Цапкала: ЦВК прызнае сапраўднасць 160 тыс. подпісаў


Цэнтральная выбарчая камісія прызнае 160 тыс. подпісаў, здадзеных у падтрыманне вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Валера Цапкалы. Пра гэта было заяўлена на прэс-канферэнцыі 13 ліпеня.

«Ніхто не ставіць пад сумнеў 160 тыс. подпісаў, якія мы сабралі. Гэта сапраўды рэальныя людзі, гэта сапраўды грамадзяне Беларусі, якія паставілі свой подпісы. І подпісы таксама не падвяргаюцца сумневу», – адзначыў патэнцыйны кандыдат.

Разам з тым, паводле яго, калі камісіі прызнаюць самі подпісы, у іх узніклі пытанні да датаў.

Валер Цапкала адзначыў, што на экспертызу павінны былі дасылацца подпісы ўсіх прэтэндэнтаў, а не толькі двух – яго і Віктара Бабарыкі. Пры гэтым у людзей, якія пакінулі свае подпісы ў падтрыманне патэнцыйных кандыдатаў, павінны былі ўзяць некалькі абразцоў почыркаў, каб на падставе гэтага эксперт прымаў рашэнне, ці належыць чалавеку почырк ці не.

«Нічога з гэтага, зразумела, зроблена не было», – сказаў палітык.

«Два факты, што мы здалі і сабралі неабходную колькасць подпісаў. І Цэнтрвыбаркам павінен гэта сказаць, што грамадзяне сапраўды паставілі свае подпісы. А што датычыць датаў, то экспертыза не праводзілася паводле правілаў. Нейкае меркаванне нейкага эксперта», – адзначыў былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў.

Паводле яго, ягоная ініцыятыўная група зрабіла ўсё правільна не толькі па сутнасці, але і па форме, а памылкі зрабілі чальцы тэрытарыяльных выбарчых камісіяў.

Гатовыя аспрэчыць кожны подпіс

Прадстаўнік каманды Цапкалы Андрэй Ланкін паведаміў, што праз сайт vote.tsepkalo.by зарэгістраваліся больш за 50 тыс. чалавек, каб даказаць праўдзівасць свайго подпісу.

Паводле яго, выбарчыя камісіі зрабілі шмат парушэнняў падчас праверкі, а «для адмовы няма ніякай прававой асновы».

Hавiны
Больш за 40 тыс. беларусаў пажадалі даказаць свой подпіс за Цапкалу
2020.07.08 10:24

У сваю чаргу Ілля Дабратвор заявіў, што няма ніводнага акту, які б не прызнаваў сапраўднасць подпісаў.

«Камісіі менавіта чапляліся да нашых подпісаў і подпісаў Віктара Бабарыкі. Няма слядоў, каб праводзіліся праверкі ў дачыненні да іншых. Усе праверкі ў дачыненні толькі двух кандыдатаў», – падкрэсліў ён.

Паводле яго, у некаторых раёнах адсутнічаюць сляды правядзення паўторнай экспертызы подпісаў, у некаторых раёнах праверкі праводзіліся на падставе ксеракопіяў.

Таксама ў камандзе Цапкалы адзначылі, што ў актах часта не ўказваецца экспертыза або пазначаюцца эксперты, «якія ў дзень дзясяткі тысяч подпісаў правяраюць». У Фрунзенскім раёне экспертыза праводзілася 27 чэрвеня, а акт на падставе яе быў складзены яшчэ 26-га.

Hавiны
«Адступаць мы не збіраемся». У Цапкалы ёсць сцэнар на выпадак яго нерэгістрацыі
2020.07.05 22:52

У камандзе патэнцыйнага кандыдата заяўляюць, што гатовыя аспрэчыць кожны подпіс і кожную экспертызу, бо, на іх думку, была парушаная сама працэдура праверкі.

«Даты прастаўленыя рознымі рукамі, усё рабілася правільна. І нейкі суб’ектыўны погляд, што нейкія подпісы прастаўленыя адной рукой, – вельмі спрэчны і патрабуе доказаў», – падкрэсліў Валер Цапкала.

Паводле яго, усе патрабаванні перададзеныя ў ЦВК, каб яна прымала рашэнні ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Hавiны
Раённыя камісіі адмаўляюцца разглядаць скаргі на ануляваныя подпісы
2020.07.04 20:52

Каманда Валера Цапкалы здала ў выбарчыя камісіі для яго рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты каля 160 тыс. подпісаў. Але ЦВК прызнаў сапраўднасць толькі 75 тыс. Рэгістрацыя скончваецца 14 ліпеня.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў