Тролі Крамля атакавалі ЗША і правялі разведку ў Беларусі




Расейскія гэтак званыя фабрыкі троляў пачалі працаваць не ўчора і нават не падчас канфлікту з Украінаю. Адмыслоўцы Оксфардскага ўніверсітэту прасачылі за актыўнасцю падазроных акаўнтаў у галоўных сацыяльных сетках і прыйшлі да высновы, што Крэмль упершыню пачаў усур’ёз працаваць з прапагандаю ў сеціве амаль дзесяць гадоў таму. Наймацнейшы ўдар па дэмакратычным свеце расейскія тролі меліся нанесці падчас выбарчай гонкі ў ЗША, дзе актыўна падтрымлівалі Доналда Трампа.

Сто дваццаць шэсць мільёнаў карыстальнікаў аднаго толькі «Фэйсбуку» ў ЗША бачылі публікацыі акаўнтаў, звязаных з гэтак званым агенцтвам інтэрнэт-даследаванняў, да апошніх прэзідэнцкіх выбараў. Або, як яго ўжо называюць на афіцыйным узроўні, – фабрыкаю троляў. Уплыў Крамля на электаральны працэс у ЗША шмат хто ў Вашынгтоне лічыць фактам, да якога ніхто не быў падрыхтаваны.

«Калі мы кажам аб прапагандыстах і Расеі, вядома, Расея ў параўнанні з іншымі краінамі выйшла не на некалькі крокаў, а на сотню ўзроўняў вышэй», – адзначае даследчыца прапаганды Вольга Харламава.

Twitter змагаецца з ілжывай інфармацыяй. За два месяцы выдалена больш за 70 мільёнаў фэйкавых і падазроных акаўнтаў

Як вынікае з ужо чарговага расследавання, расейскія боты і тролі публікавалі непраўдзівую інфармацыю аб працэсе волевыяўлення, скіраваную да афраамерыканскіх і лацінаамерыканскіх выбарнікаў, якія збольшага падтрымлівалі Гілары Клінтан. З іншага боку былі фэйкавыя навіны аб забароне ўжывання зброі, каб змабілізаваць кансерватыўных выбарнікаў, якія вагаліся ў тым, ці аддаць свой голас Трампу. Пытанне толькі ў тым, ці ведаў пра тое галоўны бенефіцыяр працы расейскіх троляў.

«Я ўвогуле ніколькі не хвалююся праз гэтае расейскае расследаванне. Бо гэта ўсё хлусня. І досыць – пакладзіце мікрафон!» – абураўся прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

А падаецца, хвалявацца ёсць праз што. Расследаванне адмысловага пракурора Робэрта Мюлера выставіла абвінавачанні ўжо супраць 32 асобаў. Сярод іх чацвёра ўжо былых памочнікаў Доналда Трампа. Беспасярэдне прэзідэнта следства пакуль не закранула. Але ці ўплывае на рэйтынгі?

«Рэйтынг Доналда Трампа паказвае, што ўплыў расейскага следу, а тым болей расследавання – не вельмі вялікі. Больш унутраныя рашэнні, звязаныя з ліквідацыяй беспрацоўя, пытанні міграцыі, яны аказваюць большы ўплыў на гэты рэйтынг, таму гэта больш палітычная гульня, сярод палітычных элітаў», – лічыць маскоўскі палітолаг Аляксандр Асафаў.

Уласна перамога дэмакратаў на лістападаўскіх прамежкавых выбарах у Кангрэс пацвярджае гэты тэзіс. Большасць паспяховых выбарчых кампаніяў не выкарыстоўвала гэтак званую расейскую карту ўвогуле, робячы націск на праблемы міграцыі і аховы здароўя. Іншая справа – у вонкавай палітыцы.

«Безумоўна, гэтае расследаванне і падобныя заявы аб сувязях Трампа з Расеяй істотна абмяжоўваюць далягляд ужывання ягонай волі як прэзідэнта. Ён вымушаны ўлічваць гэтыя рызыкі і вымушаны строга дзеяць у дачыненні Расеі», – кажа Аляксандр Асафаў.

Тўіты расейскай «фабрыкі троляў» убачыла 677 000 амерыканцаў

Амерыканскія медыі ды заканадаўцы абрынуліся з крытыкаю на айчынных медыягігантаў за тое, што тыя не былі ў стане цягам некалькіх гадоў даць годны адказ фабрыкам троляў. Тым часам ботаў выкарыстоўваюць не толькі ў Маскве.

«Злучаныя Штаты спрабуюць рэагаваць на тое, на што мы думалі рэагаваць немагчыма – працу ботафермаў. І дэманстрацыя гэтай рэакцыі – тое, што ў кандыдата на прэзідэнта нашай суседняй краіны – Юліі Уладзіміраўны – на «ЮТ’юбе» зніклі фэйкавыя падпісчыкі», – сцвярджае Вольга Харламава.

У Юліі Цімашэнкі зніклі амаль пяцьдзясят тысячаў падпісчыкаў. Дзясяткі тысячаў страцілі і іншыя ўкраінскія палітыкі. А што ў Беларусі? Тыдзень таму старшыня праўлення ОНТ Марат Маркаў прызнаў, што сярод першай дзясяткі самых папулярных у краіне сайтаў няма ніводнага дзяржаўнага. Сёння калі некаторыя расейскія палітыкі адкрыта заклікаюць правесці рэферэндум аб далучэнні Беларусі да Расеі, улады могуць супрацьпаставіць гэтаму толькі афіцыйныя заявы аб важнасці суверэнітэту.

«Расея сёння гатовая прыняць Беларусь вобласцямі або цалкам у свой склад? Вы падумайце пра наступствы? Ці вы гатовыя да гэтага? Як на гэта паглядзяць у нашай ці ў вашай краіне? Ды як на гэта паглядзіць гэтак званая міжнародная супольнасць? Не мыццём, дык катаннем інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны! Ну добра, можа, мы і да гэтага прыйдзем», – заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Ад інсульту да анексіі. Топ-5 «укідаў» пра Беларусь, якія распаўсюджваюць расейскія медыі

Не гучыць як надта пераканаўчая дэкларацыя аб суверэнітэце. Тым не менш, прынамсі цяпер няма наўпроставай атакі на беларускую грамадскую думку. Ідзе, хутчэй, своеасаблівая выведка боем.

«Мы бачым вынікі тых апытанняў, якія спрабавалі рабіць у сеціве. І пры ўсёй актыўнасці фэйкаў і ботаў большасць тых, хто бярэ ўдзел, выказалася супраць уваходу ў Расею. Зразумела, што гэта вельмі ўмоўны паказнік, але тым не менш», – мяркуе Вольга Харламава.

Цяжка падтрымаць нават такі пазітыўны настрой нашага эксперта. Большасць – гэта толькі 71 % з тых, хто галасаваў апошнімі тыднямі ўва ўсіх магчымых інтэрнэт-апытаннях. Не гатовыя да расейскай хвалі фэйкаў былі нават ЗША. То што казаць пра нашую краіну, дзе праз чатыры гады пасля анексіі Крыму ўлады ўсцяж здзіўляюцца заявам аб інкарпарацыі нашай краіны ў Расейскую Федэрацыю.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзі таксама
Каментары