Тры гады за абразу суддзі. У Магілёве агучылі вырак палітычнаму актывісту Валадару Цурпанаву

24 снежня суд Магілёўскага раёну скончыў разгляд крымінальнае справы грамадскага актывіста Валадара Цурпанава. Яго вінавацяць у абразе суддзі пры выкананні правасуддзя. Суддзя Аляксандр Халадцоў прызнаў актывіста вінаватым і пакараў яго 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Менавіта такое пакаранне і прасіла дзяржаўная абвінаваўца, старэйшая памочніца пракурора Магілёўскага раёну Вікторыя Чаркас. На ейную думку, Валадар Цурпанаў 9 верасня і 14 кастрычніка наўмысна і ў грубай форме абразіў дзвюх суддзяў пры выкананні імі правасуддзя. «З боку асобы, якая выступае за правы чалавека, такія паводзіны недапушчальныя», – заявіла Вікторыя Чаркас у судзе.

Валадр Цурпанаў спрабуе патрапіць на разгляд сваёй справы. Фота: Белсат

«Усе, хто браў удзел у працэсе, – і міліцыя, і суддзі, і прадстаўнік пракуратуры – саўдзельнікі злачынства. Халадцоў дакладна ўпісаў сябе ў санкцыйны спіс ЕЗ. Я не чакаў такога жорсткага прысуду. Лічба ў 3 разы перавышае мае чаканні. Я думаю, што гэта помста мне асабіста за тое, што ў жніўні я прэзентаваў інтарэсы пратэставага грамадства на прыёме ў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Леаніда Зайца. Больш абсурднага працэсу я не прыгадаю», – пракаментаваў свой прысуд Валадар Цурпанаў.

На актывіста двойчы выклікалі міліцыю, каб выгнаць з суда. У Магілёве працягваецца працэс за абразу суддзі

Інцыдэнты, якія сталіся падставаю для крымінальнага пераследу, адбыліся, калі Валадар Цурпанаў заставаўся ў ІЧУ за ўдзел у акцыях пратэсту. На судах, што праходзілі праз скайп, актывіст прамаўляў фразу «Валі адсюль, падсцілка хунтаўская». Пацярпелымі прызнаныя суддзі Вікторыя Палякова і Вольга Краўчанка, якія судзілі Цурпанава паводле артыкулу 23.34 КаАП за ўдзел у мітынгах.

Валадар Цурпанаў каменціруе свой прысуд. Фота: Белсат

Разгляд крымінальнае справы заняў усяго 2 дні. Валадара Цурпанава выдалілі з судовага паседжання з самага пачатку праз парушэнне парадку на этапе ўсталявання асобы. Сваёй віны ён не прызнае, падчас следства ад тлумачэнняў адмовіўся. Каб усё ж такі выступіць на судзе, Валадар некалькі разоў спрабаваў вярнуцца ў паседжанне пасля перапынкаў, але штораз на актывіста выклікалі міліцыю.

Лінгвістычная экспертыза паказала, што выраз «падсцілка хунтаўская» можа быць абразлівым, калі не адпавядае рэчаіснасці. Гэтага было дастаткова, каб суддзя Халадцоў прызнаў Валадара Цурпанава вінаватым. Вырак не набыў законнае моцы. Мера стрымання для Валадара пакуль застаецца ранейшаю – падпіска аб нявыездзе.

Банер у падтрымку незалежных журналістаў

Вольга Васільева belsat.eu

Hавiны