Ці адабʼецца заява Шыдла пра «немагчымасць прыняць імігрантаў» на беларусах?


Старшыня саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Цэзары Казьмерчак у размове з «Белсатам» тлумачыць, ці радыя беларусам у Польшчы.

Нядаўна польская прэмʼер-міністарка заявіла, што не бачыць больш магчымасці прымаць мігрантаў. Якіх мігрантаў мела на ўвазе Бэата Шыдла і ці стане беларусам складаней пераехаць у Польшчу? Пра гэта «Белсат» пагаварыў са старшынём Саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы Цэзарам Казьмерчакам.

«Белсат»: У сувязі з заявай Бэаты Шыдла мы можам здагадвацца, што спадарыня прэмʼер мела на ўвазе перадусім уцекачоў з ісламскіх краінаў. Але ці няма небяспекі, што гэтае рашэнне закране таксама Беларусаў, ці ўкраінцаў, і ці сапраўды Польшча не патрабуе гэтых людзей?

Цэзары Казьмерчак: Мне падаецца, што падобнай пагрозы няма, перадусім з-за дэмаграфічнай сітуацыі ў Польшчы. Польшча мусіць прыняць да 2050 году каля 5 млн мігрантаў, каб утрымаць прынамсі на існым узроўні аказанне грамадскіх паслугаў, такіх як пенсіі, ці паліцыя. Мігрантаў, якіх ахвотна прымаюць найбольш – з Украіны, але таксама гэта беларусы і вʼетнамцы – гэта такія тры групы, якія спраўдзіліся ў Польшчы найлепш. Так ужо гістарычна склалася.

Акрамя таго, што тычацца беларусаў і ўкраінцаў – ёсць такая грамадская згода. Паводле нашых даследаванняў, большасць палякаў з гэтым пагаджаецца. Пры радыкальнай нязгодзе на мігрантаў з Афрыкі і ісламскіх краінаў. І я б не звязваў гэта з нейкімі расавымі перадумовамі, бо большасць палякаў таксама ня мае нічога супраць вʼетнамцаў. То бок гэта, так сказаць, імігранты найлепшага гатунку – так, як палякі ў заходняй Еўропе.

Усе працуюць, ня трэба іх вучыць мове, ня трэба ім пялёнкі мяняць – самі сабе даюць рады.

«Белсат»: Тым не меней часта чуваць аргументы, што мігранты забяруць у мясцовых месцы працы, што не будуць у стане асімілявацца. Наколькі гэта тычацца ўласна нашых суайчыннікаў, ды ўвогуле выхадцаў з краінаў былога СССР?

Цэзары Казьмерчак: Так, такія галасы чуваць, але яны ідуць ад людзей, што вельмі далёкія ад рэаліяў працы з мігрантамі. І гэта проста няпраўда. Досвед кажа пра іншае. У Польшчы на гэты момант працуюць каля паўмільёна ўкраінцаў – гэта легальна, і ад 30 да нават 270 тыс. – нелегальна. І з гэтымі людзьмі няма ніякіх праблемаў. Я сам быў імігрантам у ЗША і ведаю гэтую долю, гэты лёс. У першым пакаленні гэтыя людзі выконваюць працу, якой ня хочуць займацца мясцовыя. Тым часам у Польшчы набліжаецца дэмаграфічны крызіс і ў нас проста не будзе ставаць працоўных рук і было б ня блага, каб мы не прапусцілі гэты момант

«Белсат»: У такім выпадку – які мігрант патрэбны Польшчы на гэты момант?

Цэзары Казьмерчак: Ну гэта два профілі, як з рэштаю і паўсюль. Па-першае – гэта адмыслоўцы ў нейкіх вузкіх галінах. І, спадзяюся тут Польшча будзе прыцягваць людзей з усяго свету, а ня толькі з Беларусі і Украіны. Ну і другая група – людзі да шырокага рынку працы. У Польшчы – найбольшае зацікаўленне існуе цяпер у фермерстве. Гэта гіганцкая галіна. Але з нашага гледзішча, цяпер скажу, не як працадаўца, а як паляк – усе мігранты, ці то з Украіны, ці то з Беларусі – ідэальныя.

Бо мы бачым радыкальную розніцу – калі мігрантамі з Афрыкі, Сірыі трэба займацца, то беларусы і ўкраінцы – самі сабою займаюцца.

«Белсат»: То бок і сярод палякаў і ў польскім урадзе не можа быць згоды на тое, каб прымаць уцекачоў з Афрыкі і Сірыі?

Цэзары Казьмерчак: Хто б ня быў ва ўладзе, ніхто не прыме такога рашэння пра прыняцце такіх мігрантаў, бо ня вытрымае проста палітычна. Палякі не пагодзяцца на такіх мігрантаў. Гэта звязана з двума чыннікамі – першы – гэта страх перад тэрарызмам, а па-другое – польскі плацельшчык падаткаў ня хоча ўтрымліваць гэтых мігрантаў. Бо ў сярэднім па Еўропе 63% такіх уцекачоў атрымліваюць сацыяльную дапамогу. Польшча сабе не можа гэта дазволіць, а людзі проста не пагодзяцца.

«Белсат»: Польскі ўрад ужо казаў пра магчымасць прадстаўлення большай колькасці дазволаў на пражыванне, перадусім для ўкраінцаў. Ці разглядаюцца іншыя палёгкі для працоўных мігрантаў, у тым ліку – для Беларусаў, для людзей з рэшты былога Савецкага саюзу?

Цэзары Казьмерчак: Так, ёсць планы па спрашчэнню перадусім дазволу на працу – між іншага мы актыўна ў гэтым кірунку працуем, але нашай галоўнай мэтай ёсць легалізацыя тых, хто ў пэўны перыяд працаваў у Польшчы. Каб у іх быў сталае дазваленне на пражыванне. Такая своеасаблівая амністыя для жыхароў Украіны, Беларусі і Вʼетнаму, на ўзор таго, што зрабіў у ЗША для палякаў Рэйган у 1982 годзе. Такім шляхам пайсці, і проста ўсім ім даць права на сталы побыт.

Размаўляў Усевалад Шлыкаў

Стужка навінаў