Цапкала заявіў, што ён «не ў апазіцыі да дзейнай улады» і забараніў публікаваць інтэрв'ю


Экс-дырэктар ПВТ Валерый Цапкала даў першае інтэрвʼю пасля заявы аб намеры балатавацца ў прэзідэнты, але потым не дазволіў яго публікаваць парталу dev.by і запатрабаваў самастойна адрэдагаваць тэкст.

Журналісты на гэта не пагадзіліся і апублікавалі тэзісы Цапкалы, з якіх вынікае, што ён:

– Знаходзіцца ў Менску.

– Удзел у выбарчай кампаніі не быў спантанным рашэннем, ён «даўно да гэтага ішоў» (Цапкалы не было ў медыйнай прасторы каля трох гадоў, акрамя лекцыі аб стартапах і тэхналогіях у лістападзе 2018 году).

– Не хоча каментаваць здагадку аб тым, што зʼяўляецца спарынг-партнёрам Лукашэнкі і «спойлерам спецыяльна для айцішнікаў»: лічыць, што гіпотэзу пра спарынг-партнёра могуць прасоўваць толькі тыя, хто не чытаў яго заявы, – там ёсць уся інфармацыя.

– Стварыць выбарчы фонд не паспеў: замест двух месяцаў на гэта адвялі пяць дзён, тлумачыць Цапкала. Пакуль ніякія грошы на выбарчую кампанію не выкарыстоўваюцца: людзі працуюць на энтузіязме.

Hавiны
Цапкала «Белсату»: Я – гэта я, а не клон нейкі
2020.05.11 20:44

– Кампанія будзе прафінансаваная з уласных сродкаў: для гэтага Валерый Цапкала прадаў прыватны дом за Нацыянальнай бібліятэкай (участак для забудовы Валерый Цапкала атрымаў у арэнду на эксклюзіўных умовах за 231 рубель у год, а кошт і выбар падрадчыка для будаўніцтва дома выклікалі пытанні ў органаў).

– Да выбарчай кампаніі не мае дачынення ні адна з ІТ-кампаній. У камандзе ёсць праграмісты, але гэта не кіраўнікі і ўладальнікі бізнесу.

– Пасля сыходу з пасады кіраўніка ПВТ у Валерыя Цапкалы было некалькі крыніц даходу. У прыватнасці, кансультацыі ўрадаў Азербайджана, Грузіі, Узбекістана па стварэнні інавацыйных інфраструктур; таксама кансультаваў адну амерыканскую кампанію і выступаў кансультантам ПРААН у галіне электроннага ўрада.

– Ён не ідэнтыфікуе сябе з апазіцыяй. «Я не ў апазіцыі да дзейнай улады і наогул ні да каго не ў апазіцыі. Я проста хачу, каб Беларусь была іншай краінай: каб мы нармальна жылі, нармальна працавалі, бізнес нармальна развіваўся, каб у нас былі эфектыўныя сельская гаспадарка і прамысловасць, каб у нас была лепшая сістэма адукацыі, аховы здароўя і г. д. [ … ] Я лічу, што ў нас павінна быць такая палітычная сістэма, дзе было б месца розным поглядам, рознаму бачанню развіцця краіны».

Ад прагнозу што да паспяховасці свайго ўдзелу ў кампаніі Цапкала адмовіўся.

Hавiны
Цапкала пра сваю перадвыбарчую праграму: «яе змест будзе такі ж захапляльны для вас як і для мяне»
2020.05.10 22:48

КА belsat.eu

Стужка навінаў