Тры праблемы Беларусі абмеркавалі ў Еўрапарламенце

Пра Брытанію, Лівію, Іран, Расею, пра змену клімату і ўцекачоў… Беларусь ужо даўно не стаяла на парадку дня ў Еўрапейскім парламенце. Пытанняў назбіралася, і галоўныя – усё ж прабіліся на еўрапейскую трыбуну: гэта бяспека БелАЭС, стан прававога грамадства ў краіне і будучыня беларуска-расейскай інтэграцыі. Што прывезлі ў Брусель беларусы – у нашым наступным сюжэце.

Курс на пашырэнне супрацы з Беларуссю Аб’яднаная Еўропа абазначыла ў 2015 годзе. Уладзімір Пуцін напярэдадні анексаваў Крым.

Еўропа з’ядналася дзеля абароны найвялікшай каштоўнасці: незалежнасці краін – суседак Расеі. Санкцыі, уведзеныя супраць беларускай дзяржавы за непавагу да правоў чалавека ўнутры краіны, адышлі на другі план, іх замянілі партнёрскія праграмы – у бізнесе, экалогіі, адукацыі. Незалежнасць усё ж трапіла пад пагрозу.

Пагроза незалежнасці за апошні год акрэслілася гэтак востра, як не гучала з сярэдзіны 1990-х. Пра гэта еўрапейскія палітыкі ведаюць, але беларускія – ведаюць лепш, бо гэта яны выходзяць на вуліцу з плакатамі ў абарону суверэнітэту ад Расеі.

Няма нафты – няма інтэграцыі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ і ХІІІ скліканняў, апазіцыйны палітык, дырэктар цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька зазначыў у Бруселі, што цяпер – неблагі момант дзеля дыялогу з Лукашэнкам:

«Беларуска-расейскія стасункі перажываюць крызіс, які праяўляецца ў «войнах». Ёсць крамлёўская стратэгія, скіраваная на тое, каб пакетам падпісаць 31 дарожную мапу, каб наступным крокам сталася ўдасканаленне каля 700 прававых дакументаў, і гэта будзе азначаць пераход Беларусі на прававую базу Расейскай Федэрацыі».

Добрая навіна, на думку палітыка, што Лукашэнка заняў лінію абароны, якую пагражае перайсці, калі ціск Пуціна ўзмацніцца. Па-першае – можа перакрыць транзіт нафты праз Беларусь. Па-другое, можа не падоўжыць тэрміну арэнды дзвюх вайсковых базаў. Па-трэцяе – выйсці са створанага прэзідэнтам Расеі ЕАЭС.

Працягвае Анатоль Лябедзька, цэнтр «Еўрапейскі дыялог»:

«Ну і чацвёртае – гэта тармажэнне запуску БелАЭС».

Еўропа гатовая пастаўляць нафту ў Беларусь і… не зацікаўленая ў запуску атамнай электрастанцыі, збудаванай паводле расейскай тэхналогіі, якая мае працаваць на расейскім ядравым паліве.

Найбольшы праціўнік – Літва, што і не дзіўна: рэактары – пад літоўскай мяжой. Як Вільня ні змагалася супраць будаўніцтва БелАЭС, станцыя амаль гатовая да запуску.

Нуль кілават у Літву. Усё, каб БелАЭС не пачала працаваць

Каментуе міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус:

«Па-першае, гэтай станцыі не павінна быць. Але калі гэтая праца амаль завяршаецца, то заклікаем максімальна выконваць рэкамендацыі, не нашыя нацыянальныя, а ад міжнародных арганізацыяў, Эспаа-камітэту, і па выніках стрэс-тэстаў, якія праводзіліся. Беларусі трэба стварыць план дзеянняў і выконваць яго».

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі раней быў амбасадарам Літвы ў Беларусі. Напярэдадні ён адзначаў, што літоўскія палітыкі нават троху перабольшваюць з тонам, уздымаючы праблему расейскага атаму з Беларусі, што можа нашкодзіць інвестыцыйнаму клімату краіны.

Міністр замежных справаў Літвы пра БелАЭС і дачыненні Беларусі з НАТО

Лукашэнка, на фоне спрэчак з Пуціным, таксама згадвае пра неабходнасць шукаць інвестараў і новыя рынкі збыту. Дзеля гэтага трэба паляпшаць імідж краіны і пачынаць – з палітычнага складніку, адзначыў у Бруселі яшчэ адзін беларускі дэлегат.

Сёлета чарговыя – прэзідэнцкія выбары, а леташнія парламенцкія (і ўсе апрача першых выбараў прэзідэнта незалежнай Беларусі) заходні свет не прызнаваў празрыстымі і справядлівымі.

Гаворыць Алесь Сілкоў, кампанія назірання «Права выбару»:

«Еўразвяз можа дапамагчы, калі ён больш прынцыпова будзе ставіць пытанне незалежнасці і выбараў. На сустрэчах трэба казаць не пра практычныя, эканамічныя тэмы, а пра больш прынцыповыя – незалежнасць і адкрытыя чэсныя выбары».

Кола замыкаецца на пытаннях выбараў, якія еўрапейская супольнасць гучна ўздымала да падзеяў у Крыме і на Данбасе. І на якія прызаплюшчыла вочы ў недалёкім 2014 годзе. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі нагадалі, што гэтыя праблемы нікуды не падзеліся. Спадзяюцца – на практычны адказ.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 24.01.2020

Іншыя тэмы выдання:

Глядзі таксама

Hавiны