Тры альтэрнатыўныя даты для святкавання Дня Незалежнасці


Памкненне да незалежнасці можна смела назваць адным з галоўных складнікаў беларускай нацыянальнай ідэі.

Упершыню пра сваё права на самастойны шлях беларусы заявілі яшчэ сто гадоў таму, абвесціўшы 25 сакавіка 1918 года Беларускую Народную Рэспубліку. Незалежная ж Беларусь на сучаснай палітычнай мапе свету з’явілася з развалам Савецкага Саюзу. 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР. А таму і Дзён Незалежнасці ў нас можа быць нават некалькі.

«Лагічна ў нас павінны быць два дзяржаўныя святы, чырвоныя дні календара, звязаныя з нашай незалежнасцю. 25 сакавіка – гэта ўжо традыцыя дзесяцігоддзямі, Дзень Волі, дэкларацыя незалежнай дзяржавы ў найноўшы час. І трэба вярнуцца да даты, каторая была, – 27 ліпеня. Не трэба там ужо спрачацца: яна была і некалькі гадоў ужо святкавалася. Трэба вярнуцца: гэта ўжо здабыццё рэальнай незалежнасці ў самы найноўшы час!», – кажа прафесар гісторыі Алесь Краўцэвіч.

І пагатоў ёсць дата і для трэцяга Дня Незалежнасці.

«Калі мы гаворым пра Рэспубліку Беларусь, безумоўна, гэткі важны дзень, калі была абвешчаная незалежнасць дэ-юрэ – 25 жніўня 1991 года. Вось з гэтага моманту Рэспубліка Беларусь зрабілася дэ-юрэ незалежнаю краінаю», – кажа Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1990–1996-м

Між тым ужо ў 1996-м – праз два гады пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі – афіцыйна Днём Незалежнасці стала 3-га ліпеня – Дзень вызвалення Менску савецкімі войскамі ад нацысцкіх захопнікаў. І гісторыкі, і адраджэнцы пачатку 1990-х адзінагалосна цвердзяць: дата – абсалютна штучная.

«Па-першае, гэта тое, што адзін таталітарызм замяніў другі. Па-другое, Менск быў толькі вызвалены савецкімі войскамі, але не ўся Беларусь. Па-трэцяе, у часе гэтага «вызвалення» Менск быў больш разбураны, чым у час захопу немцамі. І самае галоўнае – тое, што ў гэты дзень нас ані ад чаго не вызвалілі!», – працягвае Алесь Краўцэвіч.

«Тады Лукашэнка збіраўся пайсці ў Крэмль, у яго сапраўды былі рэальныя шанцы быць пераемнікам Ельцына і прынесці на сподачку Крамлю Беларусь. Далучыць Беларусь да Расеі – і зрабіцца прэзідэнтам. Дзеля гэтага трэба было вынішчыць усё, што хоць нейкім чынам звязвала беларускае грамадства з гісторыяй. Таму і абралі гэты дзень – 3 ліпеня, дзень вызвалення. Дзень вызвалення – кім?», – пытае Сяргей Навумчык.

«Я не ўяўляю, што, напрыклад, у Чэхіі, Польшчы ці нейкай іншай краіне дзень, калі акупанты выйшлі са сталіцы – гэта быў бы Дзень Незалежнасці. Прычым тады быў Савецкі Саюз, і аніякага дачынення да Беларусі гэта не мела», – дадае палітык Сяргей Антончык.

Між тым гэткая непаўнавартасная гістарычная падмена – або па-навуковаму «эрзац-гісторыя» – нясе ў сабе не толькі пустэчу, але і пагрозу. І гэта нават нягледзячы на тое, што фармальна дзяржаўныя інстытуцыі незалежнай дзяржавы: войска, межы, грошы, законы – у Беларусі сёння існуюць.

«Мы не перакананыя, што беларускае войска будзе выконваць загад па абароне Беларусі, а не пяройдзе пад Крэмль адразу за адзін дзень. Калі вы прыязджаеце, скажам, будучы грамадзянінам іншае краіны ў менскі аэрапорт, вам даюць запоўніць міграцыйную картку – і там напісана: «Саюзная дзяржава Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Такая, скажам, «напаўдзяржаўнасць», – заўважае Навумчык.

«Эрзац-ідэалогіі разбурае нацыю і, адпаведна, разбурае дзяржаўнасць. І гэта такія вось даты, як 7 лістапада, напрыклад, чырвоны дзень календара, ідэалогія, у якую ніхто не верыць, як 3 ліпеня – гэта тое, што бурыць не толькі нацыю, але і дзяржаву. Яна вядзе да ліквідацыі нашае дзяржавы», – заяўляе Краўцэвіч.

А таму ці варта дзівіцца, што Лукашэнка, які ўсцяж хваліцца тым, як, быўшы дэпутатам, адзіны галасаваў за захаванне СССР, цяпер – літаральна за паўтара тыдня да афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі і праз дзень пасля сустрэчы з Пуціным – загаварыў і пра магчымую ліквідацыю суверэнітэту?

«Мы на фронце. Не вытрымаем гэтыя гады, правалімся – значыць, трэба будзе або ў склад нейкай дзяржавы ісці, або аб нас будуць папросту выціраць ногі. Або – крый Божа! – яшчэ і развяжуць вайну, як ва Украіне!», – заявіў Лукашэнка 22 чэрвеня.

Зрэшты, як бы хто ні палохаў ды як бы цяжка ні было, надзея заўжды застаецца. Нашыя продкі абвяшчалі і адстойвалі незалежнасць у куды горшых варунках. Дык няўжо мы не адстаім нашую Беларусь?

«Канешне, непрыемна, калі ўлада не з’яўляецца нацыянальнай, яна больш дбае пра іншых. Але ўсё роўна мы маем свой дом. Пакуль што такі – з адчыненымі дзвярыма, павыбіванымі вокнамі, але гэта наш дом! І мы яго ўсё роўна разам з вамі пабудуем!», – упэўнены Сяргей Антончык.

Валера Руселік; фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum

Стужка навінаў