Трыбунал у Гаазе прыраўняў анексію Крыму да ваеннага канфлікту


Міжнародны крымінальны суд у Гаазе прызнаў сітуацыю з Крымам раўназначнай міжнароднаму ўзброенаму канфлікту паміж Украінай і Расеяй, паведамляецца ў справаздачы папярэдняга расследавання пракурора гэтага суда Фату Бэнсуды (Fatou Bensouda).

«Паводле наяўных звестках, сітуацыя на тэрыторыі Крыму і Севастопалю раўназначная міжнароднаму ўзброенаму канфлікту паміж Украінай і Расейскай Федэрацыяй. Дадзены міжнародны ўзброены канфлікт пачаўся не пазней за 26 лютага, калі Расейская Федэрацыя задзейнічала асабісты склад сваіх узброеных сілаў для атрымання кантролю над часткамі тэрыторыі Украіны без згоды ўраду Украіны», – цытуе дакумент расейскае выданне Kommersant.ru.

У справаздачы таксама ўдакладняецца, што права міжнародных узброеных канфліктаў выкарыстоўваецца да гэтай сітуацыі і пасля рэферэндуму аб статусе Крыму ў сакавіку 2014 года. На падставе вынікаў гэтага рэферэндуму ў аднабаковым парадку была абвешчаная незалежная Рэспубліка Крым, якая падпісала з Расеяй дамову аб уваходжанні ў склад РФ.

Большасць дзяржаў-чальцоў ААН не прызнае крымскага рэферэндуму ў 2014 годзе. Заходняя супольнасць («Вялікая сямёрка», дзяржавы-чальцы НАТО, Еўразвязу, Рады Еўропы) расцаніла дзеянні Расеі як агрэсію, анексію часткі ўкраінскай тэрыторыі, парушэнне яе тэрытарыяльнай цэласнасці.

15 красавіка 2014 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які абвясціў Крым і горад Севастопаль тэрыторыямі, акупаванымі ў выніку «ўзброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі».

Карэспандэнты «Белсату» трапілі на паўвыспу ў самы цікавы момант, калі анексія толькі пачыналася і пачалі адбывацца заўважныя першыя змены.Белсатаўцы на свае вочы пабачылі і зафіксавалі драматычныя падзеі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў