Тры долары на аздараўленне: як жыве ліквідатар аварыі на ЧАЭС ва Украіне


У апошнія гады ва Украіне тэма чарнобыльскай трагедыі гучыць не так выразна, як у першыя дэкады пасля катастрофы. Тады ліквідатары прынялі на сябе першы ўдар атама, што выйшаў з-пад кантролю. Аднак да гэтага часу многія з іх героямі сябе не лічаць ды кажуць, што проста выконвалі абавязак перад Радзімай. Ці памятае дзяржава іх подзвіг і як гэта – насіць статус ліквідатара? Да гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС «Белсат» падрыхтаваў серыю матэрыялаў пра лёсы ліквідатараў – з сённяшніх Беларусі, Украіны і Расеі.

Наш першы герой – Сяргей Рабаў з украінскай Валнавахі.

За спінай Сяргея Рабава накрыты саркафагам 4-ы энергаблок. Фота з сямейнага архіва героя

Канчатковы пункт прызначэння – Чарнобыльская АЭС

Даўно ведаю ў твар гэтага сівога мужчыну: мы прыхаджане адной праваслаўнай царквы. Але тое, што Сяргей Рабаў – ліквідатар наступстваў аварыі на ЧАЭС, даведалася выпадкова, шукаючы героя для матэрыялу. Ён добрасумленна наведвае ўсе службы, дапамагае пры храме. Дома даглядае хворую маці. А пра Чарнобыль – штодня нагадваюць хваробы і сацыяльная несправядлівасць.

У 1987-м Сяргею Рабаву было 24, ён жыў і працаваў кіроўцам у горадзе Валнаваха, раённым цэнтры на Данеччыне. Выклік у ваенкамат атрымаў вясной. З’явіўся, як мае быць. Прайшоў камісію. А 22 красавіка разам з таварышамі, якіх таксама выклікалі праз ваенкамат, яго адправілі спачатку ў Марыупаль. Толькі на пероне перад цягніком маладыя людзі даведаліся пра канчатковы пункт прызначэння: Чарнобыльская АЭС.

– Да Марыупалю мы не ведалі дакладна, што нас чакае. Атрымалі загад, Бацькаўшчына паклікала – селі і паехалі. Так нас выхавалі. Але спачатку было дзве версіі: ЧАЭС або Малдова, дзе адбыўся моцны землятрус. Аказалася, што першае, – успамінае спадар Сяргей.

Прыпяць. Калегі С. Рабава. Сяргей Ягоравіч – аўтар здымка. Фота з сямейнага архіва героя

Цягнік прывёз іх у горад Белая Царква. Там хлопцаў перасадзілі на машыны і – у 7-ую зону, пераапранацца ў ваенную форму. А далей – сяло Аране, менш, чым у 30 кіламетрах ад Чарнобыля, і 25-я брыгада.

Кожны дзень «бруднымі», то бок заразнымі машынамі іх везлі працаваць на станцыю.

– Што рабілі? Дзяўблі адбойнымі малаткамі бетон паміж 3-ім і 4-ым энергаблокамі, якім адразу пасля аварыі залівалі станцыю з авіяцыі. Трэці энергаблок збіраліся запускаць, а паміж ім і чацвёртым была агульная труба, яе трэба было ачысціць ад бетону. Таксама мы займаліся дэзактывацыяй, то бок ліквідацыяй радыеактыўных рэчываў з паверхні розных збудаванняў на станцыі, – распавядае Сяргей Рабаў.

Так 10 дзён. А пасля спадара Сяргея пераводзяць у штаб аператыўнай групы грамадзянскай абароны СССР у Чарнобыль, у выведкавы аддзел на пасаду дазіметрыста. У аддзеле іх было чацвёра: два дні ў штабе, два – на выездзе. Здымалі па ўсёй зоне і вакол радыяцыйную абстаноўку, кожны дзень перадавалі зводкі і дадзеныя камандаванню ў Маскву.

Прысмак іржавых цвікоў

– Першае адчуванне ўплыву радыяцыі – жалезны прысмак у роце, прысмак іржавых цвікоў, – дагэтуль ўзгадвае ліквідатар

Браняваная разведвальнадазорная машына ў 25-ай брыгадзе. Такая тэхніка ўжывалася ў першы год ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. С. Рабаў на здымку – крайні справа. Фота з сямейнага архіва героя

Затым яго зноў вярнулі ў брыгаду, зноў дэзактывацыя, розныя будаўнічыя працы: перакрыцце дахаў, тынкоўка, дапамога цывільным рабочым. З роднымі, якія чакалі-перажывалі дома, размаўлялі па тэлефоне – была такая магчымасць – і пісалі лісты.

– Ніякай рамантыкі я вам не распавяду… Працавалі, добрасумленна выконвалі пастаўленыя задачы, таму што гэта быў наш абавязак перад краінай і людзьмі. З мясцовымі не размаўлялі, але ведаю, што ўжо тады людзі вярталіся ў 30-кіламетровую зону, у закінутае жыллё. Асабліва людзі старэйшага ўзросту. Дозу, свае 10 рэнтген, я набраў праз два месяцы. Такой была наша норма, а ў 86-ым яна складала 25 рэнтген. Навукоўцы, з якімі кантактаваў на станцыі, раілі па вяртанні лазню, піва і наагул шмат вадкасці, каб «вымываць» радыяцыю з потам, – дзеліцца ўспамінамі Сяргей Рабаў.

Два месяцы, 30 выездаў на станцыю. Астатні час – у Чарнобылі, на тэрыторыі брыгады. Кожны выезд атрыманая доза апрамянення фіксавалася, а вось на тэрыторыі часткі за межамі 30-кіламетровай зоны – не…

Стэла ля ўезду на станцыю. З кіроўцам і напарнікам. Сяргей Рабаў – у цэнтры. Фота з сямейнага архіва героя

Дамоў з Белай Царквы дабіраліся ўжо сваймі сіламі – дзяржава палічыла, што дарогу назад можна не забяспечваць.

Да вайны на Данбасе ліквідатарам жылося лягчэй

Наступствы знаходжання ў зоне паражэння далі пра сябе ведаць у 90-я. Спадар Сяргей тады працаваў кіроўцам грузавікоў. Пачаліся галаўныя болі, дэзарыентацыя за рулём. Звярнуўся ў больніцу – гемаглабін зашкальваў. На месца шафёра больш не сеў. Сёння ў яго – група інваліднасці, некалькі «радыяцыйных» дыягназаў і статус удзельніка ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС 1-ай катэгорыі, які прыраўнялі да інвалідаў вайны. Рэгулярна лечыцца ў стацыянары.

Дарэчы, і цяпер працягвае бясплатна абслугоўвацца ў больніцы прафзахворванняў у акупаваным Данецку: на гэта падзеі апошніх гадоў не паўплывалі.

Забруджаныя радыяцыяй аўты не выязджалі за межы зоны. Такія аўтамабілі развозілі афіцэраў і цывільных рабочых непасрэдна па станцыі. Фота героя матэр’ялу

Як ліквідатар Сяргей карыстаецца камунальнымі ільготамі, яму кампенсуюць 100% кошту паслуг (гэта тычыцца толькі 1-ай катэгорыі, а чарнобыльцам, якіх не прыраўнялі да інвалідаў вайны, пакрываецца толькі палова). А вось ільготамі на бясплатны адпачынак скарыстаўся толькі двойчы: у 2010-ым з’ездзіў у Трускавец, у 14-ым паспеў у Крым.

– Думаў, буду ездзіць па чарзе на паўвостраў і ў Карпаты. Але на тых паездках усё і скончылася: па-першае, пачалася вайна, па-другое, так склаліся сямейныя абставіны, цяжка захварэла маці. Аднойчы, праўда, скарыстаўся бясплатным праездам у цягніку: нядаўна зʼездзіў да дачкі ў Харкаў, – дзеліцца Сяргей Рабаў. – Затое цяпер я атрымліваю смешную кампенсацыю 120 грыўняў (каля $ 4,5 – Заўв. Belsat.eu), у той час, як пуцёўка каштуе 6-7 тысяч (каля $ 225-260 – Заўв. Belsat.eu), і яшчэ нейкія 90 грыўняў (каля $ 3,5 – Заўв. belsat.eu) – мабыць, на аздараўленне. Каб атрымаць гэта вартае жалю пакрыццё, трэба яшчэ адпаведную камісію прайсці.

Пенсія ў спадара Сяргея – 6,5 тысяч грыўняў (каля $ 240).

З вайскоўцамі 25-ай брыгады, сяло Аране. Сяргей Рабаў – у верхнім радзе ў цэнтры. Фота з сямейнага архіва героя

Увогуле да вайны на Данбасе, кажа спадар Сяргей, чарнобыльцам жылося лягчэй, была магчымасць адстойваць свае правы. Раней яны ездзілі ў сталіцу, каб данесці свае патрабаванні ўладам. У 2011-ым галадалі каля Пенсійнага фонду Украіны, патрабуючы, каб пенсіі ліквідатарам і пацярпелым з прычыны аварыі на ЧАЭС выплочваліся ў адпаведнасці з іх «чарнобыльскім» Законам.

– У 2007-м чарнобыльцы па ўсёй Украіне судзіліся, каб атрымліваць пенсіі паводле нашага Закону. У 2011-2012 мы зноў праходзілі суды, каб вярнуць «чарнобыльскія» пенсіі, якія адмяніў Віктар Януковіч. Хто прайшоў, той атрымлівае іх сёння па «чарнобыльскім» заробку, хто па розных прычынах не – мінімалку, капейкі. Гэта значыць, не зразумела, па якіх правілах нас падзялілі, і несправядлівасць гэтая дагэтуль не выпраўлена, – кажа Сяргей Рабаў.

Не піярцеся на нас!

Кампенсацыі, льготы і дапамогі чарнобыльцам прадугледжаны Законам Украіны «Аб статусе і сацыяльнай абароне грамадзянаў, якія пацярпелі з прычыны чарнобыльскай катастрофы і іншымі нарматыўнымі актамі.

Пацярпелым 1-ай і 2-ой катэгорый павінен кампенсавацца штомесячны кошт харчавання па медычных нормах; чарнобыльцам, згодна з катэгорыяй і групай інваліднасці, дзецям, якія страцілі бацькоў з-за аварыі, эвакуяваным – аказвацца штогадовая дапамога на аздараўленне. Згодна з Законам, выплочваецца аднаразовая кампенсацыя за шкоду, прычыненую здароўю; дзецям, якія сталі інвалідамі з прычыны ЧАЭС; за страту хлебадаўца-ліквідатара. Адзін раз на год 1 і 2 катэгорыям кампенсуецца кошт праезду міжгароднім транспартам па Украіне ў абодва кірункі, а ў выпадку адмовы – выдаецца грашовая кампенсацыя, як і ў выпадку невыкарыстання аздараўленчай пуцёўкі.

Сяргей Рабаў: «Мы не героі. Мы проста добрасумленна выконвалі свой абавязак перад краінай і людзьмі». Фота прапанаванае героем матэр’ялу

Спецыялісты службаў сацыяльнай абароны ў Валнавасе, дзе жыве Сяргей Рабаў, і ў Кіеўскай вобласці, да якіх мы звярнуліся па каментар, запэўнілі, што ўсе льготы, прапісаныя ў Законе, актах і пастановах, усім ліквідатарам наступстваў катастрофы на ЧАЭС дзяржавай наадюцца. Таксама «чарнобыльцы» карыстаюцца ільготамі на камунальныя паслугі, атрымліваюць грашовую кампенсацыю за цвёрдае паліва, маюць права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце, электрычках.

На справе ж усё не так радасна. Напрыклад, у тых жа прыватных маршрутках кіроўцы, па дамоўленасці з уладамі, гарантуюць бясплатны праезд «чарнобыльцам». Але больш за аднаго ільготніка не бяруць. Таму, калі не пашанцавала і ты не першы – будзь добры, плаці.

– Ведаеце, зараз мы баімся толькі аднаго: каб не забралі ў нас таго, што маем, як гэта ўжо не раз бывала. Пра тое, каб страйкаваць або абараняць нейкія правы, размова сёння наагул не ідзе, – кажа наш герой. – А да дзяржавы і ўлады ў нас прэтэнзія толькі адна, хоць, дакладней, не прэтэнзія, а просьба: узяліся, напісалі Закон – выконвайце! Не піярцесь на нас, як вы гэта любіце рабіць, а проста дайце нам рэальную магчымасць карыстацца нашым заканадаўствам! – звяртаецца да ўлады і чыноўнікам спадар Сяргей.

Алена Мержэеўская/МВ, belsat.eu

Стужка навінаў