Тры серыялы, якія прыйдуць на замену «Гульні тронаў»


Сцэна з «Гульні тронаў».
Фота: HBO

Фінал брытанскага фэнтэзійнага серыялу «Гульня тронаў» пакінуў неадназначныя ўражанні ў гледачоў. Тым не менш, ніхто не будзе спрачацца, што ён стаў прарывам у сваім жанры як у драматургіі, гэтак і рэжысуры ды спецэфектах, падняўшы вельмі высока планку для наступнікаў. Безумоўна, шмат каму будзе бракаваць персанажаў, якія ўжо паспелі зрабіцца амаль роднымі.

І каб гледачам не было так сумна, мы сабралі тры серыялы, якія могуць паспрабаваць стаць заменай «Гульні тронаў».

Вядзьмак

Гэнры Кэвіл у ролі Геральта.
Фота: netflix

Ужо ў гэтым снежні, паводле чутак 20 снежня 2019 года, на экраны мусіць выйсці серыял «Вядзьмак», зняты амерыканскім медыясерверам «Netflix» паводле культавай серыі кніг польскага пісьменніка Анджэя Сапкоўскага. Здымкі першага сезону, якія праходзілі ў Вугоршчыне, Польшчы ды на Канарскіх выспах, ужо скончаныя, і зараз ідзе падрыхтоўка фінальнага прадукту.

Hавiны
Серыял «Гульня тронаў» скончыўся, фанаты – абураныя
2019.05.21 15:17

Галоўную ролю ў фільме паляўнічага на пачвараў Геральта выканае супэрмэн Гэнры Кэвіл, а адным з рэжысёраў стаў Алік Сахараў, які раней здымаў «Картачны домік» і ўсе тую ж «Гульню тронаў».

Дзеля справядлівасці адзначым, што не ўсе фанаты кнігаў Анджэя Сапкоўскага адобрылі падборку актораў. Хто быў правы – даведаемся ўжо неўзабаве.

Талкініяда вяртаецца

Міжзем’е будучага серыялу.
Фота: Amazon

Недзе каля 2021 года на экраны мусіць вярнуцца і свет брытанскага пісьменніка-фантаста Джона Роналда Толкіна, фільмы па творах якога – «Уладар пярсцёнкаў» і «Хобіт» – сёння ёсць класікай фэнтэзі.

Здымаць серыял будзе кампанія «Amazon», якая выдаткавала $ 250 млн за правы на экранізацыю. Чакаецца, што цалкам выдаткі на шоу перавысяць $ 1 млрд.

Падзеі серыялу будуць папярэднічаць таму, што было паказана ў «Хобіце». Магчыма, у ім будзе распавядацца пра прыход да ўлады і падзенне Саўрана – галоўнага антыгероя мінулых экранізацыяў.

Што датычыць актораў і здымачнай каманды, тут канкрэтыкі пакуль няма.

Ўэстэрас застаецца

Не збіраецца адмаўляцца ад экранізацыі творчасці Джороджа Мартына і тэлеканал «HBO». Ужо прыкладна ў 2020 годзе можа пабачыць свет прыквэл «Гульні тронаў» з працоўнай назвай «Доўгая ноч». Праўда, нікога са знаёмых персанажаў там мы не пабачым: падзеі серыялу будуць адбывацца за 5-10 тыс. гадоў да Джона і Дэні. І нават знаёмыя лакацыі будуць далёка не тымі.

Hавiны
Рэванш рыцарства. Як Рэч Паспалітая перамагла ў Ўэстэрас бальшавікоў
2019.05.21 16:13

Паводле інфармацыі «HBO», у новым серыяле пакажуць жудасныя таямніцы гісторыі Ўэстэрасу і сапраўднае паходжанне белых хадуноў.

«Гэта не тая гісторыя, якія мы думаем, што ведаем», – кажуць стваральнікі.

Сярод галоўных герояў – продак Старкаў Бран Будаўнік, які і збудаваў Сцяну, продак Лэністэраў Лан Разумны ды легендарны Азор Агай, які першым здолеў перамагчы паўночных зомбі.

Адну з галоўных роляў згуляе Наёўмі Ўотс.
Фота: MediaPunch/BACKGRID/Forum

Адну з галоўных роляў у фільме згуляе намінантка на прэмію «Оскар» Наёўмі Ўотс. Кіраваць здымачным працэсам будзе Джэйн Голдмэн, вядомая працай над фільмамі «Людзі Х», «Kingsman» ды іншыя.

Тэлеканал «HBO» абяцаў пачаць здымкі ўжо гэтым летам.

Так што, аматарам фэнтэзі рана сумаваць з прычыны заканчэння «Гульні тронаў», а лепш пачаць рыхтавацца да новых таямніц таямнічага свету.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў