«Трымайся за аблокі»: пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы здымуць серыял


Кінапраект пра мантажнікаў высакавольтных лініяў перамог у конкурсе на вытворчасць нацыянальных фільмаў у катэгорыі «Аб актуальных сацыяльных праблемах жыцця сучаснай Беларусі».

У конкурсе ўдзельнічаў 31 кінапраект – 15 гульнявых і 16 негульнявых – з сямі кінакампаніяў. Большая частка праектаў, якія перамаглі, належыць «Беларусьфільму».

Сцэнар фільму «Трымайся за аблокі» напісаў Валянцін Залужны (аўтар сцэнараў дэтэктыўных серыялаў «Ілюзія палявання», «Цень самурая», «Сеткавая пагроза», працягу савецкага серыяла «Дзяржаўная мяжа»).

Фільм складаецца з васьмі серый. Ён пра будні мантажнікаў, якія праводзяць высакавольтныя лініі электраперадач, у тым ліку і падчас будаўніцтва на АЭС, перадае grodnonews.by.

9 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка наведае будаўнічую пляцоўку БелАЭС, дзе, як паведамляе belta.by «азнаёміцца з тэхналогіяй вырабу цыркуляцыйных вадаводаў і трубаправодаў», а таксама даведаецца, «як развіваецца жыллёвая і сацыяльная інфраструктура для будаўнікоў і работнікаў БелАЭС».

Улетку belsat.eu паразмаўляў з будаўніком БелАЭС. Немаладому мужчыну было нават сорамна прызнацца колькі ён зарабляе…

– Які ў вас заробак?

– Смеху варты, аж казаць не хочацца. Тры мільёны. Раней нармальна плацілі, нават да дзясяткі выходзіла, а цяпер дуля з маслам.

– А колькі дзён на месяц працуеце?

– Вахтамі працуем – раней было так, што 15 робіш і 15 дома. А цяпер усім змянілі кантракты, паставілі 20 дзён на месяц. Ну, бо бачаць, што няма выпрацоўкі, і па графіку адставанне. І не дзіўна. Каму ахвота за такія грошы ўкалваць. У мяне норма за дзень – звязаць 500 кг арматуры. Ды там касцямі ляжаш і не звяжаш. Зрабілі шалёныя нормы, каб плаціць менш. Валасы дыбам становяцца.

– А ёсць тыя, хто нармальна зарабляе?

– Кум, сват, брат… Разумееш? І самае цікавае, што яшчэ і крадуць гэтыя прарабы што дурныя. Аднаго ўжо злавілі і цяпер судзяць.

– А што ён краў?

– І блокі і цэмент, адным словам усё, што не так ляжыць. Жах, што творыцца. Начальнікі дзярбаняць гэты бюджэт, хто як можа.

Працяг інтэр’ю чытайце тут

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў