Тры з паловаю гады пазбаўлення волі для гарадзенца, якога збілі 6 сілавікоў

Сяргей Рымша. Фота: «Белсат»

21 студзеня вынеслі прысуд Сяргею Рымшу за актыўны ўдзел у масавых закалотах і пагрозу гвалту працаўнікам органаў унутраных справаў. Пацярпелыя – шасцёра сілавікоў, якія збілі гарадзенца падчас затрымання. Сяргей Рымша атрымаў 3,5 года калоніі агульнага рэжыму. Яго арыштавалі ў зале суда падчас прыгавору. Таксама гарадзенец павінен выплаціць 375 рублёў УУС Гарадзенскага аблвыканкаму за пашкоджаны аўтамабіль.

Працэс вёў Юрый Казакевіч у судзе Ленінскага раёну Горадні. Сяргей Рымша сваёй віны не прызнаў.

«Быў п’яны, кідаў кавалкі бетону»: версія абвінавачання

Згодна з матэрыяламі справы, увечары 9 жніўня пасля выбараў Сяргей Рымша быў на Савецкай плошчы Горадні. Каля 23:15 гарадзенец у пʼяным стане пачаў кідаць кавалкі бетону ў мікрааўтобус з АМАПам: адзін раз трапіў у дно і два разы – у левы бок. Пасля ўцёк, але неўзабаве быў затрыманы.

Пацярпелыя дакладна не ведалі, хто кідаў камяні ў аўтобус

Прайшло некалькі судовых паседжанняў у гэтай справе. Пацярпелымі праходзяць шасцёра сілавікоў: Чарняўскі, Баярчук, Столяр, Багушэвіч, Сацура і Літвін.

На допыце пацярпелы міліцыянт Ілля Сацура распавёў, што 9 жніўня быў у патрулі, які складаўся з чатырох міліцыянтаў і двух амапаўцаў. Людзі на плошчы выказвалі сваё незадавальненне і зневажалі міліцыю. Сацура сядзеў у міліцэйскім мікрааўтобусе і пачуў тры глухія ўдары камянямі па абшыўцы. Аднак ён не бачыў, хто менавіта кідаў. Міліцыянт браў удзел у аглядзе асабістых рэчаў Рымшы ў Ленінскім РАУС, у заплечніку гарадзенца знайшлі кавалак бруку. Рымша на судзе заявіў, што не мае да яго дачынення.

«Я разгледзеў гэты кавалак толькі на судзе. У натоўпе было шмат людзей, мяне маглі запомніць, бо я быў у кашульцы з надпісам «Жыве Беларусь!», – тлумачыў гарадзенец.

У паказаннях Сацуры былі супярэчнасці, на што звярнуў увагу адвакат. Міліцыянт сказаў, што пазоўных прэтэнзіяў да Рымшы не мае.

У залі судовага паседжання. Фота: «Белсат»

«Білі, як баксёрскую грушу»

Сяргею Рымшу 32 гады, мае вышэйшую адукацыю. На допыце мужчына распавёў, што 9 жніўня сапраўды быў на Савецкай плошчы. Быў у натоўпе, які сілавікі пачалі адціскаць да драматычнага тэатру. Пад’ехаў белы мікрааўтобус з шасцю сілавікамі, хтосьці з натоўпу шпурнуў у яго камень.

«Пазней усе разбегліся. Я таксама. Міліцыянты з буса нікога не паспелі схапіць. Аднак, калі я адыходзіў, мяне затрымалі», – згадвае Рымша.

Паводле мужчыны, затрыманне было жорсткае: адразу ўдарылі дручком па галаве, два працаўнікі трымалі за рукі, два – за ногі, «і ўсе разам білі, як баксёрскую грушу».

Гарадзенца прывезлі ў Ленінскі РАУС, дзе ён прабыў содні. Праз гадзіну пасля затрымання паведамілі, што супраць яго распачнуць крымінальную справу.10 жніўня Сяргея Рымшу адправілі ў ІЧУ ў Шчучын, пазней перавялі ў гарадзенскі СІЗА-1. 18 жніўня адпусцілі пад падпіску пра нявыезд.

Што кажа абарона

Сяргея Рымшу ўжо асудзілі за падзеі 9 жніўня паводле арт. 23.34 КаАП: ён атрымаў штраф 20 базавых велічыняў (540 рублёў). Атрымліваецца, за тыя ж падзеі яго судзілі другі раз.

Падчас затрымання амапаўцы збілі Сяргея: разбілі яму нос і вусну. Пасля гэтага левае вуха дрэнна чуе, абвастрылася траўма калена. Па факце збіцця Сяргей Рымша звяртаўся ў Следчы камітэт, аднак яму адмовілі ў распачынанні крымінальнай справы.

Падчас допыту сведкаў ніхто з іх дакладна не мог пацвердзіць, што кавалак бетону кінуў у бус менавіта Рымша. Пры канфіскацыі рэчаў гарадзенца сведкамі былі два пацярпелыя сілавікі, а гэта асобы, зацікаўленыя ў хадзе справы, таму яны не могуць выступаць у такой ролі.

Ніхто з пацярпелых сілавікоў не рабіў пазоваў пра матэрыяльную або маральную шкоду.

«Калі мяне зноў пасадзяць у карцар – я не ведаю, ці вытрымаю чарговую галадоўку»

Саша Праўдзіна belsat.eu

Hавiны