Цапкала пра сваю перадвыбарчую праграму: «яе змест будзе такі ж захапляльны для вас як і для мяне»

Валер Цапкала. Фота: facebook.com/tsepkalo

Заснавальнік Парку высокіх тэхналогіяў (ПВТ) паведаміў, што мае перадвыбарчую праграму, але не можа яе апублікаваць.

Валер Цапкала паведаміў у сваім Facebook’у, што ягоная праграма «акумулюе ў сабе самы перадавы сусветны досвед, лепшыя формы арганізацыі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, дзяржаўнага кіравання, сістэмы падаткаабкладання, аховы здароўя, адукацыі». Аднак апублікаваць яе нельга, бо «такі, на жаль, закон», напісаў заснавальнік ПВТ.

«Адзінае, што можна сказаць гэта тое, што мне хацелася б бачыць Беларусь іншай краінай. Такой, каб іншыя народы маглі гаварыць: «Беларусь – гэта выдатна, багата, свабодна і прэстыжна! Беларусь – гэта краіна, дзе жывуць свабодныя, адкрытыя, жыццярадасныя людзі. Жывуць ва ўласных дамах і камфартабельных кватэрах, іхныя гарады патанаюць у зеляніне, людзі маюць выдатную працу, дзеці лепшую адукацыю, а пенсіянеры – ахову здароўя», – дадаў Цапкала.

8 траўня Валер Цапкала напісаў у сваім Facebookʼу, што мае намер узяць удзел у прэзідэнцкіх выбарах.

10 траўня ўдзельнікі працэдуры па вылучэнню «адзінага» кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў паведамілі, што «паўнавартасны ўдзел» у выбарчай кампаніі ва ўмовах эпідэміі COVID-19 з’яўляецца немагчымым і абвясцілі пра пачатак кампаніі «За Беларусь без дыктатуры!».

Нагадаем, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

Фермер-блогер з Гомельшчыны ідзе ў прэзідэнты

ЮВ belsat.eu

Hавiны