Царква ў Польшчы прызнала забітых праваслаўных беларусаў пакутнікамі


Фота: bielsk.eu

На Падляшшы працягваюцца царкоўныя ўрачыстасці з нагоды далучэння да спісу хэлмскіх і падляскіх ахвяраў падполля 1946 г. пакутнікаў з вёскі Заляшаны ды іншых навакольных мясцовасцяў. Раней рашэнне ў гэтай справе прыняў сабор Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Урачыстасці распачаліся ў суботу на тэрыторыі жаночага манастыра імя Св. вялікай пакутніцы Катажыны каля іконы Заляшанскай Божай Маці з ушанавання новых пакутнікаў. Мітрапаліт Сава праз хваробу не прысутнічае ў Польшчы, таму кіраваў урачыстасцямі архіепіскап Люблінска-Хэлмскі Абэль.

Напачатку зачыталі акт кананізацыі пакутнікаў. Потым агучылі імёны і прозвішчы 31 забітага 31 студзеня 1946 года ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы, а таксама яшчэ некалькіх жыхароў Заляшанаў і ваколіцаў: Зані, Шпакі, Волька Выганоўская.

Падчас урачыстасцяў не казалі наўпрост, ад чыіх рук загінулі пакутнікі. Аднак вядома, што гаворка ідзе пра ахвяраў аддзелу Рамуальда РайсаБурага. Зімою 1946 года аддзел Бурага ўціхамірыў пяць вёсак каля Бельску Падляскага: Зані, Заляшаны, Канцавізна, Шпакі і Волька Выганоўская, дзе большасць насельніцтва былі праваслаўнымі беларусамі.

Следчы аддзел Інстытуту народнай памяці, які расследаваў справу аб уціхамірванні, сцвярджае, што былі забітыя 79 чалавек. Паводле чальцоў грамадскага камітэту сем’яў ахвяраў, лік забітых – утрая большы. Сярод загінулых – вознікі, чыймі паслугамі карыстаўся аддзел падчас падарожжаў па ваколіцах. Інстытут прысвоіў гэтаму злачынству статус генацыду. У 2005 годзе расследаванне было спыненае: нехта са злачынцаў ужо памёр, а некага не было магчымасці ідэнтыфікаваць. Бурага па вайне прысудзілі да расстрэлу, а ў 1990-я гг. яго рэабілітавалі.

Кіраўнік Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава падкрэсліў у лісце, зачытаным на ўрачыстасці, што падзея ў Заляшанах – гістарычны дзень для Польскай праваслаўнай царквы, дзень, калі ўшаноўваюцца розныя асобы: дарослыя, моладзь і дзеці, якія «аддалі жыццё толькі таму, што яны былі праваслаўныя».

Падчас цырымоніі асвяцілі новы абраз у гонар пакутнікаў. Удзельнікі ўрачыстасці прайшліся шэсцем да месца ўшанавання трагедыі, дзе стаяць крыжы. На 26 ліпеня прызначаная боская літургія ў Бранску і малітвы ў Занях, на месцы забойства ў лесе каля Старых Пухалаў, у агульным будынку ў гэтай вёсцы, перад помнікам у Шпаках, прысвечаным ахвярам, і на магілах пакутнікаў на кладах у Маляшах.

ЦГ / КТ belsat.eu belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў