Тры сяржанты і цела Рэспублікі Беларусь

Нам сказалі, што справа пра смерць салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча нарэшце паступіць у суд. Што ва ўсім разабраліся.

Ёсць тры вінаватых сяржанты, якія сваймі дзеяннямі – вымаганнямі хабараў і перавышэннем паўнамоцтваў – ненаўмысна давялі падначаленага да самагубства. Не, праўда, – так і будзе, імаверна, сказана ў прысудзе: ненаўмысна. А хто скажа, што яны мелі намер давесці салдата да самагубства? Гэтага нават я не скажу. Яны проста былі ўпэўненыя ў поўнай беспакаранасці.

У рэшце рэшт, яшчэ зусім нядаўна яны былі ў той жа ролі, і ў іх таксама вымагалі хабару, і ў адносінах да іх таксама перавышалі паўнамоцтвы – дык што? Жывыя ж! Не скончылі самагубствам!

Суд пройдзе на фоне ціхай адстаўкі генерала Аляксандра Гуры, які зусім нядаўна быў галоўным выхавальнікам ды ідэолагам беларускага войска. Споўнілася шэсцьдзесят – і Аляксандра Мікалаевіча адправілі на пенсію. А што? Ён хіба вінаваты ў самагубстве Коржыча? Вунь жа ж, у рэшце рэшт, тры сяржанты, у дачыненні якіх выкарыстоўвалі такія ж метады выхавання, сядзяць цяпер (будуць сядзець з наступнага тыдня) на лаве падсудных, жывёханькія, здаравёханькія. І такіх жывых і здаровых сяржантаў у войску – як дроваў у лесе! Дык за што адказваць генералу Гуру? Скончыла жыццё самагубствам адна шасцісотая адсотка асабістага складу ўзброеных сілаў Беларусі. Ды за такі эфектыўную выхаваўчую працу ордэн трэба перад адстаўкай даць і пуцёўку ў Гагры – паправіць здароўе!

Суд пройдзе на фоне заяваў галоўнакамандуючага пра тое, што незалежнасць беларускай дзяржавы пад пагрозаю. Што вось увесь гэты час пасля 1991 году будавалі незалежную дзяржаву, будавалі, а яно пад пагрозаю. А што? Хто скажа, што яно не пад пагрозаю? Хто рызыкне абвергнуць словы галоўнакамандуючага і спытаць яго:

– Дык у чым жа справа, тата? За дваццаць чатыры гады, укладваючы ўсе сродкі беларускага бюджэту то ў харчовую бяспеку, то ў бяспеку ўнутраную, рэгулярна падвышаючы бюджэты спецслужбаў і «аптымізуючы» дзеля гэтага выдаткі на рэшту бюджэтнага сектару – за што змагаліся, калі не за бяспеку? І вось – пад пагрозаю? А хто вінаваты?

Сяржанты вінаватыя. Ну, не тыя самыя, што праходзяць па справе Коржыча, – іншыя сяржанты. Людзі без асаблівых паўнамоцтваў, без права кіраваць дзяржавай і забяспечваць непахіснасць дзяржаўнага суверэнітэту – але ніяк не галоўнакамандуючы. О! Генерал-маёр Гура вінаваты! А што? Адна паўсотная адсотка афіцэрскага складу беларускай арміі. Ну яшчэ дваіх знайсці – вось яны і выканаюць нам песню пра трох сяржантаў, трох вясёлых сябраў, экіпаж баявой ідэалагічнай машыны, якія сваймі дзеяннямі – ненаўмысна, падкрэсліваю! – паставілі пад пагрозу беларускі суверэнітэт і дзяржаўнасць.

Цела Рэспублікі Беларусь як цела сяржанта Коржыча патрабуе адказу: хто вінаваты і што цяпер рабіць? Галоўнакамандуючы сцвярджае: трэба ўмацоўваць беларускую эканоміку! Не ўмацуем – усё абваліцца! Так?! Дык дваццаць чатыры гады толькі і робім, што ўмацоўваем. Дваццаць чатыры гады! І з карупцыяй змагаемся столькі ж. І не спішаш жа і эканамічныя страты, і карупцыю на апазіцыю. Дзе яна, гэтая апазіцыя? Не ведаем. Не бачылі.

Бог з ім, з галоўнакамандуючым. На лаву падсудных сядуць ня генералы нават, а сяржанты, каб адказаць на пастаўленае пытанне. Пракурор выступіць з прамовай – асцярожна, каб не сказаць, што вінаватая, маўляў, непразрыстая, непадкантрольная грамадству, а таму і неэфектыўная і бязлітасная сістэма, у якой тыя тры сяржанты – усяго толькі шрубкі, не болей. Падсудным дадуць тэрмін, прадугледжаны дзейным заканадаўствам за ненаўмыснае давядзенне да самагубства.

І ўсё гэта пройдзе адразу ж пасля параду, які дэманструе: і армія наша моцная, і суверэнітэту беларускай дзяржавы нішто не пагражае?

Пагражае? Гэта значыць, вы паверылі нашаму галоўнакамандуючаму? Смешныя вы людзі, ну насамрэч…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў