Цэлы мікрараён патанае ў гразі. Мясцовыя жыхары: «Нас уратуе толькі зіма», бо чыноўнікі разводзяць рукамі


Жыхары раёну Забалаць ужо два гады чакаюць, пакуль гарадскія ўлады пабудуюць гравійныя дарогі.

Каб дабрацца да хаты мясцовыя жыхары пакідаюць машыну каля трасы, апранаюць гумовыя боты, бяруць драўляную дошку і па ёй прабіраюцца цераз «багна».

Дарогі ў Забалаці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пры вільготным надвор’і ў новапабудаванай Забалаці пачынаецца вялікае забалочванне. Самы модны, а галоўнае практычны абутак на раёне – высокія гумовыя боты, якія з беларускім надвор’ем можна насіць тут круглы год. Мікрараён яшчэ будуецца, аднак будаўнічая тэхніка, калі замест дарогі – гразь, фізічна не можа праехаць. У Забалаці -1 ужо засялілася каля дваццаці скм’яў, аднак жыць тут не магчыма, – скардзяцца жыхары.

Сустрэча незадаволеных жыхароў Забалаці з намеснікам старшыні гарвыканкаму. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Мінулымі зімамі сітуацыя была крыху лепшай, бо надвор’е было лепшым. Дарога замярзала. І ў прынцыпе можна было праехаць, але цяпер, бачыце, які бруд. Прыходзіцца пакідаць машыну на трасе каля могілак і з дзецьмі на руках ісці на свой участак. І так кожны дзень метраў 500 туды-сюды па балоце. Абяцалі яшчэ ў 2016-ым годзе на сходзе, што зробяць дарогі. Два гады мінула і ніводнай не зрабілі. Хоць першае засяленне тры гады таму адбылося і вось у такіх умовах людзі жывуць», – скардзіцца Юлія, мясцовая жыхарка.

«Пратэст у гумовіках»

5-га студзеня незадаволеныя жыхары сустрэліся з гарадскімі ўладамі. Каля 40 чалавек падымалі набалелае пытанне:

– У нас няма ўвогуле як пад’ехаць да свайго дому.

Сустрэча незадаволеных жыхароў Забалаці з намеснікам старшыні гарвыканкаму. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Жыхары вымушаныя пакідаць свае машыны на полі каля могілак, і праз багна дабірацца да сваіх дамоў і будоўляў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

– Мы летам плануем засяліцца. Маё дзіця хварэе. Кожны дзень ёсць рызыка, што яму спатрэбіцца хуткая дапамога. Дык як хуткая дапамога сюды заедзе? Мне трэба хапаць дзіця і бегчы на трасу?

– Мы спрабуем пабудавацца як мага хутчэй, але тут нават будаўнічыя машыны не праедуць. Куды нам, у падвал ісці жыць? Тэхніка не можа праехаць, у нас няма каналізацыі. Паўсюль запраектаваныя выграбы. На вуліцы Белай ніводная машына, якая адкачвае каналізацыю, не праедзе. Як жыць? Мы знаходзімся ў другой ахоўнай зоне водазабору. Гэта жудаснае парушэнне санітарных нормаў! Як нам быць? Жыць тут нельга.

Самы модны і практычны абутак у мікрараёне – гумовікі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Самы модны і практычны абутак у мікрараёне. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Адзін з жыхароў Забалаці-1, Андрэй Фралоў раздрукаваў і прынёс на сустрэчу ўказ кіраўніка Беларусі № 72, згодна з якім мінімальныя інжынерныя і транспартныя камунікацыі павінны быць праведзеныя перад будаўніцтвам жылых дамоў.

Жыхары мікрараёна збіраюцца на сустрэчу з гарадскімі ўладамі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фотаздымкі “багна”, якія мясцовыя жыхары раздрукавалі, каб паказаць прадстаўнікам уладаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«У нашым мікрараёне існуе няма транспартнай інфраструктуры. Тут пачалі ўжо засяляцца маладыя сем’і з дзецьмі і з вазочкамі тут пагуляць вельмі складана. Я ўжо не кажу, што праехаць сюды, завезці дзяцей у садок, адвезці ў школу, гэта вялікая праблема для жыхароў. На маю думку, тут парушаецца Указ 72 А.Р.Лукашэнкі, згодна з якім улады павінны былі правесці мінімальныя інжынерныя і транспартныя камунікацыі і стварыць хоць нейкія сацыяльныя ўмовы. 6 гадоў мінула ад пачатку будаўніцтва. Мы пісалі калектыўны ліст, высылалі ў гарвыканкам і як заўсёды прыходзяць адпіскі, што «няма грошай». На маю думку, нехта хлусіць. Аляксандр Рыгоравіч кажа, што грошы ёсць, а аказваецца грошай няма», – лічыць Андрэй Фралоў.

«Нас можа выратаваць толькі зіма»

На сустрэчу з мясцовымі жыхарамі прыбыў намеснік старшыні гарвыканкаму ў Горадні Гецэвіч Казімір Іванавіч, які адказаў, што ў гэтым годзе магчыма пабудаваць толькі адну, цэнтральную гравійную дарогу ў Забалаці.

Дарогі ў Забалаці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Мясцовая жыхарка вядзе дзетак ад машыны да хаты. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Ваш пасёлак ведаю, будавалі. Сеткі гатовыя, акрамя каналізацыі. Самая вялікая праблема, як і ва ўсіх пасёлках, гэта канешне праезды і пад’езды да дамоў. У гэтым годзе мы робім два праезды, на якія накіравалі грошы. У гравійным выкананні, бо на асфальтаванне грошай не даюць. І, як сказалі ў Савеце Міністраў, не будзе пакуль асфальту, пакуль, хіба што, лепш жыць не станем. Колькі ёсць грошай у бюджэце, столькі і зробім, а грошай не хапае. Тое, што ўказ трэба выконваць, гэта зразумела. Але, калі грошай няма, то ніяк. Цяпер мы павінны вырашыць, дарогу на якой вуліцы зробім у гэтым годзе, або не зможам зрабіць ніякай. Будзем уключаць у план гэтага года і фінансаваць», – тлумачыць Казімір Іванавіч Гецэвіч.

Незадаволеныя жыхары Забалаці, усё ж такі спадзяюцца што кіраўніцтва, знойдзе фінансаванне, каб дапамагчы.

Дарогі ў Забалаці. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

– Застаецца толькі чакаць, пакуль надыдуць халады і дарогі падмерзнуць. Выратаваць можа толькі зіма, – кажуць жыхары.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў