца нагадаў, што, напрыклад, у адрозненні ад Уладзіміра Пуціна, беларускі кіраўнік патэлефанаваў у Каракас не адразу і «гаварыў даволі абцякальна», не падтрымліваючы непасрэдна Мадура.

На думку палітычнага аглядальніка, беларускае кіраўніцтва сёння больш прагматычна глядзіць на падзеі ў Венесуэле і думае, як уратаваць там свае грошы. Таму, каб не псаваць дачыненні з новымі ўладамі, афіцыйны Менск не зацікаўлены прымаць Мадура, мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

Падкрэсліў ён і той факт, што ва ўмовах узмацнення ціску на Беларусь з боку Масквы, беларускія ўлады спрабуюць наладзіць стасункі з Захадам, у тым ліку і з ЗША. І каб не цвяліць амерыканцаў, афіцыйны Менск можа не захацець «адчыняць дзверы» Мадура.

Але з улікам таго, што «Лукашэнка – чалавек даволі экстравагантны», суразмоўца ўсё ж не выключаў бы на 100 % такую магчымасць. Аднак яна мізэрная і блізкая да нуля.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў